На Востраве Мужнасці і Смутку, больш вядомага ў народзе як Востраў слёз, надзвычай шматлюдна. Сімвалічна, што мітынг-рэквіем праходзіць акурат напярэдадні 25-й гадавіны з дня адкрыцця мемарыяльнага комплексу.
Рашэнне аб стварэнні помніка ў Мінску было прынята ў 1987 годзе. Яшчэ ішла вайна, але было вырашана ўвекавечыць памяць тых, хто не вярнуўся дадому. Ідэя належала кавалеру ордэна Чырвонай Зоркі і будучаму народнаму дэпутату СССР Паўлу Шацько. Сам воін-інтэрнацыяналіст, інвалід вайны, ён добра разумеў, што аб гэтай вайне павінна ведаць моладзь.
— Праўда доўгі час замоўчвалася, — расказвае старшыня савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір ШОКАЎ. — Калі пачалі з'яўляцца загінулыя ў цынкавых трунах, казалі, што гэта адзінкавыя выпадкі. Калі ж масава папрыходзілі з вайны параненыя салдаты, інваліды, праўда адкрылася. Гэтыя людзі пачалі аб'ядноўвацца — у выніку была створана наша арганізацыя. Мы пачалі аказваць дапамогу маці загінулых, інвалідам. Акрамя таго, вучылі моладзь таму, з чым яна можа сутыкнуцца на Афганскай вайне. Каб аддаць даніну памяці сваім баявым сябрам, якія не вярнуліся з той вайны, было вырашана стварыць помнік.
Мемарыял на Востраве слёз узнік дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, а таксама добраахвотніцкім ахвяраванням, якія ішлі з усяго Савецкага Саюза. Аўтарам праекта стаў украінскі скульптар Юрый Паўлаў. Падчас адкрыцця помніка воінам-інтэрнацыяналістам 3 жніўня 1996 года Прэзідэнт Беларусі сказаў, што ні адзін салдат нашай краіны не будзе ваяваць у чужых краях. Дзякуй богу, нашы вайскоўцы дагэтуль абараняюць інтарэсы выключна сваёй дзяржавы.
Вераніка КАНЮТА
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-shokau
[4] https://zviazda.by/be/tags/afganistan
[5] https://zviazda.by/be/tags/vostrau-slyoz
[6] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0