Гульні ХХХІІ Алімпіяды — ужо гісторыя, але, вядома, памятаць іх будуць доўга. У медальным заліку Алімпійскіх гульняў у Токіа беларусы размясціліся на 44-й пазіцыі, маючы ў сваёй скарбонцы сем медалёў. Зафіксуем самыя важныя алімпійскія падзеі.
Першы алімпійскі тыдзень аматары беларускіх спартсменаў з заміраннем сэрца чакалі першага медаля. Таму залаты медаль Івана Літвіновіча ў скачках на батуце стаў сапраўдным святам, хоць такога поспеху ўсе чакалі ад чэмпіёна Гульняў 2016 года Уладзіслава Ганчарова. Тады ў Рыа беларус стварыў сенсацыю, перамогшы кітайскага саперніка Дун Дуна, які лічыўся фаварытам турніру. Праз пяць гадоў у Токіа сітуацыя паўтарылася, толькі галоўны герой быў іншы. Іван Літвіновіч, выступаючы апошнім, атрымаў ад суддзяў 61,715 бала і стаў алімпійскім чэмпіёнам. Другое месца заняў кітаец Дун Дун. А Уладзіслаў Ганчароў размясціўся на чацвёртым месцы пратакола.
«Ці самы шчаслівы дзень для мяне сёння? Не! Напэўна, такім з'яўляецца той, калі я прыйшоў у залу да Вольгі Анатолеўны Уласавай. Што ж датычыцца фіналу, вельмі хваляваўся. Узлятаў — і разумеў: памылак быць не павінна», — дзяліўся потым Іван з журналістамі.
Калі перамога Івана Літвіновіча стала ў пэўнай ступені сюрпрызам, то ад Максіма Недасекава медаль чакалі. І гэта было зусім не дзіўна. У пачатку ліпеня яму скарылася вышыня ў 2 м 37 см, што стала новым нацыянальным рэкордам. Для параўнання, «залаты» вынік Аліміяды ў Рыа — 2 м 38 см, «сярэбраны» — 2 м 36 см. І менавіта гэтая вышыня прынесла яму званне бронзавага прызёра Алімпійскіх гульняў.
У сектары для скачкоў у вышыню Максім і яго калегі якасна забяспечылі журналістаў інфармацыйнымі нагодамі. Па-першае, беспрэцэдэнтны выпадак, калі «залатымі» чэмпіёнамі сталі адразу два спартсмены: італьянец Джанмарка Тамберы і катарац Мутаз Эса Баршым паказалі аднолькавую колькасць паспяховых спроб, у чым і пераўзышлі беларуса. Арганізатары прапанавалі ім выканаць яшчэ адну спробу і высветліць, хто ж наймацнейшы. Але тыя адмовіліся. «Серабро» не ўручалася, а «бронза» дасталася Максіму Недасекаву.
Па-другое, і «залаты» і «бронзавы» вынік гэтых спаборніцтваў — аднолькавыя. Італьянец, катарац і беларус скокнулі 2 м 37 см. Усё вырашыла колькасць аднолькавых спроб. Вышыня 2 м 39 см не скарылася нікому. Сам Максім Недасекаў да гэтага паставіўся па-філасофску, падкрэсліўшы, што ў 23 гады «бронза» Алімпійскіх гульняў — вельмі добры вынік і што ўсё яшчэ наперадзе.
Тры з сямі медалёў у беларускай скарбонцы належаць барцам. Пачалося ўсё з Ірыны Курачкінай. У фінальным паядынку катэгорыі 57 кілаграмаў Ірына ўступіла японскай спартсменцы Рысака Каваі. І зноў гісторыя паўтарылася — у 2016 годзе на Алімпійскіх гульнях у фінале беларуска Марыя Мамашук прайграла Рысака Каваі і стала сярэбраным прызёрам.
«Псіхалагічна было вельмі цяжка. Гэта былі мае першыя Алімпійскія гульні. Своеасаблівай рэпетыцыяй сталі дамашнія Еўрапейскія гульні, хоць гэта турнір не такога маштабу. Лічу, што ўсё склалася», — расказвала журналістам Ірына, вярнуўшыся ў Мінск.
Калі б пра Ванесу Каладзінскую здымалі фільм, гэта быў бы трылер. Да Алімпійскіх гульняў у Токіа яна ішла праз хваробу, траўмы, няўдачы і асабістыя перамогі. Не здрадзіла яна сабе і ў японскай сталіцы, прымусіўшы ўсіх панервавацца. Ванеса Каладзінская магла прэтэндаваць і на «золата». Але ў паўфінале за сем секундаў да заканчэння паядынку прапусціла прыём ад кітаянкі Пань і не змагла выйсці ў фінал. У схватцы за «бронзу» яна аказалася мацнейшая за амерыканку Джакару Гвенішу Вінчэсцер.
«Напэўна, справа ў тым, што ў канцы паядынку я задумалася пра час — колькі засталося. Лішняя думка наогул не павінна прысутнічаць. Трэба быць максімальна сканцэнтраванай», — падзялілася Ванеса.
Парадаксальна, што сярэбранаму медалю вольніка Магамедхабіба Кадзімагамедава радаваліся ўсе, акрамя яго самога. У паядынку за чэмпіёнскі тытул у катэгорыі 74 кілаграмаў беларускі барэц уступіў расіяніну Заўрбеку Сідакаву. «Вельмі рады, што выступаю за Беларусь, зарабляю медалі. У мяне ёсць свае прынцыпы і мэты, задачы, да якіх імкнуся. Гэта «золата». Я ехаў па залаты медаль. Таму крыху засмучаны. Можа, крыху пазней усвядомлю, адчую радасць ад гэтага медаля», — дзяліўся Магамедхабіб з журналістамі пасля вяртання ў Мінск.
У гэту каманду верылі як ні ў якую іншую, і як ад ніякай іншай чакалі медалёў, бо інакш на Алімпійскіх гульнях яны не могуць. Весляры на байдарках і на каноэ ехалі ў Токіа ў статусе фаварытаў і аб'ектаў галоўных медальных надзей. А як інакш, калі амаль з кожнай Алімпіяды тыя вяртаюцца з узнагародамі? Пасля шостага месца Марыны Літвінчук і Вольгі Худзенкі на 500 метраў, трэцяга месца Алены Наздровай у фінале Б, шостага месца Алега Юрэні на дыстанцыі 1000 метраў і іншых зусім немедальных вынікаў беларускіх весляроў закралася падазрэнне, што паспяховая тэндэнцыя скончыцца ў Токіа. Але затым на старт дыстанцыі 500 метраў выйшла легендарная байдарка-чацвёрка. Марына Літвінчук, Вольга Худзенка, Маргарыта Махнева і Надзея Папок прайшлі заключную гонку Гульняў за 1 хв. 36,073 сек. Апярэдзіць беларускі квартэт змаглі толькі тытулаваныя венгеркі на чале з Данутай Козак — 1 хв. 35,073 сек. На Алімпійскіх гульнях у Рыа Маргарыта Махнева, Марына Літвінчук, Вольга Худзенка, Надзея Папок на дыстанцыі 500 метраў заваявалі «бронзу».
«Калі параўноўваць медалі ў Рыа і Токіа — розніца адчувальная. У Бразіліі — трэція, у Японіі — другія. Паміж гэтымі двума стартамі прайшлі цэлыя пяць гадоў. Усімі праведзена тытанічная работа. А да Парыжа ўжо не так і далёка. Хто ведае, можа, і атрымаецца падняцца яшчэ на адну прыступку», — падзялілася ўражаннямі Марына Літвінчук.
Звычайна адтуль, адкуль не чакалі, прыходзіць бяда. Але, на шчасце, у Токіа было інакш. Ад гімнасткі Аліны Гарнасько, шчыра кажучы, мала хто чакаў алімпійскага медаля. Але насуперак усяму яна, набраўшы ў суме індывідуальнага мнагабор'я 102,700 бала, заняла трэцюю прыступку п'едэстала. Аліна паўтарыла поспех у індывідуальным мнагабор'і Юліі Раскінай, Іны Жукавай (абедзве — «серебаро») і Любові Чаркашынай («бронза»), якія станавіліся прызёрамі Алімпіяды ў суверэнны перыяд беларускай гісторыі. У 2021 годзе на алімпійскім п'едэстале — зноў беларуска.
І з гэтым п'едэсталам звязаны буйны скандал сёлетніх Алімпійскіх гульняў. Упершыню з 1996 года Расія засталася без «золата» ў мастацкай гімнастыцы.
Чэмпіёнкай стала ізраільская спартсменка Ліной Ашрам. На другім месцы — расіянка Дзіна Аверына, якая лічыць сябе пераможніцай. Прэзідэнт Усерасійскай федэрацыі мастацкай гімнастыкі Ірына Вінер назвала такое судзейства сорамам мастацкай гімнастыкі. Галоўная прэтэнзія заключаецца ў тым, што Ліной выпусціла з рук стужку падчас свайго выступлення. Але згодна з правіламі, прынятымі ў 2017 годзе, такая памылка не крытычная. Калі прадмет вярнуўся ў рукі без перамяшчэння гімнасткі, штраф — 0,5 бала, калі для гэтага патрабуецца 1-2 крокі — 0,7 бала. І Ашрам Ліной у гэтыя межы ўклалася.
У мастацкай гімнастыцы агульная адзнака складаецца з двух кампанентаў — складанасці цела і складанасці прадмета. Дзіна Аверына аказалася лепшая ў складанасці прадмета, але прайграла па складанасці цела. У выніку — розніца ўсяго 0,15 бала. Акрамя таго, не варта забываць, што мастацкая гімнастыка — суб'ектыўны від спорту і ніколі нельга выключаць чалавечы фактар.
Не ўсім беларускім спартсменам удалося заваяваць тытул чэмпіёнаў і прызёраў, але многім удалося паказаць добрыя вынікі. Упершыню ў беларускай гісторыі жаночая каманда па стральбе з лука заняла ў алімпійскім фінале чацвёртае месца. Падзякаваць за гэта трэба Карыне Дзёмінскай, Карыне Казлоўскай і Ганне Марусавай. Галоўны трэнер зборнай Кацярына Цімафеева назвала гэты вынік поспехам. Калі мець на ўвазе, што дагэтуль беларуская зборная па стральбе з лука на Алімпіядах не выступала, з ёй цяжка не пагадзіцца.
Вольга Мазуронак у алімпійскім марафоне паказала вынік у 2 гадзіны 29 хвілін 06 секундаў, гэта найлепшы паказчык сярод еўрапейскіх марафонак. А ў выніковым пратаколе яна размясцілася на пятай пазіцыі. Упершыню ў алімпійскі фінал выйшлі беларускія сінхраністкі. Дар'я Кулагіна і Васіліна Хандошка занялі 11-е месца ў спаборніцтвах дуэтаў.
Алімпійскія гульні — гэта як перамогі, так і паражэнні. У Токіа беларусы зведалі і тое, і іншае. У японскую сталіцу беларускія дзюдаісты ехалі поўныя надзей і настроеныя на рашучую барацьбу. У першым паядынку супраць немца Карла-Рыхарда Мікіта Свірыд не проста прайграў, але і атрымаў сур'ёзную траўму рукі. Марына Слуцкая паспяхова завяршыла першы раўнд, справіўшыся з прадстаўніцай Трынідада і Табага Габрыелай Вуд, але далей саступіла Міджын Хан з Рэспублікі Карэя, падчас паядынку з якой атрымала траўму рукі.
Алімпійскія багі не былі добрыя і да тэнісістаў. Адзін за адным з алімпіяды выляталі топавыя спартсмены. У першым жа крузе прайграла лідар жаночага рэйтынгу аўстралійка Эшлі Барці. У матчы другога круга з алімпійскай дыстанцыі сышла трэцяя ракетка свету Арына Сабаленка. У 1/8 фіналу барацьбу скончыла Наомі Асака, якая запальвала алімпійскі агонь падчас цырымоніі адкрыцця.
Вялікая ўвага была прыцягнутая да вопытных спарстменаў. Для многіх Алімпійскія гульні ў Токіа павінны былі стаць прыгожай кропкай легендарнай кар'еры. Але, як той казаў, хочаш рассмяшыць бога, раскажы яму пра свае планы. На Алімпіядах гэтая прыказка працуе па максімуме. Легендарны малатабоец Іван Ціхан у сваёй найлепшай спробе адправіў снарад на 74 м 57 см і заняў у сваёй групе А 12-е месца. Гэтага выніку аказалася мала для фіналу. Самая вопытная спартсменка беларускай велакаманды Таццяна Шаракава на Алімпійскіх гульнях заняла 16 месца ў омніуме. Яе вынік — 36 балаў, а алімпійская чэмпіёнка амерыканка Джэніфер Валентэ набрала 124 балы. Не змагла падняцца на п'эдэстал і Таццяна Драздоўская. Легенда айчыннага паруснага спорту ў розных гонках вагалася ў другой дзясятцы пратакола.
Алімпійскія гульні не заканчваюца цырымоніяй закрыцця, яны не згасаюць разам з алімпійскім агнём. Гэта самая важная праверка і самы важны спартыўны экзамен. Таму рэфлексія, абмеркаванні, урокі Гульняў пасля закрыцця толькі нарастаюць. Падводзіць вынікі Алімпійскіх гульняў — значыць, падводзіць вынікі чатырохгадовай работы і, безумоўна, ставіць мэты і будаваць планы на наступны цыкл.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyski-dzyonnik
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-u-tokia
[5] https://zviazda.by/be/tags/ivana-litvinovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/maksim-nedasekau