Зараз у Беларусі пайшоў збор чарэшні, і, на жаль, у пагоні за ўраджаем можна атрымаць сур’ёзныя траўмы. Пра гэта, як перадаюць «Мінск-Навіны», заявіў на прэс-канферэнцыі 27 ліпеня галоўны пазаштатны дзіцячы артапед-траўматолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наступстваў пашкоджанняў і захворванняў пазваночніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Дзмітрый Цесакоў.
— Падлеткі вельмі часта пры зборы чарэшні замест таго, каб паставіць лесвіцу, лезуць на сук, — адзначыў Д. Цесакоў. — А галінка чарэшні, у адрозненне ад галінкі вішні, вельмі далікатная. Тыя, каму не пашанцавала, зрываюцца, атрымліваюць цяжкія траўмы, забруджаныя ранкі з наступным інфікаваннем.
Лекар заўважыў, што ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі аказваюць спецыялізаваную экстраную медыцынскую дапамогу.
— Да нас вязуць з усёй краіны з траўмай пазваночніка, — сказаў Д. Цесакоў. — За апошні час лячэнне ў нашым цэнтры атрымалі каля 10 дзяцей і падлеткаў (з траўмай пазваночніка) — купальшчыкі, нырцы, якія выпалі з акна, сарваліся з дрэў. Да прыкладу, два тыдні таму паступіў 16-гадовы піяніст, які нырнуў у ваду і атрымаў найцяжэйшы пералом шыйнага аддзела хрыбетніка. Яго своечасова даставілі, урачы паспелі праапераваць і ліквідаваць неўралагічную сімптаматыку. Цяпер хлопца чакае працяглы аднаўленчы перыяд.
Па статыстыцы, кожны год у Беларусі каля 150 тыс. дзяцей і падлеткаў атрымліваюць розныя траўмы.
— Траўматызм займае першае месца ў структуры дзіцячай смяротнасці, — дадаў Д. Цесакоў. — З-за атрыманых траўмаў кожны год 60-80 дзяцей становяцца інвалідамі.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-cesakou
[2] https://zviazda.by/be/tags/rnpc-traumatalogii-i-artapedyi
[3] https://zviazda.by/be/tags/chareshnya
[4] https://zviazda.by/be/tags/zbor
[5] https://zviazda.by/be/tags/lekar