Новае аблічча індустрыяльнай Беларусі будуць вызначаць высокатэхналагічныя вытворчасці і прадукты. Такое меркаванне выказаў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў у час наведвання навукова-тэхналагічнага парка ТАА «ІнКата», паведаміляе прэс-служба Мінэканомікі.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу па развіцці стартап-руху, яго кансалтынгавай, інжынірынгавай і грантавай падтрымкі ў Беларусі, а таксама магчымасці выкарыстання мадэлі бізнес-інкубавання тэхналагічных стартапаў, што выкарыстоўваецца тэхнапаркам ТАА «ІнКата», у рэгіёнах краіны. Уладальнік кампаніі «ІнКата» Алег Кандрашоў прадэманстраваў магчымасці створанай тэхналагічнай інфраструктуры падтрымкі высокатэхналагічных стартапаў і малых інавацыйных прадпрыемстваў.
Аляксандр Чарвякоў нагадаў, што адзін з прыярытэтаў праграмы-2025, адобраны на VI Усебеларускім народным сходзе, — «Інтэлектуальная краіна». «Новае аблічча індустрыяльнай Беларусі да канца бягучай пяцігодкі будуць вызначаць высокатэхналагічныя вытворчасці і прадукты. Відавочна, што для іх з’яўлення патрэбны два складнікі. Па-першае, непасрэдна бізнес-ідэя. Па-другое, павінна быць інфраструктура, якая садзейнічае развіццю любой ідэі ў стартап, а стартапа — у прадпрыемства, якое эфектыўна працуе. І гэта павінны быць бясшвовы ланцужок стварэння кампаніі», — сказаў міністр.
Як паказвае вопыт «ІнКата», прымяненне такога інструментарыю — залог эфектыўнага развіцця новых бізнес-праектаў. «Сумесна з бізнесам мы павінны выпрацаваць такія ўмовы, у якіх інавацыйная ідэя магла б ператварыцца ў запатрабаваны на рынку высокатэхналагічны прадукт», — растлумачыў Аляксандр Чарвякоў.
Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб прапрацоўцы стварэння тэхналагічнай інфраструктуры падтрымкі стартапаў і малога інавацыйнага бізнесу ў Вілейцы і Оршы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-charvyakou
[3] https://zviazda.by/be/tags/taa-inkata
[4] https://zviazda.by/be/tags/minekanomiki