Карэспандэнт «Звязды» гутарыць з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валянцінай Курсевіч.
— Валянціна Вацлаваўна, якая галоўная задача стаіць сёння перад беларускімі медыкамі?
— Калі ўвесь свет пакутуе ад пандэміі каранавіруса, мы ўсе добра разумеем, наколькі важна, каб сістэма аховы здароўя працавала выразна, зладжана, стабільна і эфектыўна. Бо гаворка ідзе пра самае каштоўнае, што толькі ёсць у чалавека, — жыццё і здароўе. Вядома, што любая сістэма аховы здароўя не здольная працаваць без надзейнага прававога падмурка, аснову якога складае заканадаўчая база.
У асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гады пастаўлена задача «павышэння даступнасці і якасці медыцынскіх паслуг для ўсіх грамадзян незалежна ад месца жыхарства і стварэнне ўмоў для вядзення здаровага спосабу жыцця». Асноўны прынцып — здароўе для кожнага і актыўнае даўгалецце.
Безумоўна, тая задача, якая пастаўлена на пяцігоддзе перад беларускімі медыкамі, — гэта ўдасканаленне даступнасці і якасці спецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах. Карацей кажучы — бліжэй да людзей. У Беларусі створана бюджэтная сістэма фінансавання, якую ў нашай краіне захавалі. На ахову здароўя ў нас сыходзіць больш як 4 % ад валавога ўнутранага прадукту. А гэта своеасаблівы індыкатар сацыяльнай бяспекі, які рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Акрамя таго, гэта адзначана ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца каля 1400 устаноў аховы здароўя, якія ажыццяўляюць аказанне медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах. Гэта паліклінікі, урачэбныя амбулаторыі, дыспансеры і іншыя ўстановы. У краіне маюцца навукова-практычныя рэспубліканскія цэнтры, дзе працуюць высокакваліфікаваныя вопытныя спецыялісты, якія аказваюць арганізацыйна-метадычную дапамогу ўстановам гарадскога і раённага звяна, прасоўваюць методыкі лячэння сусветнага ўзроўню. Тым не менш, перад беларускімі медыкамі стаіць вельмі важная задача — узняць раённы ўзровень аховы здароўя на больш значную вышыню.
— А якія значныя праекты ажыццяўляюцца сёлета ва ўстановах аховы здароўя?
— У нас, напрыклад, рэалізоўваецца праект «Клапатлівая паліклініка», укаранёныя выязныя формы работы з прымяненнем перасовачных медыцынскіх комплексаў для аказання медыцынскай дапамогі на месцах. У 2020 годзе завершана ўкараненне інстытута ўрача агульнай практыкі. Сёння працуе амаль 2500 камандаў, якія складаюцца з урача, яго памочніка, медыцынскай сястры. Узяты курс на развіццё міжраённых і міжрэгіянальных цэнтраў па аказанні спецыялізаванай медыцынскай дапамогі на базе 143 устаноў аховы здароўя.
— Зусім нядаўна парламентарыі прынялі змяненні ў Закон аб ахове здароўя. Чым гэты варыянт заканадаўчага акта адрозніваецца ад папярэдняга?
— Змяненні ў Закон аб ахове здароўя, над якім працавала наша камісія, пачалі дзейнічаць з 23 ліпеня 2021 года. Асноўная навацыя гэтага заканадаўчага акта заключаюцца ў тым, што будзе адбывацца медыцынская акрэдытацыя ўсіх дзяржаўных устаноў аховы здароўя. Яна прадугледжвае адпаведнасць дадзенай лячэбнай установы тым аб'ёмам і відам медыцынскай дапамогі, якія там заяўлены.
Не менш важнае і тое, што аддзяленні дзённага знаходжання пры паліклініках будуць працаваць толькі на бюджэтнай аснове. Усе жыхары краіны, у тым ліку людзі працаздольнага ўзросту атрымаюць у іх медыцынскую дапамогу за кошт рэспубліканскага альбо мясцовых бюджэтаў. Я маю на ўвазе пацыентаў з такімі захворваннямі, як ішэмічная хвароба сэрца, артэрыяльная гіпертэнзія, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, цукровы дыябет. Гэта тыя хваробы, якія складаюць высокую ўдзельную вагу захваральнасці і смяротнасці сярод нашых людзей. Гэтыя аддзяленні на працягу дня будуць працаваць у некалькі змен, што зручна для насельніцтва. Апошняе, на мой погляд, будзе спрыяць скарачэнню шпіталізацыі ў стацыянарах, дзе патрабуецца бесперапыннае назіранне за пацыентам.
Трэба адзначыць і тое, што ў сферы аховы здароўя будзе прымяняцца дзяржаўны сацыяльны заказ, куды будуць прыцягвацца грамадскія некамерцыйныя арганізацыі. Растлумачу, што некаторым жыхарам краіны, у прыватнасці, пажылым людзям, патрэбна не проста медыцынская, а медыка-сацыяльная дапамога, менавіта дома. Да такой работы можна прыцягваць, напрыклад, актывістаў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Яно, дарэчы, было адным з ініцыятараў уключэння такога раздзела («Дзяржаўны сацыяльны заказ у сферы аховы здароўя») у Закон аб ахове здароўя.
Дадам, што ў закон унесена новая глава, «Інфармацыйнае забеспячэнне ў сферы аховы здароўя», у тым ліку і тэлемедыцынскія тэхналогіі. Яны цяпер атрымліваюць вялікае практычная прымяненне, асабліва з надыходам пандэміі каранавіруснай інфекцыі. У самым аддаленым кутку краіны можна атрымаць кансультацыю ў рэспубліканскіх навукова-даследчых цэнтрах, абмеркаваць, напрыклад, вынікі камп'ютарнай тамаграфіі лёгкіх, параіцца з калегамі аб тым, якія найбольш перспектыўныя метады лячэння прымяніць і г. д.
Ужо сёння вядуцца электронныя карткі стацыянарнага і амбулаторнага пацыентаў, у хуткім часе з'явіцца электронны кабінет пацыента, дзе той можа азнаёміцца з вынікамі сваіх абследаванняў. На мой погляд, гэта будзе вельмі добрай матывацыяй весці здаровы спосаб жыцця.
Для рэалізацыі прафесійнага патэнцыялу медыцынскіх работнікаў устанаўліваецца новая форма паслядыпломнай падрыхтоўкі — рэзідэнтура.
— Якія яшчэ навацыі ў сферы аховы здароўя?
— Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца якасці медыцынскіх паслуг насельніцтву. З гэтай мэтай будзе праводзіцца экспертыза якасці медыцынскай дапамогі. Аналізавацца будуць не толькі асобныя выпадкі, але і цалкам работа пэўнай установы аховы здароўя: ці створаны ўсе неабходныя ўмовы для аказання медыцынскай дапамогі, як працуе сістэма аказання дапамогі ў медыцынскай установе. Уводзіцца кантраляванае лячэнне пацыентаў з туберкулёзам з мэтай, каб пацыент дакладна выконваў усе ўказанні ўрача. Дарэчы, гэтае складанае захворванне патрабуе некалькіх гадоў лячэння і штодзённага прыёму назначаных лекаў. Таксама гэта распаўсюджваецца і на іншыя сацыяльна істотныя хваробы: гепатыты, рассеяны склероз і г. д.
— Над чым цяпер працуюць члены вашай Пастаяннай камісіі?
— Мы, у прыватнасці, рыхтуем да першага чытання законапраект «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў». Адпаведна з рэкамендацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якой прызнаецца бязвыплатнае донарства як адзін з бяспечных відаў донарства і які складае аснову службы крыві, будзе ажыццяўляцца паступовы пераход да бязвыплатнага донарства. На пераходным этапе магчымая здача крыві як на платнай аснове, так і бязвыплатна. Дарэчы, плату рэкамендуецца пакінуць для донараў кампанентаў крыві. Вось асноўная сутнасць законапраекта, які цяпер распрацоўваецца.
Да другога чытання рыхтуецца закон «Аб турызме». Акцэнт у ім робіцца на абарону правоў спажыўцоў турыстычных паслуг. Не трэба нагадваць, што на працягу шэрага гадоў турыстычныя кампаніі раптоўна знікалі, а турысты заставаліся, як той казаў, ні з чым. Без грошай і без паслуг. Значна пагоршыла становішча ў турыстычнай сферы і пандэмія. Лічу, што дадзены закон вельмі своечасовы, з яго дапамогай у дзейнасць турыстычнай галіны будуць унесены неабходныя карэктывы. Вось над чым цяпер працуе наша камісія.
— Як дэпутат вы часта сустракаецеся з жыхарамі Мінскага раёна, ад якога выбіраліся ў Палату прадстаўнікоў. З якімі пытаннямі часцей за ўсё да вас звяртаюцца людзі?
— Хачу адзначыць, што работа ў парламенце — толькі частка дэпутацкай дзейнасці. Шмат увагі даводзіцца аддаваць рабоце з людзьмі у сваёй выбарчай акрузе. Іншымі словамі, на месцы. Што датычыцца пытанняў, то яны самыя разнастайныя. Найбольш часта падымаюцца пытанні па праблемах будаўніцтва жылля, рамонтна-будаўнічых работах, па ўтрыманні дарог, транспартных зносінах. Хоць і іншых зваротаў ад грамадзян хапае: пенсіённае забеспячэнне, медыцынскае абслугоўванне, датэрміновае выкарыстанне мацярынскага капіталу і іншыя.
Задаволеная, калі атрымліваецца станоўча вырашыць тое ці іншае пытанне, якое хвалюе жыхароў маёй выбарчай акругі. Усе пытанні мы вырашаем сумесна з Мінскім раённым выканаўчым камітэтам і яго службамі.
Так што смела магу сказаць: дэпутатам увесь час сядзець у парламенце не прыходзіцца, мы заўсёды сярод людзей.
Сяргей РУЧАНАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/valyancinay-kursevich
[4] https://zviazda.by/be/tags/medycyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikau
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus