Рэспубліканская дабрачынная акцыя «У школу з добрым сэрцам», ідэйным натхняльнікам якой з 2015 года выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, стартуе 3 жніўня, паведамляе [1] БелТА са спасылкай на сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ, каардынатара валанцёрскага руху «Добрае сэрца» Аляксандру Ганчарову.
«Менш за месяц застаецца да пачатку новага навучальнага года. Безумоўна, 1 верасня з асаблівым трапятаннем чакаюць будучыя першаклашкі. Кожны марыць пайсці па веды з новым заплечнікам, напоўненым школьнымі прыладамі. Місія валанцёраў „Добрае сэрца“ — дапамагчы сабраць у школу дзяцей з шматдзетных і няпоўных сем’яў. Безумоўна, па-за ўвагай добраахвотнікаў не застануцца дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, над якімі шэфствуюць валанцёрскія атрады БРСМ», — распавяла Аляксандра Ганчарова.
Мерапрыемствы дабрачыннай акцыі пройдуць з 3 жніўня па 3 верасня. «Мы плануем правесці на працягу месяца па ўсёй краіне больш за 200 добраахвотніцкіх актыўнасцей. Гэта будзе збор канцылярскіх тавараў у гандлёвых цэнтрах і школьных кірмашах, фарміраванне і ўручэнне падарункаў, у тым ліку з гульнявымі і конкурснымі праграмамі, — дапоўніла сакратар ЦК. — Стаць датычнымі да старту добрай акцыі можна будзе ўжо заўтра. Напрыклад, жыхары і госці сталіцы змогуць падзяліцца з дзецьмі цяплом сваёй душы і пакінуць у „Скарбонцы“ школьныя падарункі ў універмагах „Беларусь“ і ЦУМ „Мінск“, у Брэсце — у цэнтральным універмагу, у Віцебску — у ГЦ GREEN Центр, у Гомелі — у ўнівермагу „Гомель“, у Барысаве — у ГЦ „Веста-Барысаў дом гандлю“. Кропка збору школьных прылад будзе адкрытая і ў Гродзенскім гарадскім камітэце БРСМ».
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/blagotvoritelnaja-aktsija-brsm-v-shkolu-s-dobrym-serdtsem-startuet-3-avgusta-453382-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[3] https://zviazda.by/be/tags/dabrachynnaya-akcyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/u-shkolu-z-dobrym-sercam
[5] https://zviazda.by/be/tags/merapryemstvy