Як вядома, самыя вялікія чэргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзяцца ў сталіцы нашай краіны. І вырашыць кватэрнае пытанне для ўсіх без выключэння гарадскіх чаргавікоў — праблема, уладзіць якую проста будаўніцтвам новага жылля, хутчэй за ўсё, не атрымаецца, але...
Цяпер рыхтуецца праект указа аб мерах па аказанні дзяржаўнай падтрымкі ў жыллёвым будаўніцтве. Прыняцце дакумента ў дадзены момант на стадыі завяршэння, паведаміў учора намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі — начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка.
«У нас ёсць два ўказы, якія рэгулююць пытанні дзяржаўнай падтрымкі ў жыллёвым будаўніцтве, — гэта ўказы № 13 і № 240. Плануюцца змяненні ў гэтыя ўказы, і цяпер адпаведны праект дакумента практычна зроблены. Напэўна, на гэтым тыдні міністр архітэктуры і будаўніцтва будзе з абмеркаваннем дадзенага дакумента ў Палаце прадстаўнікоў. Гэта значыць, праект указа практычна на стадыі завяршэння, і калі ён будзе канчаткова ўзгоднены, яго перададуць на падпісанне кіраўніку дзяржавы», — удакладніў Аляксандр Аўраменка.
Дык вось, па словах спікера, згаданы дакумент прадугледжвае магчымасць накіравання жыхароў Мінска, якія стаяць у чарзе тых, хто мае патрэбу, на будаўніцтва жылля ў іншыя, менш праблемныя гарады краіны. Больш за тое, будавацца ў іншых гарадах можна будзе з захаваннем чаргі (тэрміну пастаноўкі на ўлік), выдзяленнем субсідый і іншай дзяржпадтрымкай.
Раней намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Сівак падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі паведамляў, што праект указа аб мерах па аказанні дзяржаўнай падтрымкі прадугледжвае ўрэгуляванне праблемных пытанняў, выяўленых у працэсе практычнай рэалізацыі ўказаў, якія рэгламентуюць пытанні будаўніцтва або набыцця жылых памяшканняў з дзяржаўнай падтрымкай. Паводле яго слоў, праект указа прадугледжвае комплексную карэкціроўку ўказаў № 13 і № 240 і накіраваны на дадатковую абарону інтарэсаў шматдзетных сем'яў, а таксама інтарэсаў членаў сем'яў крэдытаатрымальнікаў.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-auramenka
[5] https://zviazda.by/be/tags/budoulya-kvater
[6] https://zviazda.by/be/tags/regiyony
[7] https://zviazda.by/be/tags/neruhomasc