Прыродная стыхія — найлепшы фон для самых лютых жарсцяў ды ілюстрацыя філасофскіх разважанняў, а часам і дзеючая асоба. Гэта даказвае чарговы тэматычны зборнік выдавецтва «Мастацкая літаратура». Хочаце паразважаць пра нацыянальны характар? У апавяданні народнага пісьменніка Янкі Брыля «Гуртавое» падчас пакосу людзі заўважаюць міграцыю драчоў, па-руску — «коростелей». Гэтая птушка перасоўваецца па зямлі, «нейкаю сутулай ды імклівай пехатой і смешным подлетам»... Штогод усе вяскоўцы — пастушкі, касцы, жанкі, старэчы — ідуць падзівіцца на птушак, бягуць наўздагон...
І пры гэтым ніхто не забівае птахаў... Бягуць вяскоўцы, смеючыся, каб злавіць «лугавога скрыпача» ці хоць зірнуць зблізу, «ведаючы, што не надта зловіш, і не кідаючы нічым наўздагон, каб не забіць з блазненскага дуру», даганяюць «вясёлае раскрыццё лугавой таямніцы». Ці не праўда, дужа нагадвае «Апокрыф» Максіма Багдановіча, дзе жнейкі пяюць аб красе васількоў, пустазелля, якое замінае расці калоссям? Бо жыва душа ў народзе гэтым. Бо імкнуцца нават самыя простыя ўслед за няўлоўнай красой і таямніцай жыцця.
А вось лес у апавяданні Якуба Коласа «Малады дубок» — дэкарацыя для складаных псіхалагічных «разборак». Малады селянін Андрэй крадзе дубок з панскага лесу, з-за гэтага выганяюць са службы лесніка Максіма... А Андрэя, не раўнуючы як Радзівона Раскольнікава, апаноўваюць пакуты сумлення... Наколькі можна захаваць шчырае і чароўнае дзіцячае ўспрыманне свету праз гады? У апавяданні Васіля Макарэвіча «Яліна-ялінка» апавядальнік прыходзіць на сталічны Камароўскі рынак, каб набыць навагоднюю ёлку, і адно з тых дрэўцаў здаецца яму дужа падобным да тае ялінкі, з якой ён сябраваў у дзяцінстве... Вясковы хлопчык называў Ялінку-былінку сястрой-сястрыцай, і вельмі пакрыўдзіўся за яе, калі сусед Юстын загубіў вогнішчам суседнюю вялікую яліну, якую хлопчык лічыў бабуляй сваёй сяброўкі... І вырасшы, не страціў герой гэты дар — адчуваць сваяцтва з прыродай...
Калі ў 1913 годзе на старонках часопіса «Маскі» разгарнулася дыскусія, што пераможа — кіно ці тэатр, як аргумент падкрэслівалі «галоўную асаблівасць» кіно — прымітыўнасць. Маўляў, «калі кінематограф паказвае вам злодзея, дык гэта ўжо сапраўдны зладзюга, і вы пачынаеце ненавідзець яго з першага ж погляду за адзін ягоны капялюш»...
З тых часоў у мастацтве кіно — якое з тэатральным цудоўна ўжываецца, а часам і сінтэзуецца — з’явілася шмат нюансаў і сэнсавых праслоек... Так што кінакрытыкам ёсць дзе даць волю інтэлекту, не менш, чым крытыкам літаратурным. Зрэшты, першымі пра кіно і пісалі зазвычай літаратары.
У сваёй чарговай манаграфіі вядомы кінакрытык і навуковец Людміла Саянкова аналізуе шмат фактаў з гісторыі беларускай кінакрытыкі. Гісторыя немаленькая, бо першыя кінаўстаноўкі з’явіліся ў Мінску яшчэ ў 1900 г., іх уладальнікам быў Рыхард Штрэмер, які фінансаваў здымкі дакументальных рэпартажаў пра пажары і крушэнні цягнікоў. А публікацыі пра кіно выглядалі прыблізна так: «Фильмы! Лучшие в мире! Поражающия! Бесподобныя! Ужасы. Слезы. Смех. Кровь».
У 1920-х у газеце «Звязда» з’яўляецца рубрыка «Кіно». Людміла Саянкова называе і імя першага беларускага кінакалумніста — Уладзімір Лілін. Калісьці ў «Звяздзе» ўхвальна адгукнуліся на першы беларускі гульнявы фільм «Лясная быль», зняты Юрыем Тарычам па аповесці Міхася Чарота «Грышка-свінапас». А згаданы Уладзімір Лілін у іншым выданні ўпікнуў рэжысёраў фільма, што мала «рэвалюцыйнай рамантыкі».
У кнізе шмат цікавых фактаў і метадычных рэкамендацый, напрыклад, падрабязна разглядаецца, чым адрозніваецца анонс ад аннатацыі... Шмат цытат з сучаснай прэсы, якія адлюстроўваюць стан не толькі беларускага, але і сусветнага кінематографа, аналізуюцца асаблівасці сеткавай кінакрытыкі. Вядома, гэта найперш навуковае выданне, адрасаванае журналістам-пачаткоўцам, але і кожны аматар кіно знойдзе там мноства цікавай інфармацыі і падстаў для разважанняў.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-gascinec