Юрый Важнік узначальвае Беларускую асацыяцыю экспертаў і сюрвеераў на транспарце, жыве ў Мінску. Але ў вольную часіну стараецца наведаць мясціны, дзе нарадзіўся, правёў дзяцінства і школьныя гады, бацькоўскі дом. Юрый Пятровіч — сапраўды апантаны чалавек, які імкнецца зрабіць сваю малую радзіму, Пухавіцкі раён, прыцягальным для турыстаў.
— Мае бацькі — настаўнікі родам з вёскі Бор Пухавіцкага раёна, затым іх перавялі на работу ў вёску Цітва. Там я і нарадзіўся. У пяць гадоў навучыўся чытаць, самастойна вывучыў польскую мову, калі ездзіў электрычкай на вучобу ў Мінск у інстытут, — кажа Юрый Важнік.
У атачэнні зеляніны, яблыневага саду стаіць дом яго бацькоў, якому сто гадоў.
— Маёй цётцы 92, яна помніць, як саджалі гэтыя яблыні, ім дзесьці за 80, але яны пладаносяць да сёння, — кажа субяседнік.
— А як у вас з'явілася цікавасць да краязнаўства? — пытаюся.
— Аднойчы да мяне прыехаў былы аднакурснік, па нацыянальнасці ён азербайджанец. Папарыліся ў лазні, абмеркавалі розныя жыццёвыя тэмы. А ён і цікавіцца, маўляў, ці ведаю, дзе пахаваны мой дзед, які загінуў на фронце падчас Вялікай Айчыннай. Я ведаў, што дзед знайшоў спачын недзе ў Польшчы, але дзе канкрэтна — невядома. Гэта падштурхнула мяне шукаць магілу. Пачаў вывучаць дакументы, працаваць у архівах. І нарэшце знайшоў месца пахавання, з'ездзіў туды. А затым зняў фільм і паказаў кіраўніцтву раёна. 3 ліпеня ў прысутнасці сваякоў і аднавяскоўцаў з воінскімі ўшанаваннямі імя майго дзеда было занесена на памятны знак у гонар мясцовых жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, — расказаў Юрый Пятровіч.
Гісторыя з дзедам абудзіла ў Важніка цікавасць да сваіх каранёў, продкаў: хто яны, чым займаліся. Ён склаў радавод сваёй сям'і амаль за трыста гадоў, да 11-га калена. Сабраў сваякоў, мабыць, чалавек трыццаць, і раздаў ім выявы генеалагічнага дрэва.
І пайшло-паехала, напісаў кнігу «Тапанімічны Космас», узяў усе назвы населеных пунктаў Пухавіцкага раёна, паспрабаваў растлумачыць іх паходжанне, рэцэнзіраваў яе ў Нацыянальнай акадэміі навук у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. Затым пачаў пісаць кнігу аб жыцці і творчасці ксяндза Юзафа Бакі «Юзаф Бака. Геній майго месца». Так узнік сайт gmm.by — Нацыянальны праект сэнсавага турызму, інакш — інтэлектуальнага падарожжа.
— Мы знайшлі ў раёне 80 славутых мясцін і выбудавалі маршруты, у межах турыстычнай дзейнасці ўладкоўваем інфраструктуру. Аб'ядналі ўсе рэсурсы пад брэндам «Душа і сэрца краіны», зрабілі білборды і ўказальнікі. Усе ахвотныя могуць падарожнічаць і без экскурсавода, самастойна на машыне, веласіпедзе. Яны могуць зайсці на сайт і атрымаць аўдыягід, турыстычны даведнік, інструкцыі, — пералічвае Юрый Важнік.
Юрый Пятровіч — член савета па развіцці прадпрымальніцтва Пухавіцкага раёна. У яго склаліся добрыя зносіны з мясцовым кіраўніцтвам, якое падтрымлівае яго ідэі. Напрыклад, сумесна плануюць адкрыць байдарачны маршрут па Свіслачы з Мінска ў Пухавічы. Юрый Важнік лічыць, што раён перспектыўны ў плане турызму, да 2025-га зможа прымаць да 200 тысяч турыстаў штогод і прыносіць да двух мільёнаў долараў.
Юрый Пятровіч запрасіў мяне ў цікавае падарожжа. Вядома, каб наведаць усе аб'екты, неабходна шмат часу, таму мы выбралі некалькі з іх.
— Канцэпцыя сэнсавага турызму ў тым, што мы едзем не «куды», а «да каго», — уводзіць у курс справы Юрый Важнік. — Для кожнага аб'екта мы прыдумалі вершы і музыку.
Першы прыпынак — вёска Блонь. Менавіта тут заснаваў сваю місію — Mіssіo Bakana — ксёндз Юзаф Бака. Тут жа ён пабудаваў і касцёл у 1752 годзе. Гэта быў твор драўлянага дойлідства. Касцёл зачынены ў 1937-м, разбураны пасля вайны. У 1970-я гады на яго месцы пабудавалі школу. Сядзіба Блонь належала ў розныя часы розным уладальнікам — княжацкаму роду Масальскіх, Путкамеру, Асоўскім, Бонч-Асмалоўскім. Будынку больш як 150 гадоў. Ён практычна цалкам захаваўся ў натуральным выглядзе — арыгінальныя сцены, вокны, гарышча, падвал, франтоны. Непаўторную прыгажосць надаюць тасканскія калоны з боку параднага ўвахода. У маёнтку меліся ўсе падсобныя і гаспадарчыя пабудовы: сыраварня, малачарня, млын, крухмальны завод, рэшткі якога захаваліся, парк, сад.
Цяпер тут знаходзіцца Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей, дзе адна з экспазіцый прысвечана жыццю і творчасці Бакі. Нарадзіўся Юзаф 18 сакавіка 1707 года ў заможнай шляхецкай сям'і на сучаснай Лагойшчыне. У 1723-м уступіў у Ордэн езуітаў, вучыўся ў Віленскай акадэміі, стаў ксяндзом, а ў 1740-м даў зарок выканання езуіцкай місіі. Першая місія была ў вёсцы Дукшты Браслаўскага павета, другая — у Краславе і Індруці над Даўгавай. Памёр Юзаф Бака
2 чэрвеня 1780 года ў Варшаве, быў пахаваны ў падзямеллі касцёла езуітаў Маці Божай Ласкавай побач з магілай Мацея Казіміра Сарбеўскага, якога называлі «Сармацкім Гарыцыем». Пасля паўстання 1834 года Бака быў перапахаваны ў зборную магілу пад алеяй Cmentarzu Powazkowskіm — на самым ганаровым мемарыяле Польшчы.
Юзэф Бака быў яшчэ і выдатным, арыгінальным паэтам, вершы якога не цанілі пры жыцці. Ён напісаў кнігу «Увазе смерці няўхільнай». Яна не зусім трагічная, распавядае аб тым, што «смерць-сляпуха каля вуха. Бедны ты ці багаты, знакаміты або не, яна ўвесь час за табою сочыць. Так што старайся жыць так, нібыта жывеш апошні дзень, рабі дабро».
Пасля экскурсіі мы прагуляліся па старым парку, што на беразе ракі Цітаўка, папілі чысцюткай вады з крынічак, агледзелі рэшткі воднага млына, прайшліся сцежкай Бакі.
Затым пабывалі на Паповай горцы, дзе 28 верасня 1941 года расстраляна больш як 1200 яўрэеў. На гэтым месцы ўладкаваны мемарыял. Цяжка паверыць, што трагедыя адбылася ў такіх прыгожых мясцінах: злева — мястэчка Пухавічы, справа — Блонь, царква Святой Тройцы, крыху далей відаць Мар'іну Горку.
Спыніліся каля царквы Святой Жыватворнай Тройцы, пабудаванай у стылі класіцызму ў 1826 годзе — драўлянай, больш падобная да ўніяцкай. Падыход да царквы, алтар, крыжы арыентаваныя на поўнач, а не на ўсход, як у традыцыйным праваслаўным храме. Царква ў фісташкавым колеры нібы пераліваецца пад сонцам. У 1944 годзе, пры вызваленні, па Блоні жахнуў залп «Кацюшы», выгарала ўсё сяло, але царква ацалела.
У 1870 годзе статс-сакратар, міністр унутраных спраў Леў Макаў атрымаў маёнтак Навасёлкі з Падблонню над ракой Цітаўка, які быў секвеставаны ў Баніфацыя Крупскага за ўдзел у паўстанні 1863 года. У 1873-м хуткімі тэмпамі будуецца Лібава-Роменская чыгунка. Яна павінна была праходзіць за пяць кіламетраў ад сядзібы, але змяніла сваю траекторыю да сядзібы Макава. Да гэтай пары ў парку застаўся вяз-велікан: каб яго ахапіць, патрэбныя чатыры чалавекі. З 1880 года кар'ера Макава пайшла на спад. Пасля замаху на Аляксандра ІІ яго вызвалілі з пасады міністра, абвінавацілі ў казённай растраце. Ён застрэліўся. Па распараджэнні цара пахаваны без ушанавання на Мар'інай Горцы ў храме, пабудаваным пад яго апекай. Гэта была копія царквы Святога Дзмітрыя ў Санкт-Пецярбургу, якую спраектаваў вядомы архітэктар Штром у грэчаскім стылі. «Наша царква была ўзведзена на 12 гадоў пазней. У Ленінградзе храм знеслі дзеля канцэртнай залы, на Мар'інай Горцы — проста так. Сведкам знішчэння ленінградскай царквы ў 1962 годзе стаў малады паэт Іосіф Бродскі.
З гэтай нагоды ён напісаў верш «Прыпынак у пустыні», пазней у 1970 годзе ў ЗША выпусціў кнігу з аднайменнай назвай», — удакладняе Юрый Пятровіч.
Яшчэ адзін парадокс: Леў Макаў выступаў супраць усяго беларускага, польскага, але міжволі стаў рухавіком беларускай глыбінкі. Па яго ініцыятыве ў 1876 годзе было створана Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі для падтрымкі рускага землеўладання. Але праз нейкі час сюды ўвайшлі мясцовыя землеўладальнікі Леў Ваньковіч, Аляксандр Скірмунт, Эдвард Вайніловіч і іншыя. Менавіта дзякуючы Макаву ў Мар'інай Горцы была ўзведзена сельскагаспадарчая школа. Будаўніцтва ішло з 1877 да 1883 года. Акрамя галоўнага корпуса, былі пабудаваныя лазня, малачарня, хлявы для жывёлы. У школу прымалі дзяцей усіх саслоўяў. У 1911-м школа пераўтворана ў вучылішча, а ў 1921-м — у сельскагаспадарчы тэхнікум.
Тут захаваліся аб'екты першай пары: 150-гадовы каменны двухпавярховы будынак з пяціметровымі столямі, сценамі метровай таўшчыні, драўлянымі вокнамі, падлогай. Будынак складаецца з трох карпусоў — у левым жылі вучні, у правым — настаўнікі, а ў сярэднім месціліся вучэбныя класы.
Завяршаецца наша падарожжа каля геаграфічнага Цэнтра Беларусі, які знаходзіцца непадалёк ад вёскі Антанова. Цэнтр Беларусі вызначылі спецыялісты «Белгеадэзіі» сумесна з фірмай «Аэрагеакарт». Дадзенае месца абазначана геадэзічным знакам.
На абочыне дарогі па ініцыятыве Юрыя Пятровіча ўсталяваны своеасаблівы стэнд-знак, дзе турысты могуць даведацца, у якім містычным і сакральным месцы яны пабывалі.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Пухавіцкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/puhavicki-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-vazhnik
[5] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[6] https://zviazda.by/be/tags/malaya-radzima