26 ліпеня ў вышэйшых навучальных установах завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтную і платную формы навучання па спецыяльнасцях, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты. На два дні пазней скончыўся прыём дакументаў на бюджэт па аграрных спецыяльнасцях, якія традыцыйна адчуваюць дэфіцыт абітурыентаў. І сёння ў ВНУ падводзяць першыя вынікі прыёмнай кампаніі.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце на дзённую бюджэтную форму навучання пададзены 3142 заявы ад абітурыентаў пры плане прыёму — 2199. Сярэдні конкурс па ВНУ склаў 1,43 чалавека на месца.
Сярод тых, хто падаў дакументы, — 75 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд. Яны залічваюцца ў студэнты без экзаменаў.
Скончылі сярэднюю школу з медалём альбо сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з дыпломам з адзнакай 804 абітурыенты (гэта кожны чацвёрты).
Выпускнікоў ліцэяў і гімназій сярод тых, хто падаў дакументы, — 1474 чалавекі, што складае 47 працэнтаў ад агульнай колькасці.
Колькасць абітурыентаў, якія ўдзельнічаюць у агульным конкурсе і маюць сумарны бал вышэй за 300 — 69,2 працэнта. Стобальныя сертыфікаты ЦТ маюць 92 абітурыента. А на факультэт міжнародных адносін (ФМА) падала дакументы абсалютная рэкардсменка па балах. Выпускніца Ліцэя БДУ Анастасія Савасцёнак набрала 400 балаў з 400 магчымых: у «максімум» увайшлі вынікі ЦТ па беларускай і англійскай мовах, сярэдні бал атэстата і 100 балаў за перамогу на рэспубліканскай алімпіядзе па грамадазнаўстве. У гісторыі прыёмных кампаній у нашай краіне гэта другі выпадак максімальных балаў у абітурыента. У першым выпадку абітурыентка таксама выбрала факультэт міжнародных адносін БДУ.
На спецыяльнасцях, па якіх праводзяцца ўнутраныя выпрабаванні, склаліся наступныя конкурсы: «дызайн» (напрамак — камунікатыўны) — 12 чалавек на месца пры плане прыёму — 6; «дызайн» (напрамак — дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя) — 7,5 чалавека на месца пры плане прыёму — 6; «правазнаўства» (на скарочаную форму) — 3,2 чалавека на месца пры плане прыёму — 10.
На завочную бюджэтную форму навучання падалі дакументы 404 абітурыенты пры плане прыёму 231 чалавек, такім чынам конкурс склаў 1,75 чалавека на месца. У тым ліку на скарочаны тэрмін навучання падалі дакументы 223 абітурыенты пры плане прыёму 70 (конкурс — 3,2 чалавека на месца).
На спецыяльнасцях, па якіх праводзяцца ўнутраныя выпрабаванні, самы высокі конкурс назіраецца на наступных: «медыцынская экалогія» (скарочаны тэрмін навучання) — 7,8 чалавека на месца пры плане — 5; «правазнаўства» (скарочаны тэрмін навучання) — 2,5 чалавека на месца пры плане — 30; «сацыяльная работа» (скарочаны тэрмін навучання) — 4 чалавекі на месца пры плане — 4; «менеджмент» (скарочаны тэрмін навучання) — 3,7 чалавека на месца пры плане — 7; «фінансы і крэдыт» (скарочаны тэрмін навучання) — 2,3 чалавека на месца пры плане — 7; «дакументазнаўства» (скарочаны тэрмін навучання) — 2,4 чалавека на месца пры плане — 12.
У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на дзённую бюджэтную форму навучання пададзена 1909 заяў, што на 58,8 працэнта перавышае план прыёму (1123). На тэхніка-тэхналагічны профіль паступіла 1781 заява пры плане прыёму 1093. На 30 бюджэтных месцаў па інжынерна-эканамічных спецыяльнасцях хочуць паступіць 128 абітурыентаў. На ваенны факультэт падалі 75 заяў (план прыёму — 89).
Рэкордны бал прыёмнай кампаніі ў БДУІР — 396. Такую планку ўстанавіла абітурыентка з Пінска Вікторыя Лазюк. Яна падала дакументы на факультэт камп'ютарных сістэм і сетак на спецыяльнасць «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Вікторыя набрала максімум на ЦТ па рускай мове і матэматыцы. Фізіку здала на 96 балаў. А ў атэстаце ў яе адны «дзясяткі».
Варта нагадаць, што абітурыенты БДУІР маюць магчымасць пры падачы заявы ў прыёмную камісію выбіраць і расстаўляць свае прыярытэты. У спісе, з якога яны выбіраюць, — 34 спецыяльнасці. Калі абітурыент не праходзіць па сваіх балах на першую ўпадабаную спецыяльнасць, згаданую ў прыярытэтах, то ўдзельнічае ў у конкурсе на другую, трэцюю і гэтак далей. Прычым пры падачы дакументаў можа падаць адразу дзве заявы: на бюджэтную і платную формы навучання. Пры гэтым пералік спецыяльнасцяў, іх колькасць і прыярытэты могуць быць розныя для дзвюх заяў. У выпадку непаступлення на бюджэт заява абітурыента будзе ўлічана ў конкурсе на платную форму навучання, што не запатрабуе дадатковага візіту ў прыёмную камісію.
Самай папулярнай сярод абітурыентаў стала спецыяльнасць «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» на факультэце камп'ютарных сістэм і сетак. На першым месцы ў заяве яе ўказалі 332 чалавекі (пры плане прыёму — 60). На другім месцы — «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)» на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання — 150 заяў на 15 бюджэтных месцаў. Замыкае тройку рэйтынгу папулярнасці — «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (ФКСіС) — 147 ахвотных на 65 бюджэтных месцаў.
На дзённую бюджэтную скарочаную форму навучання падалі дакументы 28 абітурыентаў пры плане набору — 24. На завочную бюджэтную форму прынята 48 заяў на 38 месцаў. На завочнай бюджэтнай скарочанай форме 5 месцаў, а жадаючых паступіць — 52 (!).
Пасяджэнне прыёмнай камісіі, на якой адбудзецца залічэнне на бюджэтную дзённую і завочную формы атрымання адукацыі, акрамя скарочанай, пройдзе 30 ліпеня. Пратакол аб залічэнні будзе апублікаваны на сайце. У электронным кабінеце абітурыента таксама з'явіцца інфармацыя аб тым, на якую спецыяльнасць той прайшоў.
Прыём дакументаў на платную форму навучання працягваецца. Сёння на 1042 платныя месцы пададзена 485 заяў. Пакуль што лідзіруе тая ж спецыяльнасць, што і ў бюджэтнікаў — «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» — (92 заявы пры плане набору 60). Таксама попытам карыстаюцца спецыяльнасці эканамічнага профілю — «электронны маркетынг» і «эканоміка электроннага бізнесу». На іх запоўнена ўжо больш за палову месцаў.
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце на асобныя спецыяльнасці прахадныя балы выраслі на 18 пунктаў. На думку рэктара Аляксандра ЖУКА, прыёмная кампанія 2021 года для ўніверсітэта больш паспяховая за леташнюю: «Усяго было пададзена звыш 2280 заяў, гэта больш, чым летась. Акрамя таго, павялічылася сярод абітурыентаў колькасць выпускнікоў педагагічных класаў. Гэта наш асноўны кантынгент, бо гэтыя хлопцы і дзяўчаты робяць усвядомлены выбар прафесіі, яны знаёмыя з яе асновамі, бо вывучалі іх два гады на школьным факультатыве. Цікава, што сярод абітурыентаў нямала і прадстаўнікоў педагагічных дынастый. Напрыклад, у БДПУ падаў заяву выпускнік сталічнай школы № 32 Аляксей Баравік, які будзе настаўнікам у пятым пакаленні. Гэта ўнікальны выпадак».
Аляксандр Жук адзначыў рост прахадных балаў, які адбыўся, — на некаторых спецыяльнасцях яны вышэйшыя за 310.
— Па васьмі спецыяльнасцях яшчэ праходзяць унутраныя экзамены — на факультэтах эстэтычнай адукацыі, фізічнага выхавання і філалагічным. Разлічваем, што і там складуцца прахадныя не ніжэйшыя за 300. У апошнія гады да нас прыходзяць абітурыенты іншага ўзроўню — больш матываваныя і падрыхтаваныя.
Сёлета на факультэце фізвыхавання ад агульнай колькасці тых, хто падаў заявы, — 60 працэнтаў юнакоў, на гістарычным — 55 працэнтаў. Траціна студэнтаў на фізіка-матэматычным факультэце — таксама хлопцы. Гэта значыць, што педагагічная прафесія становіцца ўсё больш мужчынскай, і гэта не можа не радаваць, — падкрэслівае рэктар.
Усяго за час уступнай кампаніі на бюджэт у БДПУ было пададзена амаль 2300 заяў ад абітурыентаў: з іх 76 — ад медалістаў, 128 маюць дыплом з адзнакай, 203 —-
выпускнікі педкласаў.
Набор на дзённую бюджэтную форму навучання складае ў БДПУ 885 чалавек, на дзенную платную — 435, на завочную бюджэтную — 275 і на завочную платную — 600.
У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце агульная колькасць пададзеных заяў на дзённую бюджэтную форму навучання склала 3081, на завочную форму — 1190. У сярэднім за кожны дзень прыёмнай кампаніі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце падавалася 500 заяў, выключэннем стаў апошні дзень, калі было пададзена адразу 1000 заяў. У БНТУ такі ажыятаж стаў ужо традыцыйным, бо аднолькавы набор сертыфікатаў тут можна падаць на мноства тэхнічных спецыяльнасцяў.
Па папярэдніх выніках найбольш высокі конкурс сфарміраваўся па наступных спецыяльнасцях: «маркетынг» на факультэце маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва —5,5 чалавека на месца; «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі — 4,47 чалавека на месца; «аўтасэрвіс» на аўтатрактарным факультэце — 3,53 чалавека на месца; «эканоміка і арганізацыя вытворчасці (машынабудаванне)» на машынабудаўнічым факультэце — 3,2 чалавека на месца; «транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)» на аўтатрактарным факультэце — 3,1 чалавека на месца; «менеджмент (па напрамках)» на факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі — 3 чалавекі на месца.
Лідзіруючыя пазіцыі ў маніторынгу прахадных балаў па традыцыі займаюць спецыяльнасці архітэктурнага факультэта. Па папярэдніх звестках колькасць пададзеных заяў на спецыяльнасцях «архітэктура» і «архітэктурны дызайн» перавышае план прыёму ў чатыры разы.
Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі Андрэя САФОНАВА, большая частка факультэтаў выканала план прыёму на бюджэтныя месцы.
Трэба дадаць, што на сайтах некаторых ВНУ ўжо можна азнаёміцца са спісамі абітурыентаў, рэкамендаваных да залічэння. Прыём заяў на платную форму навучання ў вышэйшых навучальных установах прадоўжыцца да 9 жніўня.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота з сайта bsuіr.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[6] https://zviazda.by/be/tags/bntu
[7] https://zviazda.by/be/tags/bduir
[8] https://zviazda.by/be/tags/bdpu
[9] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-zhuk
[10] https://zviazda.by/be/tags/specyyalnasci
[11] https://zviazda.by/be/tags/syaredni-konkurs
[12] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty
[13] https://zviazda.by/be/tags/prahadnyya-baly-0
[14] https://zviazda.by/be/tags/it
[15] https://zviazda.by/be/tags/dyzayn
[16] https://zviazda.by/be/tags/arhitektura-1