У сталічным парку імя Максіма Горкага адзначалі 168-ю гадавіну пажарнай службы Беларусі. Святочныя мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак да манумента Перамогі, у якім прыняў удзел міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі.
Затым адбыўся ўжо традыцыйны парад тэхнікі і падраздзяленняў МНС, дзе ўдзельнічала больш за 500 чалавек, 23 рэтрааўтамабілі і некалькі дзясяткаў сучасных адзінак тэхнікі, што стаіць на ўзбраенні МНС. Адкрывалі шэсце сцяганосцы і ўзвод ганаровай варты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Услед за імі па цэнтральным праспекце сталіцы ўрачыста прайшлі разлікі ратавальнікаў-пажарных у амуніцыі розных эпох, пачынаючы ад абмундзіравання пазамінулага стагоддзя да сучаснай экіпіроўкі МНС, а таксама прадстаўнікі добраахвотнага пажарнага грамадства, ветэраны службы выратавання, спартсмены і юныя ратавальнікі з розных куткоў краіны.
Каленчатыя пад'ёмнікі, грузавыя краны, аварыйна-выратавальныя аўтамабілі, аўтамабілі дымавыдалення, мабільны вадалазны комплекс, аўтамабіль радыяцыйнай абароны, выбухова-тэхнічнай службы, колавы цягач з перапампоўвальнай станцыяй, аўтамабіль-рэанімацыя, снегабалатаход «Шэрп» — гэта далёка не ўся тэхніка, якая ёсць на ўзбраенні ў сучасных ратавальнікаў і якую змаглі ўбачыць падчас парада гледачы.
Далей святочныя мерапрыемствы перамясціліся ў парк імя М. Горкага, дзе для пачатку курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС прадэманстравалі пляц-канцэрт у суправаджэнні духавога аркестра Мінскага гарадскога УМНС.
Быў дадзены старт дэманстрацыі сіл і сродкаў на вадзе, а таксама паказальным выступам вадалазаў-ратавальнікаў. Людзі змаглі ацаніць парк плавальных сродкаў МНС: маторныя лодкі, катары, а таксама ўбачыць відовішчнае воднае шоу з гідрацыкламі і палётамі на флайбордзе. Фінальным акордам шоу стала водная феерыя ад ратавальнікаў.
На цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы ў парку разгарнуўся святочны канцэрт. Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі павіншаваў калег са святам.
— Сёння свята — Дзень пажарнай службы, — сказаў ён. — Шмат гадоў таму, калі ўтваралася служба, — гэта было добраахвотнае таварыства людзей, якія проста аказвалі дапамогу пры тушэнні пажараў. А сёння МНС — гэта высакакласныя прафесіяналы сваёй справы, забяспечаныя самай сучаснай тэхнікай, экіпіроўкай, гатовыя прыйсці ў любую хвіліну на дапамогу. МНС — гэта служба пастаяннай гатоўнасці.
Усіх прысутных павіншавалі афіцэры МНС, выканаўшы песні ўласнага сачынення, ветэраны выратавальнай службы, курсанты, юныя ратавальнікі і дзеці работнікаў МНС, а таксама да віншаванняў далучылася заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева.
У гэты дзень у парку разгарнуліся розныя забаўляльныя і навучальныя інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей і дарослых, дзе можна было не толькі весела правесці час, але і ўспомніць правілы бяспекі жыццядзейнасці, атрымаць падарункі, карысную літаратуру, размалёўкі і налепкі ад МНС. У конкурсах можна было паўтарыць пяць крокаў на выратаванне, высветліць, хто самы трапны пажарны, даведацца, як правесці час з карысцю, успомніць «Азбуку бяспекі», згуляць у пажарны боўлінг, паўдзельнічаць у чэмпіянаце па бяспецы, паспаборнічаць у надзяванні баявога адзення, замацаваць навыкі выкліку ратавальнікаў і іншых актыўнасцях.
Таксама ўсе жадаючыя мелі магчымасць прымерыць баявую вопратку, пасядзець у машыне ратавальнікаў, сфатаграфавацца з лабрадорамі кіналагічнай службы МНС, пабываць у сапраўднай дымакамеры, зразумець, што адчувае чалавек у перавернутай машыне, навучыцца рабіць штучнае дыханне і праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы на спецыяльным манекене.
На стадыёне перад хакейным палацам каманды МНС па пажарна-выратавальным спорце правялі паказальныя выступленні, прадэманстраваўшы гледачам самы відовішчны від — баявое разгортванне. А для тых, каму цікавы спорт, была прадстаўлена выстава спартыўных дасягненняў МНС, дзе можна было ўбачыць кубкі, медалі, граматы і памятныя фатаграфіі з розных стартаў.
Прафесія пажарнага з'яўляецца адной з самых небяспечных. Яна патрабуе сапраўднай мужнасці, высокай самааддачы, смеласці, прафесіяналізму. У ратавальнікаў ёсць толькі адзін прыярытэт — першымі ўступіць у сутычку з вогненным монстрам і перамагчы яго.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/park-imya-maksima-gorkaga
[3] https://zviazda.by/be/tags/vadzim-sinyauski
[4] https://zviazda.by/be/tags/mns
[5] https://zviazda.by/be/tags/gadavina
[6] https://zviazda.by/be/tags/ministr-pa-nadzvychaynyh-situacyyah