Летнія Алімпійскія гульні ў Токіа скончыліся. Як і прынята на спаборніцтвах такога ўзроўню, спартсмены змагаліся да апошняга. З нагоды цырымоніі закрыцця, падвядзення вынікаў у інфармацыйным полі могуць «згубіцца» навіны аб выступленні спартсменаў у апошнія дні Алімпіяды. Расказваем, як беларусы закрывалі Гульні.
Марафон. Вольга Мазуронак да фінішу марафонскай дыстанцыі прыбегла пятая. Дыстанцыю ў 42 кіламетры яна пераадолела за 2 гадзіны 29 хвілін 06 секундаў. Гэта найлепшы вынік сярод еўрапейскіх марафонак. Пераможца, кенійская бягуння Перэс Джэпчырчыр, паказала вынік у 2 гадзіны 27 хвілін 20 секундаў. Яшчэ адна беларуска Ніна Савіна фінішавала 50-я з вынікам 2 г. 38 хв. 41 сек.
Кіданне кап'я. Беларускі лёгкаатлет Аляксей Каткавец заняў шостае месца ў фінале спаборніцтваў па кіданні кап'я. У сваёй найлепшай спробе беларус адправіў снарад на 83 м 71 см. Прычым, беларус пакінуў за сабой прызнага фаварыта турніру Ёханеса Ветэра з Германіі. Яшчэ адзін беларус, Павел Мялешка, у фінале стаў дзясяты, закінуўшы снарад на 82 м 28 см.
Мастацкая гімнастыка. Беларускі занялі пятае месца ў фінале турніру сярод груп. Настасся Малаканава, Настасся Рыбакова, Ганна Гайдукевіч, Арына Цыцыліна і Карына Ярмоленка ў суме шматбор'я набралі 84,050 бала. У тройку наймацнейшых групавічак увайшлі прадстаўніцы Балгарыі, Расіі і Італіі.
Веласпорт. Самая вопытная спартсменка беларускай велакаманды Таццяна Шаракава на Алімпійскіх гульнях заняла 16 месца ў омніуме. Яе вынік — 36 балаў. Алімпійскай чэмпіёнкай стала амерыканка Джэніфер Валентэ, якая набрала 124 балы. Імя Таццяны Шаракавай і беларускі веласпорт — амаль што сінонімы. З гонкамі на веласіпедзе яе нічога не можа разлучыць. Аднойчы на трэніроўцы жанчына атрымала траўму пазваночніка, пасля якой у яе некалькі разоў пераставалі функцыянаваць ногі, і ўрачы забаранялі ёй займацца спортам. Але Таццяна мужна прайшла рэабілітацыю і вярнулася. Кар'еры Таццяны Шаракавай не перашкодзіла нават цяжарнасць. Сумяшчаць заняткі спортам і выхаванне дачкі для яе, відаць, аказалася прасцей, чым развітацца з любімай справай. Пераадолеўшы ўсе выпрабаванні, у свае 36 гадоў Таццяна Шаракава выступіла на трэціх у кар'еры Алімпійскіх гульнях.
Алімпійскі выбар. Прызёры Алімпійскіх гульняў у Токіа зрабілі свой алімпійскі выбар. У рамках праекта «Алміпійскі выбар» уладальнікі алімпійскіх медалёў выбіраюць спецыялізаваную вучэбна-спартыўную ўстанову, якой Прэзідэнцкі спартыўны клуб акажа бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, арганізацыі і правядзення спаборніцтваў. Сума фінансавай дапамогі залежыць ад занятага спартсменам месца і скаладе за першае месца — Br20 тыс., за другое — Br15 тыс. і за трэцяе — Br10 тыс.
Аліна Гарнасько, бронзавы прызёр па мастацкай гімнастыцы, абрала мінскую СДЮШАР № 4 БФСТ «Дынама», дзе пачыналася яе спартыўная кар'ера. Туды адправяцца Br10 тыс. ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Сярэбраны прызёр спаборніцтваў па вольнай барацьбе Магамедхабіб Кадзімагамедаў для дапамогі абраў Гродзенскую СДЮШАР «Абухова», туды ў рамках праекта адаправяцца 15 тысяч беларускіх рублёў. Ірына Курачкіна, таксама ўладальніца «серабра», свой алімпійскі выбар зрабіла на карысць Магілёўскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву. А «бронза» Ванесы Каладзінскай дапаможа СДЮШАР № 3 горада Бабруйска, дзе пачыналася кар'ера спартсменкі. Туды Прэзідэнцкі спартыўны клуб накіруе 10 тысяч беларускіх рублёў.
«Сярэбраная» байдарка-чацвёрка ў складзе Маргарыты Махневай, Марыны Літвінчук, Надзеі Папок і Вольгі Худзенкі дапаможа Мазырскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ.
Такім чынам, дзякуючы поспехам беларускіх атлетаў, 95 тысяч беларускіх рублёў адправяцца ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў сем розных спартыўных устаноў краіны.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyski-dzyonnik
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-u-toika
[5] https://zviazda.by/be/tags/cyrymoniya-zakryccya
[6] https://zviazda.by/be/tags/volga-mazuronak
[7] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-katkavec
[8] https://zviazda.by/be/tags/nastassya-malakanava
[9] https://zviazda.by/be/tags/nastassya-rybakova
[10] https://zviazda.by/be/tags/ganna-gaydukevich
[11] https://zviazda.by/be/tags/aryna-cycylina