Дачка перад паездкай у лагер заявіла, што без «пап-іту» ёй там рабіць няма чаго: адсутнасць навамоднай цацкі ў такой «крутой» дзяўчынкі, як яна, можа выклікаць смех у «нармальных» дзяцей. У той час я ўжо была ў курсе захаплення дзяцей гэтай антыстрэс-цацкай. Яшчэ вясной суседскія малыя, у якіх быў «пап-іт», не выходзілі без яго ў двор гуляць, а тыя, у каго гэтага шчасця не было, настойліва прасілі бацькоў набыць цацку. Пачытаўшы водгукі ў інтэрнэце аб «пап-ітах», зразумела, што многіх бацькоў турбуе фанатычнае захапленне дзяцей «антыстрэсамі». Дарослых непакоіць, што такая забава можа выклікаць некаторае завісанне дзіцяці на адным і тым жа дзеянні, што не карысна для іх развіцця. Разбіраемся, ці так гэта.
«Пап-іт» — рознакаляровая пухірыстая плітка з сілікону. У перакладзе з англійскай «pop іt» азначае «лопні гэта». Сутнасць гульні заключаецца ў тым, што трэба націскаць пальцамі на «бурбалкі», тады яны пстрыкаюць і «правальваюцца» на адваротны бок цацкі. «Пап-іты» бываюць розных колераў і формаў. Прадаўцы заяўляюць, што гэтыя сіліконавыя штучкі дапамагаюць пазбавіцца ад стрэсу.
Дарэчы, гэта не першыя модныя антыстрэс-цацкі, па якіх фанацеюць дзеці. Упершыню я сутыкнулася з напорыстым патрабаваннем набыць антыстрэс-цацку, калі з’явіліся спінеры (fіdget spіnner, hand spіnner) — такія забаўляльныя штучкі, што круцяцца. У цэнтры спінера знаходзіцца металічны падшыпнік, а па баках размешчана некалькі лопасцяў-крылаў. Малыя круцілі іх у руках, калі чыталі, прыдумлялі розныя варыянты гульняў са спінерамі, і я была задаволеная, што мае «дзетсадаўцы» не патрабуюць гаджэтаў і мульцікаў. Але праз некалькі месяцаў дзеці закінулі тыя спінеры, бо... з’явіліся слаймы! Слаймы былі і ў маім дзяцінстве, толькі мы іх называлі лізунамі. Дзеці іх прасілі з водарам трускалак, потым — з водарам яблыкаў, затым — з шарыкамі і менш ліпкія. Вядома, слаймы хутка псаваліся ў дзіцячых далонях: трацілі пах і станавіліся брудныя. Малыя абменьваліся паміж сабой слаймамі, і калі я адмовілася іх купляць, нават спрабавалі самі іх рабіць.
Потым «узніклі» сквішы (Squіshy) — мілыя і незвычайныя цацкі, якія можна мяць, — яны сціскаюцца і лёгка прымаюць ранейшую форму. Сквішы прыемныя навобмацак і маюць форму жывёлін, прысмакаў, садавіны. Дачка гаворыць, што няма дзяцей, у якіх не было сквішаў!
На самай справе фанатычнае жаданне атрымаць тую ці іншую антыстрэс-цацку ў дзяцей узнікала якраз са з’яўленнем іх у папулярных дзіцячых блогераў. Блогеры прыдумляюць розныя чэленджы (жанр інтэрнэт-ролікаў, у якіх блогер выконвае заданне на відэакамеру і размяшчае яго ў сацсетках, а затым прапануе паўтарыць заданне сваім знаёмым) з гэтымі цацкамі, а малыя проста паўтараюць за імі.
Псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей Вольга ВАРАНЬКО лічыць, што такія цацкі насамрэч дапамагаюць расслабіцца ў стрэсавай сітуацыі, паляпшаюць увагу ў нейкі момант, але ўсё ж зняць стрэсавы стан не могуць.
— Дзецям з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ) яны ўвогуле дапамагаюць сканцэнтравацца, — лічыць спецыяліст. — Ці шкодны такі спосаб канцэнтравацца? Думаю, не. Гэта прыкладна як задумвацца, ці не шкодна круціць аловак у руках. Зразумела, у людзей, якія маюць пэўныя асаблівасці, напрыклад, гіперадчувальную нервовую сістэму ці аўтызм, падобныя цацкі могуць выклікаць прывыканне, і ім будзе цяжэй здзяйсняць звычайныя дзеянні без іх дапамогі.
З пункту гледжання нейрапсіхалогіі, калі мы актывізуем дробную маторыку, актывізуюцца лобныя структуры, якія адказваюць за самарэгуляцыю і самакантроль. Гэта сапраўды супакойвае і дапамагае ўзяць эмоцыі пад кантроль. Увогуле, простыя манатонныя дзеянні, няхай гэта будзе мыццё посуду ці гульня з «пап-ітам», адцягваюць ад стрэсавых думак.
— Стрэс звычайна звязаны з невядомасцю, а пстрыкаючы ручкай або «лопаючы» шарыкі «пап-іт», проста зніжаеш значнасць сітуацыі, — дадае Вольга Варанько. — Нічога небяспечнага ў гэтым няма. Думаю, што залежнасць тут малаверагодная, бо не атрымліваецца занадта ўжо высокай пазітыўнай зваротнай сувязі. Ніякіх асаблівых псіхафізіялагічных змен у арганізме не адбываецца, як, напрыклад, у выпадку з алкаголем ці заяданнем. Што ж датычыцца выкарыстання такіх цацак на ўроках, то гэта будзе адцягваць увагу дзяцей ад заняткаў. У такіх выпадках лепш выкарыстоўваць цацкі-«мялкі». Дарэчы, я часта кажу бацькам: калі дзіця праяўляе неспакой, цацкі — як адзін са спосабаў знізіць трывогу. Тым больш што цяпер у інтэрнэце вельмі шмат варыяцый гульні з такімі антыстрэсамі на развіццё ўяўлення, памяці, увагі.
Аднак, як паказвае досвед, мода на такія цацкі праходзіць. З антыстрэс-цацак, без якіх малым жыццё здавалася нямілым, у нашым доме застаўся толькі кінетычны пясок (Kіnetіc Sand). Ен нагадвае вільготны марскі пясок, але як толькі бярэш яго ў рукі, ён нібыта цячэ скрозь пальцы і ў той жа час застаецца сухі. Дзеці яго проста не могуць ні на што абмяняць, бо ён знаходзіцца ў даволі вялікім кантэйнеры і яны не могуць вынесці яго на вуліцу. Ды і зламаць пясок немагчыма. Малыя час ад часу дастаюць яго пагуляць, калі «гатуюць» ежу для лялек ці каб адцягнуць увагу гасцей ад больш дарагіх для іх рэчаў.
Сёння ў інтэрнэце набірае папулярнасць новая цацка пад назвай «снаперс» (Snapperz) — гэта чарговы «антыстрэс».
Снаперс выглядае як кальцавы эспандэр, які купляюць спартсмены, каб павялічваць сілу кісці. Толькі тут ва ўнутранай частцы ёсць дзве прысоскі, якія пры сцісканні гучна хлопаюць. Як і «пап-іт», снаперс пачаў набіраць папулярнасць у сацыяльнай сетцы TіkTok. Папулярныя блогеры і звычайныя карыстальнікі паказваюць свае калекцыі цацак і параўноўваюць навінку з ужо «ўстарэлымі» антыстрэсамі. Думаю, што хутка відэа дойдзе і да маіх дзяцей, а гарадскія кіёскі з віртуальнымі крамамі пазапаўняюць новымі моднымі цацкамі, якія на самай справе прыносяць шкоду, бадай, толькі сямейнаму бюджэту.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pap-it
[4] https://zviazda.by/be/tags/skvishy
[5] https://zviazda.by/be/tags/snapers
[6] https://zviazda.by/be/tags/ancistres-cacki