Як паведаміў інфармацыйны офіс урада правінцыі Цзянсу, з 28 да 30 ліпеня ў горадзе Наньчан адбудзецца форум Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (дзе наша краіна, нагадаем, мае статус назіральніка) па традыцыйнай медыцыне. Мерапрыемства мае асаблівае значэнне ў кантэксце пандэміі COVІD-19, заўважыў партал «Хуаньцюван».
Традыцыйная медыцына з’яўляецца скарбам культуры краін ШАС і адыгрывае ўнікальную ролю ў ахове здароўя народаў супольнасці ШАС. Тэма дадзенага форуму — «Перайманне, інавацыі, узаемнае навучанне і абмен». Як заўважыў арганізатар, гэта ў найвышэйшай ступені адпавядае шанхайскаму духу. Форум будзе эфектыўна спрыяць акадэмічным і культурным абменам паміж краінамі ШАС, зацікаўленымі ў традыцыйнай медыцыне, спрыяць мадэрнізацыі і інтэрнацыяналізацыі традыцыйнай кітайскай медыцыны, дазволіць усім скарыстацца яе практычнымі напрацоўкамі і навуковымі дасягненнямі, а таксама зробіць унёсак у ахову здароўя і дабрабыту народаў свету.
Мяркуецца правесці чатыры падфорумы па тэмах «Традыцыйная медыцына і здароўе чалавека», «Традыцыйная медыцына і яе індустрыялізацыя», «Абмен і супрацоўніцтва ў галіне традыцыйнай медыцыны», а таксама «Навуковыя даследаванні рэчываў традыцыйнай медыцыны». Каля 500 кітайскіх і замежных прадстаўнікоў удзельнічае ў форуме, у тым ліку намеснік генеральнага сакратара ШАС і пасланнікі 14 краін у Кітаі. Таксама плануецца, што прадстаўнікі дзевяці краін, у тым ліку віцэ-прэм’еры Беларусі і Кыргызстана, будуць удзельнічаць у канферэнцыі па відэасувязі. Арганізатары старанна распрацавалі для наведвання ўдзельнікамі форуму адмысловыя маршруты «Наньчан — Руйджын — Цзіньганшань — Цзіндэчжэнь», што дазволіць гасцям на свае вочы ўбачыць вялікія дасягненні сацыяльнага і эканамічнага развіцця Кітая.
Форум пройдзе ў змешаных фарматах — «анлайн+афлайн». Прадстаўнікі замежных СМІ, якія з-за эпідэміі не змогуць прыбыць на мерапрыемства, возьмуць удзел з дапамогай трансляцыі ў рэжыме анлайн. У іх ліку «Звязда» — чакайце падрабязнасцяў.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-litvinau
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/tradycyynaya-kitayskaya-medycyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/shanhayskaya-arganizacyya-supracounictva
[6] https://zviazda.by/be/tags/forum