Навукоўцы ўпершыню склалі поўную карту унутранай будовы Марса. Яны абапіраліся на дадзеныя зонда InSight, паведамляе [1] «МИР 24» са спасылкай на часопіс Science.
Апарат за час сваёй працы зафіксаваў 733 падземных штуршка. Аналіз 35 з іх дапамог скласці карціну кары, мантыі і ядра Чырвонай планеты.
«Гэта першы выпадак, калі сейсмічныя дадзеныя былі выкарыстаныя для даследавання нетраў іншай планеты, і важны крок на шляху да разумення эвалюцыі скалістых планет у Сонечнай сістэме», — адзначылі даследнікі.
Самы верхні пласт апынуўся нечакана сітаватым, а ніжняя кара — тонкай. Гэтыя ўласцівасці паказваюць на высокую долю радыеактыўных элементаў, пра што не было вядома раней. Мантыя складаецца з аднаго пласта пароды, а цвёрдая літасфера распасціраецца на 400-600 км. Для параўнання: літасфера Зямлі не перавышае 100 км. Як і кара, мантыя Марса, верагодна, таксама ўзбагачана радыеактыўнымі элементамі.
«Сейсмічныя дадзеныя пацвердзілі, што Марс, як мяркуецца, калісьці быў цалкам расплаўлены, перш чым падзяліцца на кару, мантыю і ядро, якія мы бачым сёння, але яны адрозніваюцца ад зямных», — адзначыў геафізік Амір Хан з Цюрыха.
Мантыя Марса, верагодна, мае толькі адзін пласт, у адрозненне ад двух слаёў мантыі Зямлі. Ядро нашмат больш, чым лічылася раней, з радыусам каля 1830 км. Гэта больш за палову радыусу планеты (3390 км).
Сейсмічныя дадзеныя таксама сведчаць аб тым, што ядро з’яўляецца вадкім і мае меншую шчыльнасць, чым паказвалі папярэднія разлікі. Верагодна,яно ўтрымлівае лёгкія элементы, такія як сера, кісларод, вуглярод і вадарод, у дадатак да жалеза і нікеля.
Спасылкі
[1] https://mir24.tv/news/16467797/zond-insight-pomog-sozdat-pervuyu-kartu-vnutrennego-stroeniya-marsa
[2] https://zviazda.by/be/tags/mars
[3] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/karta-unutranay-budovy-marsa