Лейтматыў гэтага лета, спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу», скончыла сваё падарожжа па рэгіёнах Беларусі. Ліда, Орша, Кобрын, Мазыр, Бабруйск, Салігорск — гарады, якія паклалі пачатак новай гісторыі. Абавязковым пунктам праграмы ў кожным горадзе была выстаўка работ сучаснага беларускага мастацтва «Кола часу» і выстаўка конкурсу дзіцячых малюнкаў «Мой крок да Алімпу». Вернісаж адкрываўся ў першы дзень фестывалю і цэлыя выхадныя радаваў сваіх наведвальнікаў. Усё гэта было магчыма дзякуючы галерэі «АртХаос». Кіраўнік галерэі Лілія Лукашэнка падзялілася вопытам удзелу ў фестывалі «Вытокі. Крок да Алімпу» і расказала, чаму сучаснае беларускае мастацтва вартае ўвагі.
— Лілія Валер’еўна, падвядзіце, калі ласка, вынік выстаўкі «Кола часу» ў прыватнасці і ўсяго фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» ў цэлым. Усё задуманае ўдалося выканаць?
— Кожны раз у пачатку новага праекта плануецца многае, але потым на месцы прыходзіцца нешта мяняць, падстройвацца пад новы горад. Нешта не атрымліваецца, мяняецца ці ўвогуле здараецца штосьці нечаканае, але прыемнае. Галоўная тэма нашага праекта «Вытокі. Крок да Алімпу» — паказаць тое, з чаго ўсё пачынаецца, адкуль мы чэрпаем свае сілы. І ў кожным горадзе мы рабілі акцэнт на адметнасцях, на якіх варта засяродзіць увагу. У гэтым мы дасягнулі, чаго хацелі. Мы хацелі падняць пласт нашага нацыянальнага, традыцыйнага. Мы хацелі звярнуць увагу на тое, што мы краіна з багатай гісторыяй, цікавымі традыцыямі, якія, на жаль, сыходзяць у нябыт, а мы жывём сучаснымі «Цік-Токам», «Інстраграмам» і ўвогуле імкнёмся быць падобнымі да некага. Наша праблема ў тым, што мы пад некага падстройваемся. Але наша культура такая, якая ёсць, і гэтым яна адметная. І выстаўка таксама тое паказвае.
— Цікава, што ў кожным горадзе фестываль пачынаўся з прэзентацыі мясцовай гісторыка-культурнай спадчыны. А вы дэманструеце людзям сучаснае мастацтва. Атрымліваецца кола часу ў дзеянні...
— Сама ідэя фестывалю ад чатырох арганізатараў прадугледжвае нестандартны фармат. У нас некалькі кірункаў і кожны самадастатковы, мы паспрабавалі аб’яднаць, здавалася б, несумяшчальныя рэчы — спорт, культуру і адукацыю. І мне здаецца, нам гэта ўдалося і атрымаўся добры сямейны фестываль. У кожнага з чатырох арганізатараў была свая ідэя і свае чаканні ад праекта. І разам мы прыйшлі да агульнай канцэпцыі, якая аказалася ўдалай. Проста ідэйныя людзі аб’ядналіся ў адну каманду і знайшлі агульную мову. Ідэя падняць нашы традыцыі, культуру, паказаць мастацтва адлюстравалася ў праграме, якой мы прытрымліваліся ў кожным рэгіёне. Нават калі хтосьці з рэгіёнаў хацеў прыўнесці нешта сваё, мы прасілі не адступаць ад канцэпцыі, бо ў ёй аб’яднаны традыцыйная і сучасная культура з плаўным пераходам да спартыўнай праграмы. Людзі ўжо так стаміліся ад пандэмійнага напружання, ім проста хочацца свята. І мы былі радыя яго падарыць.
— Для галерэі «АртХаос» гэта першы вопыт удзелу ў такім буйным рэспубліканскім праекце?
— Можна сказаць, што першы. Галерэя ўдзельнічае ў «Славянскім базары», там працуе наша выстаўка. Але ў такім маштабным фестывалі — упершыню. Заўсёды хочацца вырвацца за межы, новыя павевы прыносяць пазітыў і натхненне. І гэта вельмі важна. У Мінску ўсё сканцэнтравана, там усё ёсць. А мы хацелі падзяліцца гэтай творчасцю з рэгіёнамі і паказаць, што тварыць можна ўсюды.
— Як з’явілася ідэя конкурсу дзіцячых малюнкаў? Гэта спроба прыцягнуць моладзь да фестывалю?
— Назва конкурсу «Мой крок да Алімпу», і калі да нас звярталіся з пытаннем «што намаляваць», мы адказвалі, што крок да Алімпу ў кожнага свой і неабавязкова ў спорце. Мы прасілі дзяцей паказваць свае дасягненні ў розных сферах. Зразумела, што ў іх крыху іншае разуменне. Хоць былі вельмі цікавыя работы. Безумоўна, не ўсе дзеці, якія займаюцца ў мастацкіх студыях, стануць мастакамі. Мы вырашылі аб’яднаць дзіцячыя малюнкі і карціны мастакоў у адной зале, каб зматываваць дзяцей не спыняцца на дасягнутым і ісці наперад. Вельмі хочацца, каб таленавітыя дзеці знайшлі сябе ў жыцці.
— Вельмі запамінаецца работа, дзе намаляваны малы, які вучыцца поўзаць...
— Так, гэта ж таксама крок да Алімпу! Была дзяўчынка, якая намалявала свае ўражанні ад моманту, калі ёй уручалі дыплом. У дзяцей дастаткова глыбокі ўнутраны свет, і калі яго не заганяць у рамкі і не навязваць тэму, то яны праявяць сябе ва ўсёй разнастайнасці. Дзецям у гэтым плане трэба даваць свабоду.
— Падчас спартыўнага квэсту трэнеры адзначалі таленавітых, перспектыўных дзяцей, якіх запрашалі ў спартыўныя секцыі. У вашай мастацкай галіне, такі прынцып прасочваўся?
— У нас крыху іншы фармат. Мы ўсе работы з конкурсу малюнкаў уважліва праглядалі і выбіралі тры найлепшыя, плюс прыз глядацкіх сімпатый. Мы зробім выстаўку гэтых найлепшых работ ад кожнага рэгіёна ў нашай галерэі, у Мінску. І плануем выпусціць буклет з гэтымі работамі. Няхай ён будзе невялікі, але для дзяцей гэта ўжо Алімп. Зразумела, што мы не зможам назіраць за кожным дзіцем, бо яны ўсе жывуць у розных рэгіёнах. Але дзіця, якое хоча тварыць, мае імкненне і талент, не павінна страціць свой стрыжань, сваю мару, і мы спрабуем у гэтым дапамагчы.
— Лілія Валер’еўна, вы адзначалі, што ідэя выстаўкі — сабраць розных сучасных мастакоў. А ці звярталі ўвагу на месца нараджэння гэтых мастакоў, каб сабраць яшчэ і прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў?
— Мэтанакіравана — не. Выбіраючы карціны, мы хацелі паказаць разнастайнасць стыляў і напрамкаў. Мы хацелі паказаць і дзецям, што кожны мастак па-свойму сябе выражае. І па волі лёсу атрымалася так, што прадстаўлены амаль усе вобласці. Некаторыя мастакі нават родам з мясцін, дзе праходзілі «Вытокі».
— А ў якім горадзе была самая яркая зваротная сувязь ад наведвальнікаў выстаўкі?
— Калі пачынаецца новы праект, да яго шмат увагі. Людзі яго не ведаць і разважаюць, удзяляць яму свой час ці не. А калі ўключаецца «сарафаннае радыё», людзі больш кажуць аб праекце, то і інтарэс расце. Так і ў нас атрымалася. Спрацавала «сарафаннае радыё». Зваротная сувязь пайшла па нарастаючай. І не таму, што адзін горад прымаў нас лепш, а другі — горш. А таму, што з кожным горадам мы станавіліся больш пазнавальныя. І ад горада да горада нас больш чакалі людзі, і нават дзеці больш актыўна дасылалі малюнкі.
— Так склалася, што амаль усё, у тым ліку і культурнае жыццё, сканцэтравана ў сталіцы. А як развіваецца сучасны жывапіс у рэгіёнах?
— Любоў да мастацтва была паўсюль і ва ўсе часы. Але дадзеная сфера ніколі не была масавай. Гэта ў першую чаргу парыванне чалавека, покліч яго душы, незалежна ад месца пражывання. Вядома, любая сталіца мае перавагу, бо яна збірае ўсе найлепшае. Але ўсё роўна культурнае жыццё ў рэгіёнах ёсць. І так прыемна, калі на нашу выстаўку прыходзілі людзі, якія ўжо засумавалі па культурных падзеях, чакалі іх. Магчыма, у рэгіёнаў менш шанцаў убачыць нешта маштабнае. Але яны стараюцца сваімі сіламі. І задача «Вытокаў» — прыцягнуць, зацікавіць людзей прыйсці, паглядзець і адкрыць для сябе нешта новае ці проста атрымаць асалоду.
— Якія тэндэнцыі ў сучасным беларускім жывапісе вы як спецыяліст можаце вылучыць?
— У нас заўсёды былі выдатныя мастацкія школы, і, на маю думку, вельмі добра, што захаваліся іх традыцыі. Мне імпануе, што наша мастацтва грунтуецца на традыцыях. Безумоўна, нашы мастакі вучацца ў замежных калег, нешта пераймаюць. І мяне радуе, што ў нас ёсць усё — ад традыцыйнага да сучаснага. Хацелася б яшчэ звярнуць увагу на такі момант. Сёння ўсё можна ўбачыць у інтэрнеце. Але ні адна карціна праз экран поўнасцю на раскрыецца, не перадасць эмоцыі. І нам хочацца, каб людзі зразумелі, што калі кантактуеш з тым ці іншым творам анлайн і ўжывую — гэта зусім іншыя эмоцыі і зусім іншы вынік такога ўзаемадзеяння.
— У выстаўцы можна ўбачыць шмат пейзажаў, то-бок сучасныя мастакі вяртаюцца да прыроды, да сваіх вытокаў?
— Сапраўды, пейзажаў дастаткова, мабыць, яны найбліжэйшыя да нашых вытокаў. І гэтым наша школа моцная, што мы захавалі такую традыцыйнасць. Мы не кідаемся ў крайнасці. Дзякуючы нашай Акадэміі мастацтваў, маладыя мастакі спрабуюць розныя напрамкі і знаходзяць нешта сваё. У нас такая прыгожая краіна, едзеш і аж вока радуецца. Дык чаму б не пісаць пейзажы?
— Асабіста вам які жанр падабаецца больш за ўсе?
— Мне падабаецца шмат што — Віцебская школа, традыцыйныя напрамкі. Я люблю савецкі сацрэалізм, не так даўно да яго прыйшла, нешта цягне. Не магу вылучыць нейкі адзін жанр. Бывае, глядзіш на карціну і яна не выклікае ніякіх пачуццяў, а ў кагосьці выклікае асацыяцыі, успаміны. І калі адбываецца «хімія» — гэта цудоўна, важна незалежна ад жанру.
— Лілія Валер’еўна, ёсць меркаванне, што да разумення мастацтва трэба «прыйсці». Што гэта значыць?
— Я падобнае пытанне задавала прафесійнаму калекцыянеру, калі пачынала паглыбляцца ў тэму мастацтва. Ён мне адказаў — «глядзі, глядзі, глядзі». Чым больш глядзіш на карціны, тым больш пачынаеш іх разумець, пачынаеш выбарачна да іх падыходзіць. Нешта пачынае больш падабацца, нешта менш і паціху прыходзіць разуменне.
— Часта можна пачуць, што пэўная карціна «дрэнная, няякасная». Але ці можна так сказаць пра твор мастацтва?
— Калі работа камусьці падабаецца, значыць, яна вартая ўвагі, калі яна не пакінула чалавека раўнадушным. Мастацтва можа радаваць і крыўдзіць. Зразумела, з прафесійнага пункту погляду ёсць моманты, якія ацэньваюцца, — і кампазіцыя, і спалучэнне колераў, і яшчэ шмат чаго. Недарма ў Акадэміі мастацтваў гэтаму вучаць. Ёсць рознага кшталту моманты, на якіх засяроджваюць увагу спецыялісты. Ёсць правілы, якіх мастакам варта прытрымлівацца. Але калі карціна камусьці спадабалася значыць яна добрая як мінімум для гэтага чалавека.
— Назва вашай галерыі «АртХаос». Калі улічваць, што «арт» — гэта мастацтва, а «хаос» — беспарадак, можна зрабіць вывад, што назва галерэі — гэта творчы беспарадак?
— Мабыць, можна і так сказаць. Мы хацелі ў гэтым хаосе паказаць разнастайнасць мастацтва. Цяпер у галерэях прынята браць адзін кірунак і працаваць толькі з ім. А мы хочам паказаць усё беларускае мастацтва. І гэты хаос у нашым выпадку — разнастайнасць стыляў і кірункаў. У назве ў літары «о» намалявана літара «у». «Хаўс» — як вядома дом, сваё, роднае. Мы крыху «пагулялі» са словамі.
— Фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» амаль скончыўся. У выстаўкі «Кола часу» будзе працяг?
— Я спадзяюся, што «Вытокі» хоць і скончацца сёлета, але ў будучыні ў нейкай ступені застануцца. Гэтая ідэя вельмі блізкая нам, арганізатарам, і запатрабаваная ў рэгіёнах. Яна знайшла водгук. Таму мы знойдзем нейкую іншую форму ці пакінем гэту. Што датычыцца галерэі, то мы не хочам стаяць на месцы, мы пастаянна шукаем нешта новае. Будуць «Вытокі» — будзем працаваць з імі. Усё вымагае развіцця, ні ў якім разе нельга спыняцца, таму мы будзем удзельнічаць у розных праектах. Гэтым летам мы пазнаёміліся з цікавымі людзьмі па ўсёй краіне, яны нас запрашаюць да сябе. Думаю, нешта новае прыдумаем.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з архіву гераіні
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/spartyuna-masavae-merapryemstva-vytoki-krok-da-alimpu
[4] https://zviazda.by/be/tags/arthaos
[5] https://zviazda.by/be/tags/liliya-lukashenka