На Гомельшчыне запаветныя рубяжы ў тысячу тон намалочанага і перавезенага збожжа ў канцы мінулага тыдня пакарыліся экіпажам камбайнераў і кіроўцам дзвюх гаспадарак Брагінскага раёна. Лідараў жніва павіншаваў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей.
На паўднёвым усходзе Беларусі два гады запар на жніве першымі тысячнікамі становяцца супрацоўнікі ААТ «Чамярыскі», што на Брагіншчыне. Летась амаль дзень у дзень перадавікі гэтай гаспадаркі за першыя тысячы прымалі віншаванні ад кіраўніка рэгіёна. У мінулым годзе зноў жа дадзенае сельгаспрадпрыемства ў ліку першых на Гомельшчыне завяршыла ўборку збожжавых каласавых. З сямі экіпажаў камбайнераў, што былі задзейнічаны на ўборцы хлеба, шэсць — у перадавіках рэгіёна. Цяпер супрацоўнікі ААТ «Чамярыскі» зноў у лідарах. Дарэчы, брагінскія камбайнеры — першыя у Беларусі, хто дасягнуў адзнакі ў тысячу намалочаных тон збожжа менавіта на айчыннай тэхніцы.
Дарэчы, тэмпамі жніва ў гаспадарцы вызначыліся адразу дзве брыгады. Так, намалот у тысячу тон збожжа на асабістым рахунку экіпажа бацькі і сына — Міхаіла і Віталя Салдаценкаў, а таксама ў тандэма братоў Пятра Яфіменкі і Міхаіла Галко. Міхаіл Салдаценка выходзіць на жніво с 2008 года. Летась яго экіпаж таксама быў у лідарах.
— За гэты час пабываў шэсць разоў на рэспубліканскіх «Дажынках». Адна з цяжкіх прафесій. Хваляванні вельмі вялікія. Сёлета ўраджайнасць на палях — у сярэднім 26 цэнтнераў з гектара. Мэта ў мяне — паўтары тысячы любой цаной, ну, да двух тысяч, — дзеліцца Міхаіл Салдаценка.
Другі сезон камбайнер збірае ўраджай у тандэме з сынам, які яшчэ вучыцца. На вакацыях малады чалавек дапамагае ў полі.
— Сярод экіпажаў пануе спаборніцкі дух, і гэта добры стымул у рабоце, — упэўненыя бацька і сын Салдаценкі. Між тым, цяпер, кажуць, быць асабліва пільнымі экіпажы абавязвае надвор'е. Анамальная гарачыня, што апанавала Гомельшчыну, — выпрабаванне для тэхнікі. Экіпаж Салдаценкаў старанна сочыць, каб камбайн не пераграваўся, пажарная бяспека, вядома, на асаблівым кантролі.
У адзіным звяне з экіпажамі камбайнераў-перадавікоў — і кіроўцы-тысячнікі. У ААТ «Чамярыскі» гэта — Уладзімір Мятліцкі, Аляксандр Краўчанка, Канстанцін Алішеўскі, Рыгор Малочка. Тысячны рубеж па адвозцы збожжа перайшлі і кіроўцы ААТ «Імя Жукава» — Уладзімір Шахніцкі і Вячаслаў Ганчар.
Малады кіроўца Канстанцін Алішэўскі — у ліку лідараў адразу ў двух заліках — агульным і сярод моладзі. Ён заняты на адвозе новага ўраджаю чацвёрты год, другі год запар выбіваецца ў лідары.
— За дзень робім ад 10 да 15 рэйсаў, гэта каля 200 кіламетраў. Стараемся, каб менш прастойвала тэхніка. Прачынаецца нават нейкі азарт: хто першы пад'едзе да камбайна, — прызнаецца Канстанцін. — Дзякуй інжынерам, дапамагаюць падтрымліваць тэхніку ў добрым стане. Увогуле працаваць вельмі падабаецца. Пакуль малады, энергіі хапае.
Дарэчы, вельмі высокія тэмпы ўборкі не толькі на Брагіншчыне. У перадавіках таксама Мазырскі, Хойніцкі, Светлагорскі раёны. А вось лідзіруе па ўраджайнасці Рэчыцкі раён. Тут у сярэднім на круг намалочваюць 30,7 цэнтнера, на другім месцы Буда-Кашалёўскі раён з 30,1 ц / га, на трэцім месцы Добрушскі раён з 28,2 ц / га. Наогул, аграрыі Добрушчыны блізкія да запаветнага рубяжа ў тысячу тон намалочанага і перавезенага збожжа. Сярод лідараў жніва ў Добрушскім раёне — ААТ «Калінінскі».
Цяпер рабочы дзень у гэтай гаспадарцы пачынаецца каля сямі гадзін раніцы і працягваецца да дзевяці вечара. Працуюць камбайнеры сапраўды з поўнай самааддачай. Летась у гаспадарцы былі чатыры экіпажы—тысячнікі, сёлета ёсць падстава паўтарыць мінулагодні вынік. Старшы камбайнер Пятро Самойленка ў гаспадарцы з 1989 года. Летась яго экіпаж намалаціў больш як 5 тысяч тон збожжа.
— Сёлета таксама плануем спрацаваць добра, але многае залежыць ад тэхнікі. Трэба, вядома, імкнуцца добра працаваць, — нешматслоўна, але ёміста адзначае механізатар ААТ «Калінінскі» падчас кароткага перапынку на снеданне — на палеткі прыехала «сталовая на колах». Час для прыняцця ежы не рэгламентуецца, але звычайна гэта не больш як 15 хвілін.
У гаспадарцы кіпіць работа і на зернетаку. Адначасова з уборкай ідзе падрыхтоўка зерня ўжо да наступнага сельскагаспадарчага года. З сабранага ўраджаю адбіраецца найлепшае зерне, якое пасеяць вясною.
Як адзначылі ў гаспадарцы, у 2019 годзе тут сабралі каля шасці тысяч тон збожжа. Летась — дзевяць з паловай. Сёлета плошча палеткаў са збожжавымі культурамі засталася практычна тая ж, але ўраджайнасць вышэйшая. Гэта дае падставу разлічваць на больш значны намалот, тлумачыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Байдаў.
— Упэўнены, што зможам перасягнуць намалот мінулага года не менш чым на тысячу тон. Паралельна адразу вядзём адгрузку зерня дзяржаве, дзяржзаказ па здачы збожжа ўжо выкананы больш чым на палову, — распавёў ён.
Між тым, у цэлым на Гомельшчыне пад збожжавыя сёлета адведзена 348 тысяч гектараў. Кіраўніцтва рэгіёна ставіць перад аграрыямі задачу сабраць ураджай без страт.
— Пасяўную мы правялі ў аптымальныя тэрміны, хоць і было двухтыднёвае адставанне ад мінулага года. У працэсе вегетацыі бачылі, што збожжа наліваецца эфектыўна, біялагічная ўраджайнасць была больш за 30 ц / га, аднак адмоўна на вынік паўплывалі ўмовы надвор'я. Нашы механізатары не спыняюцца, убіраюць, — звярнуў увагу падчас цырымоніі ўзнагароджання першых тысячнікаў па намалоце і адвозцы збожжа новага ўраджаю старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. — Мы нацэленыя на тое, каб выйсці на ўзровень не ніжэйшы за мінулы год.
Сёння на большай частцы тэрыторыі вобласці склаліся спрыяльныя ўмовы надвор'я для жніва: спякота крыху спала, прайшлі дажджы. Тэхніка працуе ад відна да відна. У гэту гарачую пару ў рэгіёне задзейнічаюць больш за тысячу збожжаўборачных машын.
У сваю чаргу, па аператыўнай інфармацыі Мінсельгасхарча па стане на 27 ліпеня на Гомельшчыне ўбрана 34,6 % уборачнай плошчы збожжавых і зернебабовых культур (без уліку кукурузы, грэчкі і проса), штодня прыбіраецца звыш 3 %. Аграрыі рэгіёна ўжо зрабілі важкі ўклад у агульнарэспубліканскі каравай — намалочана 284,2 тысячы тон збожжа.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/genadz-salavey-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/uborka-zbozhzha
[6] https://zviazda.by/be/tags/mihail-saldacenkau