Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях арганізацыі ўборачнай кампаніі 2021 года. У сустрэчы прынялі ўдзел губернатары ўсіх рэгіёнаў. Удзельнікі абмеркавалі сітуацыю, праблемы і шлях іх вырашэння і планы на сёлетні ўраджай.
Адкрываючы нараду, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, такія сустрэчы па пытаннях уборачнай кампаніі ўжо сталі традыцыйнымі.
«Галоўны фактар, на які варта звярнуць увагу аграрыям і кіраўніцтву, перш за ўсё губернатарам, складаецца ў тым, што прадукты харчавання як ніколі сёння выраслі ў цане.
Попыт неймаверны, па розных ацэнках, каля мільярда людзей у свеце галадаюць. І попыт на прадукты харчавання і кошты на іх будуць расці. Вядома, гэта дрэнна ў планетарным маштабе. Але для нас гэта павінна стаць дадатковай магчымасцю паправіць эканамічнае становішча ў краіне і атрымаць аддачу ад таго, чым мы хварэлі кожны год», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што вельмі ўважліва сочыць за эканамічнымі, кліматычнымі працэсамі і за ходам уборачнай кампаніі. Напярэдадні сустрэчы ён асабіста праехаў і агледзеў сітуацыю на палях. «Мяне не пакідае думка, што, калі раней, для таго, каб першы другі ці трэці мільён намалаціць трэба было больш чым паўмесяца. А зараз яшчэ не пачалі масавую ўборку ў асобных месцах, а ўжо мільён тон у засеках. Гэта сведчыць аб той моцы, перш за ўсё тэхнічнай, якой валодае сёння сельская гаспадарка», — падкрэсліў ён.
Аднак кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на праблемах, выяўленне якіх і пошук шляхоў іх вырашэння сталі мэтай нарады.
«Уборачная кампанія — гэта вянец працы сялян і ўсяго аграпрамысловага комплексу. Гэта важнейшы этап сельскагаспадарчых работ, які шмат у чым вызначыць, што будзе ў засеках і на сталах у беларусаў. Але і за межамі Беларусі. Я маю на ўвазе экспарт», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сітуацыя на збожжавым полі па тэхналагічным стане пасеваў няпростая. Умовы надвор’я цяжкапрадказальныя, і становішча можа рэзка пагоршыцца. Ён патрабаваў не разгойдвацца і недасушваць зерне ў полі. Прэзідэнт даручыў як мага хутчэй вызначыць і прыбраць праблемныя палі, якія заўтра з-за пагаршэння надвор’я будуць недаступныя да ўборкі.
«Анамальныя ўмовы надвор’я адбіліся на фарміраванні яравых збожжавых культур. Вы разумееце, у гэтых умовах нам прыйдзецца прыбіраць лён, рапс і збожжавыя адначасова», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў павялічыць пасевы азімага ячменю. Па яго словах, надвор’е дазваляе гэта зрабіць, а перыяд вегетацыі гэтай культуры супадае з перыядам нармальнага надвор’я.
«Мы заўсёды лічылі, што ён менш ўраджайны. Калі мы тэхналагічна своечасова пасеем азімы ячмень, ён 50-60 цэнтнераў дасць. Калі б мы на ўсіх культурах 50 цэнтнераў ўраджайнасці мелі, нам бы наогул нічога не трэба было. Трэба павялічваць пасевы азімага ячменю. І тэхналагічна выканаць усе працэсы. У нас звычайна засуха цісне да сярэдзіны ліпеня, а гэта ўжо не небяспечна для азімага ячменю», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Адпаведны эксперымент Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці на сваёй малой радзіме.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што пагаршаюць сітуацыю і вельмі сціснутыя тэрміны для правядзення работ, а таксама іх супадзенне з другім ўкосам шматгадовых траў.
Беларускі лідар падкрэсліў, што ў кароткі перыяд часу работу аграрыяў трэба арганізаваць так, каб усё паспець: правесці і нарыхтоўку кармоў, і своечасовую ўборку збожжа. «Пры такім становішчы спраў галоўнае патрабаванне на ўборачны перыяд — тэмпы і якасць. Пры гэтым трэба паставіць жорсткі заслон стратам збожжа», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю, праваахоўным органам кантраляваць выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі, асабліва камбайнаў. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што калі пракантраляваць дзейнасць усіх, хто ў полі, то можна захаваць няхай не той страчаны мільён, але 600-700 тысяч тон.
Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ўважлівае стаўленне да ўборкі азімага рапсу. Па яго словах, у гэтым выпадку важна вельмі старанна назіраць за працай механізатараў у полі. І не спяшацца.
Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава для правядзення паспяховай уборачнай кампаніі зрабіла ўсё магчымае: выдзелены сродкі на тэхніку і паліва. Засталося толькі арганізаваць працэс.
«Уборачныя работы неабходна завяршыць у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны», — канстатаваў ён. Аляксандр Лукашэнка паставіў перад прысутнымі шэраг пытанняў.
Па-першае, што яшчэ трэба, каб паставіць на лінейку гатоўнасці збожжаўборачную тэхніку? Якая забяспечанасць запаснымі часткамі і як арганізаваны аператыўны рамонт?
Кіраўнік дзяржавы даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю і МУС неадкладна выехаць у гаспадаркі і зрабіць рэвізію тэхнікі, «якая стаіць пад платамі».
«Дзевяць або дзесяць працэнтаў камбайнаў не адрамантаваныя. Масавая ўборка пачынаецца, а ў нас кожны 10-ы камбайн не адрамантаваны. І пасля гэтага будзе дадзена ацэнка кожнаму губернатару», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што кантралюючыя органы выяўляюць факты крадзяжу запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў, выпадкі прыпісак гатоўнасці тэхнікі.
«Даўно я да гэтага пытання падбіраўся. Гэтыя нясуны апошнім часам знахабіліся ў край. Удушыце гэта на корані, я вас прашу. Ведаеце, пра што ідзе гаворка. Хтосьці вядро саляркі адліў, хтосьці тону збожжа забыўся аднесці на склад. Не проста пастаўце заслон, а ўдушыце як гідру. Па вядры паліва, яны развалакаюць мільёны тон паліва і збожжа. Я ўжо не кажу пра маральныя фактары — крадзеж трэба спыняць на корані», — канстатваў беларускі лідар.
Другое пытанне Прэзідэнта датычылася таго, як будзе арганізаваная сушка збожжа? Паводле даных Мінсельгасхарча, 10 % комплексаў не гатовыя да яго прыёмкі. Аляксандр
Лукашэнка таксама папрасіў МУС, КДК і генеральнага пракурора ўзяць гэта на кантроль.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як будуць скарыстаны вытворчыя магутнасці камбінатаў хлебапрадуктаў?
«Прыёмку збожжа любой вільготнасці неабходна арганізаваць кругласутачна. Дзяржаўны заказ павінен быць безумоўна выкананы. І не толькі дзяржаўны заказ. Калі нейкай гаспадарцы няма дзе сушыць або не паспяваюць, старшыні вобл- і райвыканкамаў павінны на месцы прымаць адміністрацыйныя рашэнні. Загадалі весці туды збожжа — павінны выконваць. Будзе горш, калі вы згнаіце збожжа», — канставаў ён.
Прэзідэнт даручыў губернатарам вызначыць цэны і рэагаваць на кожную скаргу з боку гаспадарак.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, сёлетняе зерне прыдатна для высакаякаснага хлебапячэння, таму неабходна закупіць яго ў поўным аб’ёме. Трэба нарыхтаваць больш нашага збожжа для хлебапячэння. Каб мы кармілі людзей добрым хлебам. Такога збожжа ў наступным годзе можа не быць. Пераходны фонд павінен быць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён падкрэсліў, што камбінатам хлебапрадуктаў трэба забяспечыць бесперабойную дзейнасць па прыёмцы і дапрацоўцы збожжа, а таксама поўныя разлікі з пастаўшчыкамі.
Трэцяе пытанне закранула становішча спраў з механізатарамі. Прэзідэнт падкрэсліў, што паводле яго інфармацыі, не хапае каля паўтары тысячы камбайнераў.
«Гэта значыць, вы не рыхтаваліся да ўборачнай кампаніі. Вы забыліся пра вопыт савецкіх часоў, калі мы загадзя ведалі, дзе добры механізатар або камбайнер. І мы з ім працавалі, дамаўляліся з кіраўнікамі ў горадзе, каб яны адпускалі іх на ўборку. Барані бог гэта не будзе рэалізавана і будзе дэфіцыт камбайнераў. Рэальную дапамогу сялу тут павінны аказаць прамысловыя прадпрыемствы як тэхнічнымі сродкамі, так і людскімі рэсурсамі», — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што ўсіх работнікаў, занятых ва ўборачнай кампаніі, трэба забяспечыць усім неабходным, а іх праца павінна годна аплачвацца.
«Сяляне чакаюць уборачнай кампаніі, каб зарабіць грошы. У кожнага дзеці, усё трэба купіць. Чалавечы фактар найважнейшы», — канстатаваў Прэзідэнт.
У чацвёртым пытанні Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як падтрымліваюцца належны парадак і дысцыпліна? У першую чаргу гэта абарона ўборачнай і зернесушыльных тэхнікі, а таксама пасеваў ад пажараў.
«Трэба цалкам перакрыць усе магчымыя каналы крадзяжу збожжа пры ўборцы і забяспечыць яго захаванасць падчас транспарціроўкі. Недапушчальныя любыя парушэнні працоўнай дысцыпліны, п’янства. Прычым не толькі на працоўных месцах, але і ў цэлым», — упэўнены ён.
Пятае пытанне было прысвечана асабістым падсобным гаспадаркам сялян, дзе маецца каля 70 тысяч гектараў збожжавых культур, з якіх можна атрымаць яшчэ каля 200 тысяч тон збожжа.
«Традыцыйна, я вас вельмі прашу, дапамажыце прыбраць гэты ўраджай. І не ў апошнія тэрміны, як гэта прынята. Мы дамаўляліся, што ў кожнай гаспадарцы павінен быць невялікі маламагутны камбайн і ён будзе дапамагаць сялянам. Будзем дапамагаць — будуць вырошчваць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мэта нарады — забяспечыць своечасовае і якаснае правядзенне ўборкі ўраджаю.
«Вынік шмат у чым будзе залежаць ад вашага ўмення арганізаваць работу людзей і тэхнікі. Варта выпрацаваць штодзённую стратэгію дзеянняў у залежнасці ад умоў надвор’я, на якія мы паўплываць не можам, а таксама іншых фактараў», — сказаў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, высокая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна — залог поспеху на ўборцы. «Неабходна зрабіць больш жорсткім попыт за выяўленыя парушэнні, аператыўна прымаць меры па ліквідацыі недахопаў. Ніякай расхлябанасці, усім трэба — максімальна сканцэнтравацца і прыбраць хлеб з палёў», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
На нарадзе ў Прэзідэнта віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін паведаміў, што ўсяго трэба будзе прыбраць збожжавых, зернебабовых з кукурузай і рапсам з плошчы каля 2,5 млн га. «Пры планаванні пасеваў збожжавых ухіл быў зроблены на больш эканамічна выгадныя культуры. На 26 тыс. га павялічылі пасевы пшаніцы, на 10 тыс. га — пасевы азімага ячменю (рост на 63% да мінулага года). Ідзем паступова, апробуем айчынныя гатункі, адпрацоўваем на іх тэхналогіі, тэхналагічныя рэжымы », - адзначыў віцэ-прэм’ер.
Ён не пакінуў без увагі кліматычныя асаблівасці. «У сувязі з позняй вясной масавая сяўба яравых была пачатая на 18 дзён пазней, але атрымалася мабілізавацца і за кошт высокіх тэмпаў усё зрабіць у адведзеныя агранамічныя тэрміны. У маі ўмовы надвор’я характарызаваліся багатымі ападкамі. Гэта прывяло да запаволення паспявання і фарміравання збожжавых культур і шматгадовых траў на 5-6 дзён. Негатыўны ўплыў на фарміраванне збожжавых таксама аказала спякота ліпеня»- дадаў Аляксандр Субоцін.
Пасля нарады з кіраўніком дзяржавы віцэ-прэм’ер сустрэўся з журналістамі.
«Мы будзем рыхтавацца да горшага і спадзявацца на лепшае», — канстатаваў ён. Віцэ-прэм’ер расказаў, што ў цэлым плануецца выйсці на лічбы мінулага года, але пакуль рана аб гэтым казаць.
«Мы зараз адолелі толькі 14% уборкі збожжа, і калі будзем бліжэй да паловы, будзем разумець, што ў нас ляжыць у засеках. Мы прагназуем тыя ж лічбы, што і ў мінулым годзе. Але лета яшчэ ідзе, ўборачная толькі пачалася. Таму лічбы будуць карэктавацца», — адзначыў ён.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/narada
[6] https://zviazda.by/be/tags/uborachnaya-kampaniya