Час ідзе, а чалавечая сутнасць не змяняецца. Асабліва гэта заўважаецца, калі глядзіш кіно, якое здымалі дзясяткі гадоў таму. Кінастужка «Цешча», якая падымае тэму ўзаемаадносін пакаленняў бацькоў і дзяцей, людзей з рознымі поглядамі і характарамі, — не выключэнне. Убачыць яе зможам у гэтыя выхадныя на «Беларусь 3».
«Цешча» з'явілася на «Беларусьфільме» ў 1973 годзе. Рэжысёрам карціны значыцца Сяргей Сплашноў, які да гэтага зняў фільмы «Зялёныя агні» (1955), «Нашы суседзі» (1957). Спачатку задумвалі і здымалі стужку з Гарнікам Азаранам і маскоўскімі акцёрамі, але потым сітуацыя змянілася (малады рэжысёр не знайшоў паразумення са сцэнарыстам Уладзімірам Фіганавым з-за таго, што ўнёс карэктывы ў першапачатковы сцэнарый) і зрабілі яе ўжо з новай камандай. Тут задзейнічаны Генадзь Гарбук, Стэфанія Станюта, Павел Малчанаў і іншыя. Галоўную гераіню сыграла Таццяна Карпава, роля яе дачкі дасталася Галіне Фядотавай, а кіроўцу Сашу на экране ўвасобіў Аляксандр Удовін.
Сюжэт просты і жыццёвы... У адным са шматкватэрных дамоў Мінска (пачатак 1970-х гадоў) жывуць людзі розных узростаў і характараў. І сярод іх ёсць Клаўдзія Іванаўна, якая вельмі непакоіцца пра будучае сваёй дачкі і яе кар'еру вучонага. Яна бярэ сітуацыю ў свае рукі і разбурвае адносіны дзяўчыны з хлопцам Аляксандрам, які працуе шафёрам. Ды і суседзям жанчына не дае спакойна жыць, бо тыя быццам бы перашкаджаюць ёй... Хто ж атрымае канчатковую перамогу ў гэтай схватцы з рэчаіснасцю і яе абставінамі? Убачым 7 і 8 жніўня ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/ceshcha
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2