Беларускія ратавальнікі змагаюцца з пажарамі ў Петрыкаўскім раёне, што на Гомельшчыне, — там гараць тарфянікі. Плошча ўзгарання зменшылася і ўжо складае 40 гектараў, аднак работа па ліквідацыі ачагоў працягваецца.
У тушэнні пажару задзейнічаны 22 адзінкі тэхнікі і каля ста чалавек, сярод якіх — супрацоўнікі МНС, прадстаўнікі мясцовага прадпрыемства меліярацыйных сістэм і сельскагаспадарчых арганізацый. Ускладняюць тушэнне глыбіня залягання торфу, недастатковы ўзровень вады ў сістэме меліярацыйных каналаў, а таксама гарачыня апошніх тыдняў. Днямі крыху пахаладала, узмацніўся вецер — узнікла неабходнасць у перадыслакацыі сіл і сродкаў з улікам абстаноўкі, якая складваецца.
Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі, пажаранебяспечная абстаноўка ў лясным фондзе нашай краіны стабілізавалася. Толькі ў асобных раёнах Беларусі захоўваецца чацвёрты клас пажарнай небяспекі. У большасці ж рэгіёнаў ужо знятыя забароны і абмежаванні на наведванне лясоў. Па стане на ўчарашнюю раніцу, меры абмежавальнага характару дзейнічаюць усяго ў 11 раёнах краіны.
— З пачатку года ў лясным фондзе Мінлясгаса адбылося 316 узгаранняў, — адзначаюць у прэс-службе. — Агульная плошча ачагоў склала звыш 370 гектараў. Найбольшая колькасць узгаранняў фіксуецца ў паўднёвай частцы краіны: у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. З пачатку года тут адбылося 90 і 87 лясных пажараў адпаведна. За аналагічны перыяд на Віцебшчыне было зафіксавана 19 выпадкаў узгарання, на Гродзеншчыне — 32, Міншчыне — 43, Магілёўшчыне — 45 узгаранняў.
Асноўнай прычынай узнікнення пажараў па-ранейшаму з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, выпальванне сухой травы, прыродныя з’явы. Міністэрства лясной гаспадаркі заклікае грамадзян з разуменнем аднесціся да існуючых забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў, а таксама не парушаць правілы пажарнай бяспекі.
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mns
[4] https://zviazda.by/be/tags/pazhary
[5] https://zviazda.by/be/tags/petrykauski-rayon