Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Упаўнаважаным паслом Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лаціфам Гандзілавым з нагоды заканчэння яго дыпмісіі ў нашай краіне.
«Нейкая дрэнная традыцыя — нашы сябры-паслы з’язджаюць. І мы вымушаныя спадзявацца, што тыя, хто прыедзе пасля вас, будуць добрымі сябрамі і мы такім жа чынам, як пры вашай кадэнцыі, зможам выбудаваць самыя добрыя адносіны з Азербайджанам. Але ў тым, што ў нас будуць добрыя адносіны, я ніколькі не сумняваюся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі і Азерабайджану ўдалося выбудаваць адносіны на аснове ўзаемаразумення. Па яго словах, паміж нашымі народамі вельмі цесныя сяброўскія сувязі, «братэрскія стасункі».
«Гэта прыклад добрых адносін з часоў Савецкага саюза, як былі калісьці ў адной дзяржаве і мелі выдатныя стасункі. Нам удалося не проста іх захаваць, але і прымножыць. І вядома ж, вы зрабілі для гэтага нямала. Вы сапраўдны сябар нашага народа, і я спадзяюся, што дзе б вы ні працавалі, Беларусь застанецца ў вашым сэрцы. Мы заўсёды вас чакаем, вам візы не патрэбныя. Прыязджайце ў любы час. Усё ж такі, частка вашага жыцця звязана з нашай краінай», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар падзякаваў Лаціфу Гандзілаву за разуменне таго, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі, тых няпростых працэсаў. Таксама Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт сітуацыі ў Нагорным Карабаху.
«Беларусы вельмі перажывалі падчас канфлікту Азербайджана і Арменіі. І дзякуючы пазіцыі Азербайджана і вашага прэзідэнта, майго добрага сябра, вам удалося стабілізаваць абстаноўку і прыйсці да мірнага ўрэгулявання праблем, якія існавалі. Вядома, шлях да міру толькі пачаўся, і я пра гэта казаў у Азербайджане. Азербайджанскі і армянскі народы заслужылі спакойнае, мірнае жыццё. Мы вельмі хацелі б, каб так было, і я ўпэўнены, што так будзе», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь заўсёды дапаможа Азербайджану. Ён падзякаваў паслу за пастаўку вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. «Вы малайцы, вы не прагнулася пад ціскам з боку заходніх дзяржаў. Вы трымаеце слова. Як мы дамовіліся, так вы і дзейнічаеце. Гэта дарагога варта ў сучасным свеце. Вы на нас можаце разлічваць. Мы гатовы рэалізаваць тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты падчас майго нядаўняга візіту ў Азербайджан», — канстатаваў ён.
У нас няма нявырашаных задач
Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Лаціф Гандзілаў падзяліўся з журналістамі сваімі ўражаннямі аб сваёй дыпламатычнай місіі ў Беларусі. «У нас брацкія, сяброўскія адносіны. Мы стратэгічныя партнёры. Гэтыя адносіны маюць вельмі трывалую аснову. І таму мы заўсёды глядзелі і рухаліся наперад, ставілі вельмі важныя мэты. І дзякуй Богу, што за гэтыя гады змаглі дасягнуць пастаўленыя задачы», — сказаў ён. Дыпламат нагадаў пра нядаўні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан, падчас якога прэзідэнты краін зверылі гадзіннікі, прынялі новыя праграмы адносна будучага супрацоўніцтва. «І за апошнія паўтары месяца чатыры дэлегацыі з Азербайджана ўжо былі тут. Гэта сведчыць аб тым, што мы не адкладаем „на потым“, а адразу ажыццяўляем дамоўленасці. У нас няма нявырашаных пытанняў і праблем», — дадаў ён.
Лаціф Гандізалаў падзяліўся, што Беларусь назаўсёды ў яго сэрцы.
«У мяне застанецца ў памяці беларускі народ — вясёлы, спагадны, сяброўскі, з якім нас звязвае доўгая гісторыя і добрыя адносіны на працягу 30 гадоў. І гэта стварае для нас магчымасці глядзець наперад з надзеяй. Я заўсёды буду памятаць вас, выдатных людзей, зялёныя палі, азёры, густыя лясы, якія проста прыцягваюць да сябе», — сказаў пасол.
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/lacif-gandzilau
[5] https://zviazda.by/be/tags/azerbaydzhan