У апошнія тыдні на краіну абрынулася небывалая спякота... Людзі — і гараджане, і вяскоўцы — пацягнуліся да вады. Аднак толькі за апошні тыдзень у вадаёмах краіны патанула 38 чалавек, у тым ліку шэсць дзяцей. 43 чалавекі, у тым ліку 17 дзяцей, выратавалі супрацоўнікі МНС і Таварыства выратавання на водах.
Але ж які напрамак абраць, калі так хочацца адпачыць каля вады? Мы склалі своеасаблівы рэйтынг — ён, вядома ж, умоўны,
і асноўныя крытэрыі, якімі мы кіраваліся, — гэта чысціня і бяспека адпачынку на вадзе. Таму ўсе пляжы, што мы згадваем, — афіцыйныя. Тут абследавана дно, выстаўлены пасты ратавальнікаў. Купацца ў іншых месцах забаронена і небяспечна.
Такім чынам, пачынаем.
У Брэсцкай вобласці афіцыйна зацвердзілі 102 месцы для купання.
Санітарныя службы праверылі гатоўнасць рэкрэацыйных зон да летняга сезона. Уласнікі прывялі ў парадак месцы адпачынку каля вады і прылеглыя тэрыторыі. Ад смецця і лішняй расліннасці ачышчаны берагі і акваторыі. Некаторае абсталяванне было адрамантавана або заменена на новае: лаўкі, альтанкі, ценявыя навесы, кабінкі для пераадзявання. Асаблівая ўвага аддадзена ўладкаванню пляцовак для збору адходаў і санвузлоў.
У самім Брэсце знаходзіцца пяць афіцыйных месцаў для купання, яшчэ два прыватныя пляжы — на азёрах за некалькі кіламетраў ад горада.
Пляж «Усход» (у раёне Гузнянскага моста). Гэты пляж па ўсіх паказчыках пакуль займае лідзіруючае месца. Тут жа — адна з найлепшых інфраструктур: ёсць ценявыя навесы, лаўкі, душавая, кабінкі для пераадзявання, біятуалеты. У актыўны сезон на пляжы працуе летняе кафэ.
«Вяслярны канал» (уздоўж вуліцы Кастрычніцкай рэвалюцыі). Жоўты пясочак, вялікая пляжная зона, якая дазваляе не «марынавацца» адпачывальнікам; ёсць і летнія кафэ, і стацыянарны рэстаран. Пасля купання можна апаласнуцца пад душам, а на тэрыторыі ўсёй зоны размешчаны пітныя фантанчыкі, дзе можна прагнаць смагу.
Як і ў мінулым годзе, у самім Віцебску сёлета абсталяванымі лічацца восем пляжаў, але купацца можна толькі ў трох месцах.
Комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі (парк у Мазурыне), рака Дзвіна. Гэта прыгожае месца для адпачынку дзяцей і дарослых. Комплекс з'явіўся ў 1946 годзе на месцы былога сяла Мазурына стараннямі воінаў-дэсантнікаў Віцебскага гарнізона. Да 1976 года называўся паркам «Мазурына», затым быў перайменаваны ў Парк імя Савецкай Арміі. А ў 2007 годзе афіцыйна прызнаны структурным падраздзяленнем дзяржаўнай установы «Цэнтр культуры «Віцебск». Толькі ў 2010-м ён атрымаў цяперашнюю назву. На тэрыторыі комплексу размешчаны дзіцячыя атракцыёны, працуе пункт пракату ролікаў, лыжаў, скейтаў, веласіпедаў розных памераў. Таксама працуюць кафэ, рэстаран, абсталявана канцэртная пляцоўка. Можна спусціцца да вады, пракаціцца на рачным караблі.
Раён водазабора № 1, рака Дзвіна. Перад пачаткам купальнага сезона вадалазы Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства выратавання на водах даследавалі акваторыю на прадмет бяспекі, была праведзена ачыстка дна ад камянёў і шкла. Тут жа арганізавана дзяжурства матросаў-ратавальнікаў.
У цэлым жа па вобласці адзначаецца зніжэнне колькасці абсталяваных месцаў адпачынку каля вады: у 2018 годзе было 101, у 2019-м — 92, у 2020-м — 85, а ў цяперашнім засталося ўсяго 77.
У магілёўцаў пляжная пілігрымка — на вадаёмах аншлаг і ў выхадныя, і ў будні. Але праблема ў тым, што вада на ўсіх гарадскіх пляжах на рацэ Дняпро, Пячэрскім і Грабянёўскім азёрах не адпавядае гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках. Гэта значыць, што купацца ў дадзеных месцах не рэкамендуецца. Але ад магчымасці акунуцца ў такую спёку гараджанам адмовіцца няпроста.
Пячэрскае возера, што ў лесапарку непадалёк ад цэнтра Магілёва, — упадабанае месца адпачынку гараджан. У выхадныя тут яблыку няма дзе ўпасці. Пра тое, што з-за пандэміі лепш трымацца на адлегласці як мінімум 1,5 метра адзін ад анаго, адпачывальнікі не ўспамінаюць. Хоць інфармацыя пры ўваходзе на пляж ёсць. Як і іншая перасцярога: «Забаронена купанне дзяцей, дарослых, заняцце воднымі відамі спорту ў зонах рэкрэацыі Пячэрскага вадасховішча».
Такім чынам, у Магілёве для купання не падыходзіць ні адзін з афіцыйных пляжаў. У Магілёўскім раёне — пляжы Вільчыцкага вадасховішча і ракі Дняпро каля Палыкавіч.
Арганізацыі летняга адпачынку гамяльчан у межах горада кіраўніцтва абласнога цэнтра ўдзяляе вялікую ўвагу. У горадзе над Сожам ёсць мноства добраўпарадкаваных і ўтульных куткоў, дзе «афіцыйна» і бяспечна можна правесці выхадныя дні з сям'ёй ды блізкімі або адпачыць вечарам. Нагадаем некаторыя з іх.
Цэнтральны пляж, зарэчная зона — выдатнае месца, дзе можна атрымаць асалоду ад прахалоды вады ў гарачыя дні, расслабіцца пад прамянямі летняга сонейка. Жыхары і госці Гомеля любяць гэтае месца адпачынку і бавяць час з раніцы да позняга вечара. Сам пляж чысты і дагледжаны, у раздзявалках — парадак, камунальныя службы горада рэгулярна вывозяць смецце і прыбіраюць біятуалеты.
Пляж у заліве ракі Сож у раёне вуліцы Б. Хмяльніцкага (няцотны бок, воз. Рапоўскае). Адносна новы пляж «Рапоўскі» знаходзіцца ў Савецкім раёне ўздоўж вуліцы Хмяльніцкага. Яго адкрылі ў 2015 годзе: дно заліва выраўнавалі, і сёння адпачывальнікі могуць быць упэўненыя ў чысціні агароджанай буямі воднай прасторы. Пляж варты таго, каб ехаць менавіта сюды. Тут зманціраваныя дзве пляцоўкі для пляжнага валейбола і адна футбольная, ёсць гарадок з брусамі і турнікамі як для дарослых, так і для дзяцей. Устаноўлены кабіны для пераадзявання, грыбкі ад сонца і лаўкі. Праўда, няма фантанчыкаў з пітной вадой.
Амаль два тыдні таму спецыялістамі была ўведзена забарона на купанне ў возеры Юбілейным: наведанне згаданай акваторыі дасюль не рэкамендуецца ні для дзяцей, ні для дарослых, а таксама забаронена заняцце воднымі відамі спорту. Даступнымі для купання да нядаўняга часу заставаўся цэнтральны пляж, а таксама месцы адпачынку ў Пышках, Ласосне і паблізу «Прывалу». Але і гэты спіс скараціўся.
На самай справе мала хто ведае, але ў Луцкаўлянах за 20 кіламетраў ад Гродна на мясцовым возеры ёсць прыстойная зона адпачынку. Там маецца выратавальны пост, месца купання абгароджана буямі, сама пляжная зона разбітая як на сонцы, так і ў цені пад бярозкамі. Даступныя лаўкі, альтанкі і кабінкі для пераадзявання. Сам бераг чысты, вада цёплая, дно пясчанае. Можна скакаць у ваду з мастка. Купацца сюды прыязджаюць нават з Бераставіцы. А за адпачывальнікамі назірае міліцыя.
У Мінску і ваколіцах афіцыйна купацца можна ў сямі вадаёмах. Усе сталічныя вадаёмы, дзе па санітарна-гігіенічных нормах дазволена прымаць водныя працэдуры, адкрытыя для купання. Гэта Заслаўскае вадасховішча (Мінскае мора), вадасховішчы Вяча, Дразды, Крыніца, Пціч, Цнянскае і Камсамольскае возера.
Вадасховішча Дразды, якое знаходзіцца побач з пасёлкам Ждановічы, з'яўляецца адным з найпапулярнейшых месцаў адпачынку. Размешчанае на рацэ Свіслач, яно з'яўляецца часткай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы і штогод прыцягвае жыхароў і гасцей Мінска, якія прыязджаюць сюды на рыбалку ў летні перыяд і зімой. Уздоўж берагавой лініі працягнулася зона адпачынку са зручнымі пляжамі, ёсць лодачная станцыя і канал для заняткаў рознымі воднымі відамі спорту.
Цнянскае вадасховішча — наліўны вадаём у паўночнай частцы сталіцы. Вада паступае з іншага вадасховішча — Дразды. Сёння мясцовасць вакол яго называецца «Мікрараён «Зялёны луг», раней тут размяшчалася вёска Цна-Ёдкава. Берагі акультураныя — ёсць некалькі пляжаў, катэджны пасёлак, буйныя крамы. У паўночна-ўсходняй частцы вадасховішча жывуць лебедзі. Вакол вадасховішча абсталяваны пяць пляжаў. Яны ўяўляюць з сябе пясчаную лінію вады і акуратна падстрыжаны газон крыху далей ад берага вадаёма. Пясок абнаўляецца перад пачаткам сезона. Кожныя 300 м абсталяваныя біятуалетамі, ёсць лаўкі і кабінкі для пераадзявання. Зона купання агароджана буйкамі. Для перакусу ўстаноўлены палаткі — там можна набыць ежу. Ёсць некалькі летніх кафэ, у якіх можна добра падсілкавацца. Для аматараў актыўнага адпачынку функцыянуе пункт пракату.
Гарачае лета — перыяд адпачынку, неразрыўна звязаны з вадаёмамі. І ён пакуль працягваецца. Незалежна ад выгляду вадаёма, няхай гэта мора, рака, возера або сажалка, кожны чалавек павінен ведаць і няўхільна выконваць правілы паводзін і меры бяспекі на вадзе.
Найлепшы варыянт перакусіць — у кафэ або рэстаране, купляць ежу на пляжы не рэкамендуецца ў адпаведнасці з санітарнымі і гігіенічнымі нормамі, забяспечыць якаснае захоўванне і распаўсюджванне прадуктаў з рук практычна немагчыма. Нават бяскрыўдная кукуруза, набытая такім чынам, можа моцна сапсаваць вам адпачынак.
Калі ж вы сталі ахвярай злачынцаў, неадкладна звярніцеся ў найбліжэйшае аддзяленне міліцыі або набярыце 102.
Цэннік на арэнду розных прыстасаванняў як на вадзе, так і на сушы на розных пляжах і ў розных гарадах можа крыху адрознівацца. Але ў цэлым вось такая карціна вымалёўваецца:
Да таго ж асобныя месцы для адпачынку на вадзе прапаноўваюць і шэраг, можна сказаць, экзатычных паслуг для нашых мясцін. Напрыклад, на Заслаўскім вадасховішчы можна заняцца віндсёрфінгам, а таксама сапсёрфінгам, пакатацца на паруснай яхце, Цнянскае вадасховішча прапануе вейкборд. Ёсць і шмат чаго іншага.
Трэба памятаць, што, апынуўшыся на пляжы, не варта спадзявацца на лёс — будзьце пільныя кожную хвіліну, не зводзьце вачэй з дзяцей. «Толькі што быў тут» і «Адвярнулася на хвілінку», — так часта адказваюць бацькі, якія сядзяць на беразе. Бо пра тое, што вада не даруе бестурботнасці, вядома кожнаму. Беражыце сябе, сваіх блізкіх і будзьце здаровыя!
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/adpachynak
[3] https://zviazda.by/be/tags/plyazh
[4] https://zviazda.by/be/tags/pravily-pavodzin
[5] https://zviazda.by/be/tags/spyakota