Герою Савецкага Саюза Васiлю Мiчурыну ўчора споўнiлася 105 гадоў. Вiншавальнае пасланне i падарункi ад Прэзiдэнта Беларусi з нагоды выдатнага юбiлею ветэрану ўручыў начальнiк Генеральнага штаба Узброеных Сiл — першы намеснiк мiнiстра абароны генерал-маёр Вiктар Гулевiч, паведамляе БелТА.
Шматлiкiя вiншаваннi Васiль Сяргеевiч прымае сёння ў асноўным дыстанцыйна. Пасля паспяхова перанесенай аперацыi ветэран знаходзiцца ў доме-iнтэрнаце «Камфортнае жыццё», дзе яму забяспечаны пастаянны прафесiйны догляд.
Улiчваючы ўзрост, стан здароўя i эпiдэмiчную абстаноўку, маштабнага святкавання юбiляр не арганiзоўваў i гасцей не склiкаў. Але быў рады i расчулены, атрымаўшы ў свой дзень нараджэння асабiста ад начальнiка Генштаба вiншавальнае пасланне кiраўнiка дзяржавы, кветкi i падарункi.
«Вы маяк для ўсiх ваеннаслужачых, для ўсiх грамадзян нашай краiны, сiмвал мэтанакiраванасцi да абароны краiны, патрыятызму», — падкрэслiў Вiктар Гулевiч, вiншуючы Героя.
«Я жыву. I жыць хочацца», — з усмешкай сказаў гасцям Васiль Сяргеевiч.
Памочнiк мiнiстра абароны па iдэалагiчнай рабоце ва Узброеных Сiлах — начальнiк галоўнага ўпраўлення iдэалагiчнай работы Мiнiстэрства абароны Леанiд Касiнскi ў размове з журналiстамi расказаў, што для ваеннаслужачых, ды i для ўсёй краiны, Васiль Мiчурын — асоба без перабольшання легендарная: званне Героя Савецкага Саюза ён атрымаў у 24 гады ў Савецка-фiнляндскай вайне, прайшоў усю Вялiкую Айчынную вайну. «Цяжка знайсцi iншага такога легендарнага чалавека (у Беларусi. — Заўвага. БелТА)», — лiчыць Леанiд Касiнскi. У пасляваенны час Васiль Мiчурын разам з iншымi аднаўляў разбураную Беларусь, працаваў, гадаваў дзяцей, унукаў. «Мы часта сустракаемся з Васiлём Сяргеевiчам, i яшчэ лiтаральна два гады таму ён кожны вечар рабiў 30-40-хвілінныя шпацыры», — адзначыў прадстаўнiк Мiнабароны.
Мiнiстр працы i сацыяльнай абароны Iрына Касцевiч таксама была сярод тых, хто сёння прыехаў павiншаваць легендарнага ветэрана. У размове з журналiстамi яна звярнула ўвагу, што лiчыць Васiля Мiчурына двойчы Героем — за заслугi ў ваенны i ў мiрны час. «Гэты чалавек прайшоў дзве вайны, для нас ён узор мужнасцi i гераiзму, — сказала яна. — Ён усё сваё жыццё аднаўляў краiну пасля вайны, ён цудоўны бацька, дзядуля i прадзядуля, i ён наш доўгажыхар».
«Ён любiць жыццё, любiць краiну i людзей, якiя ў гэтай краiне. Яго пазiтыў, настрой i гумар пацвярджаюць, што кожнаму з нас сапраўды трэба арыентавацца на такога пазiтыўнага па жыццi чалавека», — дадала Iрына Касцевiч.
Яна падкрэслiла, што ў Беларусi на ўсiх узроўнях цэняць i шануюць ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны. «На жаль, iх з кожным годам усё менш, самым старэйшым — ужо за сто гадоў, самым маладым — за 90.
З боку дзяржавы iм аказваецца адпаведная значная падтрымка: бясплатнае лекавае забеспячэнне, санаторна-курортнае аздараўленне, пражыванне ў дамах-iнтэрнатах, — сказала мiнiстр. — Мерапрыемствы, якiя праводзяцца ў краiне, накiраваны на тое, каб аддаць данiну павагi тым людзям, якiя забяспечылi нам гэта шчаслiвае жыццё. I прыняты некалькi дзён таму ўказ кiраўнiка дзяржавы аб тым, што цяпер аднаразовая матэрыяльная дапамога будзе выплачвацца штогод ветэранам Вялiкай Айчыннай вайны i асобам, якiя пацярпелi ад наступстваў вайны, — гэта яшчэ адно пацвярджэнне, наколькi мы ўдзячны гэтым людзям за наша жыццё».
Як расказалi ў Мiнiстэрстве абароны, Васiль Мiчурын удзельнiчаў у Савецка-фiнляндскай i Вялiкай Айчыннай войнах з першага да апошняга iх дня.
Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены за подзвiг у баi на Карэльскiм перашыйку ў пачатку лютага 1940 года. Тады яму было 24 гады. У жнiўнi 1940-га ён стаў курсантам Мiнскага ваенна-палiтычнага вучылiшча. Вялiкая Айчынная вайна застала яго пад беларускай сталiцай. Франтавымi дарогамi, змагаючыся з ворагам, ён дайшоў да Чэхаславакii. Удзельнiчаў у абароне Мiнска, Магiлёва, браў Кёнiгсберг i Берлiн. Дарагой цаной далiся яму баявыя ўзнагароды — два ордэны Чырвонай Зоркi, ордэны Айчыннай вайны I i II ступенi, медаль «За баявыя заслугi» пры вызваленнi Гомеля i Слуцка, Баранавiч i Брэста. За вызваленне Варшавы i баi ва Усходняй Прусii ён атрымаў другi ордэн Айчыннай вайны II ступенi.
Сёння ў Беларусi засталiся два Героi Савецкага Саюза — Васiль Сяргеевiч Мiчурын i Iван Iльiч Кустаў
Фота: «Ваяр»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/vasil-michuryn-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/geroy-saveckaga-sayuza
[4] https://zviazda.by/be/tags/yubiley
[5] https://zviazda.by/be/tags/vinshavanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/viktar-gulevich-0