Плывец Мікіта Цмыг і лучніца Ганна Марусава будуць сцяганосцамі беларускай дэлегацыі на цырымоніі адкрыцця XXXII летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа, паведамляе [2] БелТА са спасылкай на прэс-службу Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Рашэнне аб тым, што на цырымоніі адкрыцця ў кожнай камандзе будуць несці сцяг мужчына і жанчына, прыняў выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта яшчэ ў сакавіку 2020 года, каб забяспечыць на алімпіядах гендарную роўнасць.
«Адказнасць адчуваецца перад адкрыццём Гульняў. Нам даверылі важную місію, мы першымі з беларускай каманды выйдзем на стадыён. Вядома, прыемна, ганарова і адказна», — сказаў Мікіта Цмыг. Ганна Марусава выказала пажаданне, каб беларускі сцяг у Токіа падымаўся над алімпійскімі аб’ектамі як мага часцей.
Мікіта Цмыг — майстар спорту міжнароднага класа, сярэбраны прызёр Еўрапейскіх гульняў 2015 года ў Баку. Ён з’яўляецца чэмпіёнам Беларусі на дыстанцыях 50 м, 100 м і 200 м у плаванні на спіне, прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра. Ганна Марусава таксама майстар спорту міжнароднага класа. Яна станавілася прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы, а таксама Еўрапейскіх гульняў у Баку і Мінску, удзельнічала ў Алімпіядзе-2000 у Сіднеі.
Урачыстая цырымонія адкрыцця пачнецца ў 14.00 і будзе трансліравацца ў прамым эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 5». Капітанам алімпійскай зборнай Беларусі будзе праслаўлены кідальнік молата Іван Ціхан.
У Токіа Беларусь прадставяць 108 атлетаў, якія паспрачаюцца за алімпійскія ўзнагароды ў 20 відах спорту.
Фота НАК Беларусі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://blr.belta.by/sport/view/mikita-tsmyg-i-ganna-marusava-buduts-stsjaganostsami-belaruskaj-delegatsyi-na-adkrytstsi-alimpijady-u-102216-2021/
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyski-dzyonnik
[4] https://zviazda.by/be/tags/mikita-cmyg
[5] https://zviazda.by/be/tags/ganna-marusava
[6] https://zviazda.by/be/tags/scyaganoscy
[7] https://zviazda.by/be/tags/adkryccyo-alimpiyady-u-tokia
[8] https://zviazda.by/be/tags/cyrymoniya
[9] https://zviazda.by/be/tags/nak-belarusi