Аб гэтым сёння заявіў старшыня Канстытуцыйнай камісіі, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, паведамляе [3] БелТА.
«Сёння завяршаецца этап работы Канстытуцыйнай камісіі. Мы планава правялі дзевяць пасяджэнняў і ўзгаднілі тэкст змяненняў, які сёння вам (членам Канстытуцыйнай камісіі. — Заўвага БелТА) раздадзены. Гэты варыянт будзе накіраваны заўтра кіраўніку дзяржавы ва ўстаноўленым парадку», — сказаў Пётр Міклашэвіч.
Паводле яго слоў, усе раздзелы Асноўнага закона, магчымыя змяненні разгледжаны на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі. «Прапануецца ў канчатковым выніку ўнесці змяненні ў 59 артыкулаў Канстытуцыі, уключыць у Канстытуцыю 16 новых артыкулаў, выключыць два», — адзначыў старшыня Канстытуцыйнай камісіі.
Пётр Міклашэвіч падкрэсліў, што Канстытуцыйная камісія завяршыла распрацоўку прапаноў па змяненні Асноўнага закона ў адпаведнасці з графікам і ва ўстаноўлены тэрмін. «Да 1 жніўня 2021 года ўсе сфармуляваныя прапановы камісіі будуць прадстаўлены Прэзідэнту. У далейшым адбудзецца пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі з удзелам кіраўніка дзяржавы, на якім будуць разгледжаны заўвагі канцэптуальнага характару, выкладзеныя некаторымі членамі Канстытуцыйнай камісіі. Канчатковы варыянт змянення Канстытуцыі будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне і ў наступным з папраўкамі пасля ўсенароднага абмеркавання праект змяненняў Канстытуцыі будзе вынесены на рэспубліканскі рэферэндум», — расказаў ён.
«Прапануецца ўключыць у раздзел „Пракуратура, камітэт дзяржаўнага кантролю“ главу аб упаўнаважаным па правах чалавека з вызначэннем яго канстытуцыйнага статусу, парадку назначэння і асноўных паўнамоцтваў. Такім чынам уводзіцца новы праваабарончы інстытут у мэтах дадатковай гарантыі абароны правоў і свабод чалавека для эфектыўнай сувязі паміж грамадзянамі і ўладай у праваабарончай сферы», — расказаў Пётр Міклашэвіч.
«У раздзеле „Прэзідэнт. Парламент. Урад“ прапанавана захаваць прэзідэнцкую форму праўлення. Для займання пасады прэзідэнта ўстанавіць больш высокі ўзроставы цэнз — 40 гадоў, цэнз аседласці — пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, цэнз грамадзянства — не мець грамадзянства замежнай дзяржавы», — сказаў Пётр Міклашэвіч.
На гэты момант Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які мае выбарчае права і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі.
«У раздзеле „Прэзідэнт. Парламент. Урад“ прапанавана ўдакладніць статус і функцыі Прэзідэнта, парламента і ўрада, пераразмеркаваўшы паўнамоцтвы названых органаў улады, зыходзячы з іх канстытуцыйных функцый. Вызначыць у поўным аб’ёме заканадаўчыя паўнамоцтвы парламента, пашырыць яго кантрольныя паўнамоцтвы і ўдзел у вырашэнні кадравых пытанняў. Павялічыць тэрмін паўнамоцтваў парламента з чатырох да пяці гадоў. Змяніць парадак правядзення сесій парламента — адна сесія з верасня па чэрвень на працягу года», — расказаў Пётр Міклашэвіч.
Прапануецца таксама пашырыць паўнамоцтвы ўрада і яго самастойнасць у прыняцці рашэнняў у сферы выканаўчай улады. «Замацаваць паўнамоцтвы ўрада ўносіць Прэзідэнту прапановы аб назначэнні і адкліканні дыпламатычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях. У мэтах павышэння самастойнасці ўрада выключыць права Прэзідэнта адмяняць акты ўрада», — адзначыў старшыня КК.
«Па раздзеле „Асоба. Грамадства. Дзяржава“ прапанавана замацаваць сучасныя прынцыпы сацыяльнай дзяржавы, дзе даброты адбудуцца праз працу і кожны ўносіць пасільны ўклад у ажыццяўленне задач дзяржавы і грамадства. Устанавіць, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны, захаваць традыцыйныя каштоўнасці сям’і і шлюбу», — сказаў Пётр Міклашэвіч.
Нагадаем, што сёння прайшло дзявятае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі. На пасяджэнні падведзены вынікі работы Канстытуцыйнай камісіі па распрацоўцы прапаноў па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://www.belta.by/politics/view/v-belarusi-planiruetsja-povysit-do-40-let-vozrastnoj-tsenz-dlja-izbranija-na-post-prezidenta-451410-2021/
[4] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyynaya-kamisiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-miklashevich
[7] https://zviazda.by/be/tags/pasedzhanne