Амерыканская карпарацыя накіравала Украіне запыт з просьбай дазволіць правесці ў краіне клінічныя выпрабаванні лекаў для прафілактыкі і лячэння COVІD-19. Пра гэта галоўны санітарны ўрач краіны Ігар Кузін распавёў apostrophe.ua. Медыцынскі чыноўнік заявіў, што іншыя дзяржавы часта звяртаюцца з запытамі на гэты конт. Існуе нацыянальны рэестр клінічных выпрабаванняў, дзе можна знайсці ўсю афіцыйную інфармацыю. «Да таго ж на сайце міністэрства можна ўбачыць адпаведныя загады (аб правядзенні выпрабаванняў. — Рэд.). Цяпер ужо пяць такіх даследаванняў завершаныя, яшчэ большая іх частка знаходзіцца ў працэсе або на старце», — заявіў Ігар Кузін. Паводле яго даных, ва Украіне падобныя клінічныя выпрабаванні прэпаратаў не ініцыіруюцца дзяржавай, «у тым ліку з-за магчымага канфлікту інтарэсаў з вытворцам у сферы закупак лекавых сродкаў». Іх у большасці выпадкаў прапануе фармацэўтычны сектар. Чаму Украіна ператварылася ў выпрабавальны палігон для даследавання лекаў?
Выпадак, які раскрыў галоўны санітарны ўрач Украіны, далёка не адзінкавы. Краіна стала прывабным месцам для тэсціравання эксперыментальных прэпаратаў міжнародных фармацэўтычных карпарацый (так званай «вялікай фармы»). Так, у лютым стала вядома, што ва Украіне збіраюцца правесці клінічныя выпрабаванні новага індыйскага спрэю ад каранавіруса. Пра гэта паведаміў тагачасны міністр аховы здароўя Максім Сцяпанаў, які вярнуўся з Індыі, куды лятаў пракантраляваць пастаўкі вакцыны «Ковішылд» вытворчасці фармацэўтычнай кампаніі Serum Іnstіtute. Пасля Міністэрства аховы здароўя зацікавілася прадукцыяй іншага індыйскага вытворцы — Bhorat Bіotech. Гэта вакцына ў выглядзе кропель у нос. Для клінічнай стадыі выпрабаванняў, калі спрэй пратэсціруюць на людзях, абралі Украіну. Прэпарат распрацаваны па тэхналогіі, падобнай з вакцынамі AstraZeneca і «Спадарожнік-V». У яго аснове геном адэнавіруса шымпанзэ.
У сакавіку ў Індыі пачалі першую стадыю клінічных выпрабаванняў на людзях, калі вакцына ўводзіцца невялікай колькасці добраахвотнікаў, каб ацаніць бяспечнасць, вызначыць правільную дозу. На другой і трэцяй стадыях да выпрабаванняў гатовая падключыцца Украіна. «Падчас перагавораў мы прыйшлі да ўзаемнай згоды ўдзельнічаць у клінічных выпрабаваннях распрацоўкі новай вакцыны», — расказаў міністр.
Завяршыць усе клінічныя выпрабаванні індыйская кампанія плануе да верасня-кастрычніка гэтага года, каб выйсці з прадуктам на рынак. Цікавы іншы бок пытання. Міністэрства аховы здароўя і асабіста Сцяпанаў адмаўляліся браць расійскую вакцыну, якая масава тэсціравалася на людзях у РФ. Але пагадзіліся выпрабаваць на ўкраінцах эксперыментальны індыйскі прэпарат, які толькі прайшоў стадыю мышэй, хамячкоў і малпачак, заўважыла strana.ua.
У ліпені з’явілася інфармацыя наконт таго, што Украіна стане адной з тэрыторый, дзе будуць праводзіць трэці этап клінічных выпрабаванняў ізраільскай вакцыны ад каранавіруса Brіlіfe вытворчасці кампаніі NRX Pharmaceutіcals. Аб гэтым паведаміла The tіmes of Іsrael. Па словах міністра абароны Ізраіля Бені Ганца, такое супрацоўніцтва можа дапамагчы завяршыць распрацоўку вакцыны і зробіць Ізраіль вытворцам уласнага прэпарату, які будзе рэалізоўвацца і ў камерцыйнай сферы. «Мы пераканаліся, што каранавірус нікуды не дзенецца і будзе з намі яшчэ доўгі час. Гэта дазволіць Ізраілю самастойна вырабляць вакцыну», — сказаў Ганц.
Увогуле, справа выпрабаванняў лекаў пастаўлена ў краіне-суседцы на шырокую нагу. На спецыялізаваным сайце «Клінічныя выпрабаванні ва Украіне», куды лёгка трапіць са старонкі Міністэрства аховы здароўя (МАЗ), можна паглядзець спіс прэпаратаў, якія праходзяць выпрабаванні, з указаннем хваробы, супраць якой яны распрацаваны, і запісацца ў якасці даследчыка. Ёсць нават магчымасць выбару найбліжэйшай да дома клінікі, якая праводзіць даследаванні. Зрэшты, інфармацыі ўласна аб леках там няшмат: замест назваў стаяць коды і не паказваецца краіна-распрацоўшчык, заўважыла rg.ru. Як і сказаў Ігар Кузін, для выпрабаванняў на ўкраінцах сталі даступныя два прэпараты ад COVІD — AZ-NІCL-COV-1 і ADG20-TRMT-001. За пачатковымі літарамі кодаў канкрэтныя заходнія фірмы толькі згадваюцца, але поўная інфармацыя пра выпрабаванні і зацікаўленых баках не адлюстроўваецца ў адкрытых крыніцах.
Пры гэтым Украіна далёка не чэмпіён па праводзімых клінічных выпрабаваннях на 100 тысяч насельніцтва. Па гэтым паказчыку ў лідарах якраз краіны Захаду. Але ёсць якаснае адрозненне — ва Украіне глабальныя гульцы фармацэўтычнага рынку праводзяць выпрабаванні тых лекаў, якія не рызыкуюць тэсціраваць на сваіх суграмадзянах. У чым лёгка пераканацца на тым жа ўкраінскім сайце: з пяці дзясяткаў зарэгістраваных з красавіка да ліпеня выпрабаванняў значная частка прэпаратаў датычыцца розных формаў раку, псіхіятрычных адхіленняў і іншых патэнцыяльна смяротных, хранічных ці малавывучаных хвароб, падкрэсліла rg.ru.
Калі на Захадзе клінічныя выпрабаванні, па-першае, платныя для выпрабавальнікаў, а па-другое, пагражаюць мільённымі іскамі ў выпадку праяўлення не прадказаных загадзя цяжкіх пабочных эфектаў, а тым больш смерці, то ва Украіне ад усіх гэтых непрыемнасцяў «вялікая фарма» пазбаўлена. Даследаванні на грамадзянах для іх зусім бясплатныя — у аб’явах на сайце пра гэта адкрыта гаворыцца, а пра адказнасць за няўдачу можна і зусім забыцца. Добраахвотная згода, якая падпісваецца выпрабавальнікам, — фармальная паперка нават ва ўкраінскай, не кажучы пра заходнюю, юрысдыкцыі, адзначыла rg.ru.
Пры гэтым звязаны з Міністэрствам аховы здароўя сайт «Клінічныя выпрабаванні ва Украіне» падобныя дзеянні рэкламуе. Тут ёсць артыкулы і даследаванні, праведзеныя пры падтрымцы фонду «Адраджэнне» (галаўная структура Джорджа Сораса ва Украіне), дзе ўкраінцам даказваюцца бяспечнасць і карыснасць выпрабаванняў замежных лекаў на сабе. Асноўны аргумент — медыцына ва Украіне занадта дарагая і няякасная, але ёсць шанц бясплатна паслужыць перадавой заходняй навуцы і (калі пашанцуе) вылечыцца. У рэкламных артыкулах прыводзяцца водгукі людзей, якія прайшлі выпрабаванні, іх агульны сэнс прымітыўны: «Я страшна пакутавала ад невядомай хваробы, выдаткавала на лячэнне ўсе зберажэнні, але на парозе смерці мой урач прапанаваў выпрабаваць на сабе новыя замежныя лекі, я ачуняла і шчаслівая».
Не сакрэт, што і ліберальная «рэформа» ўкраінскай медыцыны, якая фактычна разбурыла сістэму аховы здароўя, і рэзкі рост колькасці клінічных выпрабаванняў заходніх лекаў, і з’яўленне інфармацыйна-рэкламнага дадатку да сайта МАЗ звязаныя з экс-кіраўніком міністэрства, грамадзянкай ЗША Ульянай Супрун, якую ў народзе называлі не інакш як Доктар Смерць, заўважыла rg.ru. Менавіта яна была галоўным лабістам заходніх фармакалагічных кампаній, аддала ім украінскі рынак лекаў, у тым ліку і ў сегменце дзяржаўных закупак, і стварыла новы рынак — клінічных выпрабаванняў, з якога цяпер атрымлівае ад «біг фармы» камісійныя.
Прывабнасць Украіны для даследаванняў фармацэўтычных кампаній у найбліжэйшай перспектыве яшчэ больш узрасце. Распрацоўшчыкам прэпаратаў хочуць «палегчыць» адказнасць. З’яўленне прынцыпова новых распрацовак тармозіцца, на думку дэпутатаў ад партыі «Слуга народа», крымінальнай адказнасцю за парушэнне розных працэдур. Яны ў садружнасці з калегамі з іншых фракцый і груп прапанавалі дакумент, які павінен палепшыць сітуацыю. Гаворка ідзе пра законапраект «Аб унясенні змяненняў у Крымінальны кодэкс Украіны і Кодэкс Украіны аб адміністрацыйных правапарушэннях аб удасканаленні адказнасці за парушэнне ўстаноўленага парадку даклінічнага вывучэння, клінічных выпрабаванняў і дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) лекавых сродкаў». У цяперашнім выглядзе, мяркуюць ініцыятары законапраекта, пакаранне «цісне» на медыкаў і супрацоўнікаў фармацэўтычных кампаній, суб’екты клінічных даследаванняў як у дзяржаўным, так і прыватным сектарах.
Аб умовах правядзення выпрабаванняў дамаўляюцца тры бакі — Міністэрства аховы здароўя, фармкампанія і ўласна медыцынская ўстанова. Ад апошняй перагаворы вядзе галоўны ўрач, які агаворвае ўмовы аплаты працы персаналу і свае ганарары. Карпарацыі разлічваюцца афіцыйна. Гэтыя даходы чыноўнікі вымушаныя дэклараваць з указаннем крыніц. З пададзеных дэкларацый strana.ua стаў вядомы маштаб гэтага «супрацоўніцтва». У схеме задзейнічаны галоўныя ўрачы бальніц, дырэктары медцэнтраў, прарэктары медыцынскіх ВНУ, а таксама члены ўрада і дэпутаты.
Ва Украіне сфарміравана цэлая фінансавая піраміда, у ёй задзейнічаны медыцынскія чыноўнікі ўсіх узроўняў, якія атрымліваюць прыбытак ад найбуйнейшых сусветных фармацэўтычных кампаній. Прычым нярэдка ад «вялікай фармы» чыноўнікі і галоўныя ўрачы маюць у разы больш, чым ад дзяржавы ў выглядзе зарплаты. Напрыклад, галоўны ўрач Запарожскага абласнога эндакрыналагічнага дыспансера Вікторыя Чэрнікава атрымала ў 2019 годзе ад фармкампаній 450 тысяч грыўняў (каля 20 тысяч долараў па тым курсе). З іх 240 тысяч заплаціў фармацэўтычны гігант «Баер», а 107 тысяч — амерыканскае падраздзяленне кампаніі Covance, якая спецыялізуецца на распрацоўцы і выпрабаванні лекаў.
Далей — больш. Былы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Луфер задэклараваў, што ў 2019 годзе яго жонка атрымала больш за 1,8 мільёна грыўняў (каля 80 тысяч долараў) ад украінскага прадстаўніцтва транснацыянальнай фармацэўтычнай карпарацыі «АстраЗенека». Як вядома, гэтая карпарацыя з’яўляецца адной з распрацоўшчыкаў вакцыны ад каранавіруса COVІD-19. Дырэктар Нацыянальнага інстытута фтызіятрыі і пульманалогіі, акадэмік Юрый Фешчанка атрымаў у 2019 годзе ад фармкампаній больш за 2,3 мільёна грыўняў (100 тысяч до-
лараў). Гэта ў чатыры разы больш, чым яго зарплата па асноўным месцы работы. Прарэктар па навуковай рабоце Івана-Франкоўскага медыцынскага ўніверсітэта атрымаў у 2019 годзе ад фармкампаній амаль 4,6 мільёна грыўняў (каля 200 тысяч долараў). Гэта прытым, што заробак прарэктара ВНУ склаў менш за 300 тысяч, інакш кажучы, ён у 15 разоў меншы, чым даход ад фармкарпарацый. Больш за ўсіх — 758 тысяч — яму заплаціла тая ж карпарацыя «АстраЗенека».
«Плацяжы ад фармкампаній медыкам і медыцынскім чыноўнікам ідуць афіцыйна — па грамадзянска-прававых дагаворах, — заўважыў strana.ua кіраўнік Нацыянальнай медыцынскай палаты Сяргей Краўчанка. — Але ёсць яшчэ і неафіцыйныя плацяжы, іх, як правіла, атрымліваюць медыцынскія чыноўнікі (у Міністэрстве аховы здароўя, Дзяржаўным экспертным цэнтры) за паскарэнне прыняцця рашэнняў па старце клінічных выпрабаванняў. Такія „ганарары“ ідуць ужо без якіх-небудзь дагавораў, і, зразумела, ні ў якіх дэкларацыях не адлюстроўваюцца. Але іх памеры могуць быць дастаткова істотныя». Так што можна толькі прыкладна ўявіць аб’ёмы фінансаў, якія «пракручваюцца» праз такія схемы. Непасрэдныя ж удзельнікі выпрабаванняў, нягледзячы на рэальную рызыку для жыцця, не атрымліваюць нічога.
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[4] https://zviazda.by/be/tags/medycyna