Удзел у летняй школе бярэ каля 200 пераможцаў інтэлектуальных спаборніцтваў ад абласнога ўзроўню да міжнароднага. Заняткі з навучэнцамі праводзяць чатыры дзясяткі выкладчыкаў з розных ВНУ і прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сярод якіх дактары і кандыдаты навук, кіраўнікі камандаў Рэспублікі Беларусь на міжнародных алімпіядах, турнірах, канферэнцыях, а таксама студэнты — пераможцы міжнародных спаборніцтваў.
Падчас знаходжання навучэнцаў у спартыўна-аздараўленчым комплексе «Брыганціна» БДУ хлопцы і дзяўчаты змогуць не толькі адпачыць, але і ўзяць удзел у інтэлектуальных мерапрыемствах — занятках, семінарах, выніковай алімпіядзе і канферэнцыі школы, фізіка-матэматычным баі, інтэлектуальных гульнях, псіхалагічных семінарах і трэнінгах. Запланавана таксама правядзенне круглага стала з найлепшымі ўдзельнікамі і педагогамі, на якім будуць абмеркаваны пытанні далейшага развіцця навукова-даследчага кірунку ў сістэме работы з таленавітай моладдзю.
Адзначым, што першая Летняя навуковая школа была арганізавана 10 жніўня 1995 года ў пасёлку Лужасна Віцебскага раёна. Дзясятая і наступныя арганізоўваліся на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу БДУ «Брыганціна». З самага пачатку работы школы сфарміраваліся асноўныя прынцыпы яе дзейнасці: свабодная творчасць, супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне, духоўнасць і інтэлігентнасць.
За ўсе гады ў школе прайшло навучанне больш за 4200 навучэнцаў і павысіла кваліфікацыю больш як 390 настаўнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Францыі, Балгарыі і Літвы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/letnyaya-shkola-yunyh-navukoucau
[5] https://zviazda.by/be/tags/spartyuna-azdaraulenchy-kompleks-brygancina
[6] https://zviazda.by/be/tags/bdu