Імя сапраўды выдатнага савецкага разведчыка Міхаіла Мукасея стала вядомае толькі ў пачатку XXІ стагоддзя, калі ён разам з жонкай Лізаветай выдаў кнігу ўспамінаў «Зефір і Эльза. Разведчыкі-нелегалы». Гэта ён перадаў у Маскву інфармацыю ў ракавыя для краіны дні ў пачатку восені 1941 года пра тое, што японцы на СССР нападаць не будуць, што дазволіла прыняць рашэнне пра маштабнае перакідванне частак Чырвонай Арміі з Далёкага Усходу для абароны Масквы.
Міхаіл Мукасей нарадзіўся ў 1907 годзе ў мястэчку Замосце пад Слуцкам у яўрэйскай сям'і патомных кавалёў. Вучыўся ў Ленінградскім інстытуце ўсходніх моў. У 1937 годзе паступіў у разведшколу Генштаба РСЧА. З 1939 года — прафесійны разведчык, здабываў надзвычай важную інфармацыю аб пазіцыі ЗША напярэдадні вайны пад прыкрыццём пасады віцэ-консула СССР у Лос-Анжэлесе. З яго сям'ёй зблізіліся сем'і Тэадора Драйзера, Чарлі Чапліна, зорак нямога кіно Дугласа Фербенкса і Мэры Пікфард.
«У разведку, асабліва нелегальную, адбіраліся людзі з усёй краіны, іх вышуквалі, — расказаў у фільме «Лёс рэзідэнта. Аперацыя «Галівуд» (праект АНТ «Зваротны адлік», 2012 год) сын разведчыка, кінааператар Анатоль Мукасей. — Гэта павінны былі быць людзі з пэўным менталітэтам, з пэўным светапоглядам. Найвышэйшай адукаванасці людзі. З імі можна было размаўляць на любую тэму. Гэта былі казачныя людзі».
Ад нараджэння Міхаіл Ісакавіч ведаў ідыш, беларускую, рускую і польскую мовы, потым авалодаў англійскай, бенгальскай, французскай і іспанскай. Ёсць меркаванне, што разведчык Мукасей валодаў асаблівым дарам — абвостранай інтуіцыяй, якую атрымаў у спадчыну ад свайго дзеда.
Яго сваякоў, якія засталіся ў Замосці (больш за 11 чалавек), у 1942 годзе фашысты сагналі ў Капыль і расстралялі. Сам Міхаіл Ісакавіч пражыў 101 год, з іх 30 — у якасці разведчыка-нелегала разам з жонкай за мяжой.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота Анатоля КЛЯШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-mukasey
[5] https://zviazda.by/be/tags/zamosce-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/sluck-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/genshtab-rscha
[8] https://zviazda.by/be/tags/zvarotny-adlik-1
[9] https://zviazda.by/be/tags/ant
[10] https://zviazda.by/be/tags/razvedchyk-0