У Бабруйску судовыя эксперты дапамаглі раскрыць крадзеж веласіпеда па гарачых слядах — злодзея знайшлі па следзе пальца рукі. Пра гэта БелТА паведаміла [1] афіцыйны прадстаўнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.
«Мяркуючы, што тросавы велазамок з’яўляецца надзейнай абаронай, бабруйчанка пакідала свой ровар у пад’ездзе шматкватэрнага дома альбо каля яго, — распавяла Ірына Рачкоўская. — Аднак аднойчы раніцай жанчына выявіла прапажу, пра што паведаміла ў аддзел міліцыі».
Следча-аператыўнай групе жанчына патлумачыла, што пакінула веласіпед на ноч на вуліцы каля пад’езду, абматаўшы трос вакол металічнай трубы, якая ідзе па фасадзе дома. А раніцай замест ровара яна знайшла непадалёк толькі фрагмент свайго троса.
Спецыяліст Бабруйскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у ходзе агляду месца здарэння выявіў на трубе, побач з якой стаяў ровар, след пальца рукі. Пры праверцы па базе судовымі экспертамі ўстаноўлена, што гэты след пакінуты мясцовым жыхаром 1962 года нараджэння. Вынікі праверкі накіравалі праваахоўнікаў, якія затрымалі мужчыну, а таксама канфіскавалі ў яго выкрадзены веласіпед.
Бабруйскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па гэтым факце распачата крымінальная справа.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/incident/view/v-bobrujske-velosipednogo-vora-nashli-po-otpechatku-paltsa-451851-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kryminal
[3] https://zviazda.by/be/tags/babruysk
[4] https://zviazda.by/be/tags/velasiped
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhauny-kamitet-sudovyh-ekspertyz-pa-magilyouskay-voblasci