Да губернатара звярнуўся Ігар Грынько, які імкнецца вырашыць пытанне правядзення лініі электраперадачы да асабістай дапаможнай гаспадаркі. Электраэнергія неабходная фермеру для паліву насаджэнняў на ўчастках, дзе ён вырошчвае кавуны і дыні. Між тым мужчына не згодны з коштам работ па электрафікацыі, агучаным у РУП «Гомельэнерга».
— Наша задача — вывучыць прававое поле. У рамках закона аб асабістых падсобных гаспадарках прааналізаць варыянты вырашэння пастаўленага пытання, — даў адказ на зварот Генадзь Салавей. Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што на перспектыву ў рэгіёне варта прапрацаваць і пытанне рэалізацыі ўраджаю фермераў. Важна падтрымліваць тых, хто ідзе працаваць на зямлі, — упэўнены губернатар.
Між іншым зварот Аляксандра Губанава датычыўся вядзення фермерскай гаспадаркі каля пасёлка Каралін Гомельскага раёна. Заяўнік атрымаў участак летась — імкнецца развіваць пчалярства, вырошчванне буякоў і клубніцы, марыць закласці вялікі сад пладовых дрэў. Мужчына пачаў раскарчоўваць тэрыторыю, але з-за паводкі не змог працягнуць намечаныя работы. Паводле яго слоў, тэхніка грузне. Ён просіць падтрымкі ўладаў у правядзенні меліярацыі.
Яшчэ адзін зворт паступіў ад пачынаючага фермера таксама з Гомельскага раёна. Віталь Цапаў пад вырошчванне плодаагароднінных культур атрымаў участак каля вёскі Сеўрукі Гомельскага раёна.
— Пакуль не магу прыступіць непасрэдна да запланаванай дзейнасці. Лічу, што варта змяніць канцэпцыю выкарыстання выдзеленага ўчастка. Прапаную стварыць паўнавартасную рыбалоўную гаспадарку і аказваць паслугі па рэкрэацыйным рыбалоўстве. І гэты ўчастак сам просіцца пад дадзеныя мэты, - лічыць заяўнік. Ён распавёў, што мае намер разводзіць у вадаёме асятроў, гатовы развіваць неабходную інфраструктуру вакол участка.
Старшыня аблвыканкама адзначыў, што гатовы выехаць на месца і дэталёва вывучыць сітуацыю са спецыялістамі Гомельскага райвыканкама.
Дарэчы, усяго на прыём да кіраўніка рэгіёна запісаліся восем чалавек, пытанні двух з іх былі вырашаны яшчэ да сустрэчы.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
фота gp.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/igar-grynko
[4] https://zviazda.by/be/tags/rup-gomelenerga-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/genadz-salavey-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/gubernatar
[7] https://zviazda.by/be/tags/seuruki
[8] https://zviazda.by/be/tags/kiraunik-regiyona