На гэтае нечаканае пытанне Аляксандр Чурылаў адказвае сцвярджальна ўжо самой назвай сваёй кнігі, выдадзенай сёлета рэдакцыяй газеты «Гомельская праўда». Пазначаны і жанр: «журналісцкія хронікі». Аднак сама кніга значна маштабней і духоўна багацейшая за гэтую заяўленую ўлюбёнасць і хранікальнасць. Мне чамусьці здаецца, што ўлюбляемся мы ў свой час, толькі пражыўшы яго, так бы мовіць, з аглядкай на мінулае. Ды і сам Аляксандр Васільевіч, як могуць меркаваць чытачы, не проста пражывае, а ўдумліва, з усёй грамадзянскай адвагай ужываецца ў яго.
Тут ужо не да асляпляльнай улюбёнасці. Вось як успамінае ён першы смутны час пасля распаду Савецкага Саюза: «Усё грубае, злое, жорсткае, цынічнае і фізіялагічнае, што так нечакана захліснула нас у 90-я, масай былых савецкіх людзей было ўспрынята як зваленае на галаву ці завезенае з нейкіх заведама сапсаваных краін. Моташны быў час. Усё ішло кудысьці не туды. Аб усім гэтым можна было казаць услых, што суцяшала слаба. Праўда, адкрыліся межы, і ў свеце мы ўсім былі цікавыя, хоць у гэтай цікавасці было адценне паблажлівасці і нават гідлівасці… Многія называлі гэты перыяд ліхалеццем, але мала хто разумеў, наколькі яно каварнае. Гэта паўзучая бацыла абыякавасці, адчужанасці і безвыходнасці. Гэта разбураючы сэрца і душу гнёт незапатрабаванасці і нікчэмнасці, прыніжанасці і зняважанасці. Ад яго — гідлівасць да няўдачнікаў, неўладкаваных, нязбыўшыхся, да аўтсайдараў новага жыцця і новых каштоўнасцей. Ад яго ж — паталагічная любоў да поспеху, рабскае шанаванне моцнага, гатоўнасць, не задумваючыся, аддаць душу «залатому цяльцу». Ужо здаваліся міфічнымі гады, калі кожнаму чалавеку ёсць справа да кожнага. І ўсяму грамадству ёсць справа да кожнага іншага. І, што заканамерна, кожнаму чалавеку была справа да грамадства…» Што тут ад улюбёнасці ў свой час? Ды і канфліктных сітуацый аўтару кнігі (ён жа і галоўны герой аповеду) дастаецца нямала, бо высвятляе характэрныя рысы часу, удзячна згадваць якія наўрад ці захочацца. Падзеі (зусім не толькі хранікальныя) выяўляюць у ім менавіта тыя ўласцівасці характару, якія дапамагаюць самому не проста пражываць, а ствараць свой час. Яго, самастойна створаны, якраз не грэх і палюбіць, калі ён становіцца не толькі асабістым, але і асобасным.
Я ведаў Аляксандра Чурылава па журналісцкіх публікацыях. Але па-сапраўднаму яго мне высвяціў спавядальны, шчыры артыкул пра перажытае ў бальніцы ў час, які мог стацца апошнім. «Мяне Бог, мабыць, спыніў на парозе чысцілішча.
Адтуль, секунда за секундай, крочак за крочкам, ад болю да болю, ён вяртаў мяне назад. Утаропіўшыся ў белую столь, я думаў пра ўласнае жыццё. Я многае перажыў, бачыў велізарны свет і спрабаваў даведацца пра яго больш. Кахаў і быў каханы. Спазнаў сапраўднае сяброўства, мае дарогі перасякаліся з яркімі людзьмі і з адкрытымі падонкамі. Любіў працаваць, і праца любіла мяне. Я заўсёды рэчы называў сваімі імёнамі і ніколі не плыў па цячэнні. Можа, Бог палічыў гэта грахом і ганарыстасцю?» Ці не праўда, самахарактарыстыка гранічна сумленная?
Аўтар называе спавядальны артыкул рэпартажам пра гадзіны, праведзеныя ў рэанімацыі. Але за кожным словам праступае духоўная сутнасць чалавека, які павінен выканаць свой зямны абавязак да канца. А гэта, як мы цяпер ужо ведаем, і кніга нарысаў па гісторыі вытворчага аб’яднання «Беларуснафта», і сёлетняя, што ўвабрала ў сябе не толькі журналісцкую, але і асабістую хроніку жыцця таленавітага чалавека на фоне эпохі.
Наўрад ці кніга чыталася б так асобасна, калі б аўтар сапраўды апынуўся ў палоне сваіх жыццёвых і нават творчых памкненняў. Канкрэтыка ў яго — толькі нагода для абагульнення. Рэальнасць прозвішчаў, бязлітасная шчырасць выяўленых акалічнасцей — гэта грамадзянская адвага, якая не можа не выклікаць павагі. Але ж згаданы рэальныя людзі, якія пакінулі жыццё і якія жывуць цяпер. Тым больш патрэбна прынцыповая адвага не вуаліраваць сутнасць канфліктных і чалавечых сітуацый. Чурылаў жа заўсёды гранічна пэўны, катэгарычны.
І не толькі зараз, вяртаючыся да перажытага. Такім ён быў і ў якасці непасрэднага ўдзельніка таго, што адбывалася. Пацвярджэнні гэтаму амаль на кожнай старонцы хранікальна падзейнай кнігі. Яна густа заселена людзьмі, чалавечыя адносіны з якімі зусім не абмяжоўваліся прысвечанымі ім публікацыямі ў газетах. Гэта ветэран партыі, старшыня палкавога камітэта РСДРП(б) Аляксандр Сцяпанавіч Кастэнка, старшыні калгасаў Мікалай Мікалаевіч Каваль, Рыгор Купрыянавіч Шпакаў, пракурор Рэчыцкай міжрайпракуратуры Васіль Іванавіч Шаладонаў, у будучым Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, былы першы намеснік старшыні Рэчыцкага выканаўчага камітэта, а зараз генеральны дырэктар вытворчага аб’яднання «СветлагорскХімвалакно» Васіль Васільевіч Касцюкевіч, шматлікія калегі Чурылава па працы ў газеце «Дняпровец», у «Гомельскай праўдзе», у ведамаснай — «Нафтавік» і ва ўсім вытворчым аб’яднанні «Беларуснафта», якія здабывалі «чорнае золата» не толькі на Поўначы, але і ў Ліване, Алжыры, Індыі, Іране, Паўночнай Карэі і нават на экзатычным Мадагаскары. У асацыятыўным кантэксце прыгадваецца паэт Уладзімір Верамейчык, з якім сябраваў аўтар кнігі. Ды і тыя, з кім жыццёвыя стасункі былі часовымі, заставаліся чымсьці вызначальнымі. Такім, у прыватнасці, было знаёмства з дырэктарам Пушкінскага музея-запаведніка Сямёнам Сцяпанавічам Гейчанкам.
Але будзем памятаць, што кожны чалавек можа перажыць нешта накшталт рамана, а напісаць яго здольны далёка не кожны. Аляксандр Чурылаў заўсёды не толькі творча, але і па-грамадзянску ўзвышаўся над будзённым жыццём газетчыка-хранікёра. Таму ён неяк вельмі натуральна перайшоў ад журналістыкі да мастацкай прозы. У кнізе «Мы ўлюбляемся ў свой час» ёсць сапраўдныя ўсплёскі такой самабытнай мастацкасці. Вось якім ён убачыў сібірскі верасень у горадзе Губкінскім: «Восень тут хуткая, але з яснымі празрыстымі поўднямі і казачна непрагляднымі начнымі туманамі. Тундра становіцца каляровай. Адны травы і хмызнякі чырванеюць, другія жоўкнуць, трэція становяцца бурымі, чацвёртыя не могуць забыць лета і застаюцца па-летняму сакавіта-зялёнымі…» І такіх «усплёскаў» у кнізе шмат.
Аляксандр Чурылаў, канешне ж, ведае, што журналіст можа быць дылетантам ва ўсіх прафесіях, пра якія піша, і толькі ў сваёй абавязаны быць прафесіяналам. Але хто рызыкне ўсумніцца ў яго прафесійных ведах сапраўды фантастычнай працы нафтавікоў, асабліва ў суровых умовах Поўначы? Зрэшты, гэта ўжо яго другая прафесія, якой ён аддаў нямала гадоў на розных, у тым ліку і кіраўнічых, пасадах. А журналістыка ў рэдакцыі газеты «Нафтавік» — таксама працяг яе. І ведае ён сакрэты пісьменніцкага майстэрства ад высноў. Вось чаму ўжо без здзіўлення чытаю: «Прынята лічыць, што літаратура пачалася з найстаражытных шумерскіх паданняў “Эпас пра Гільгамешу”, кіраўніка горада Урук, які доўга вандраваў па свеце ў пошуках неўміручасці і памёр параўнальна маладым. Пісалася гэтае сачыненне яшчэ ў ІІІ-м тысячагоддзі да нашай эры, і, такім чынам, вытанчаная славеснасць будзе старэй за егіпецкія піраміды. Кніга з’яўляецца самым дзіўным сродкам, што вынайшаў чалавек. Малаток ці разец — працяг рук, мікраскоп ці бінокль — працяг вачэй, тэлефон — голас. Але кніга зусім іншае — працяг памяці і ўяўлення…»
І ці варта здзіўляцца, што аўтар гэтай спавядальнай кнігі — сапраўдны кнігазнаўца? Чытаў і перачытваў Гогаля, Чэхава, Аверчанку, Гіляроўскага, Зошчанку, Распуціна, Айтматава, Шукшына. І не проста перачытваў, а па-новаму адкрыў для сябе Салтыкова-Шчадрына, Ляскова, Прышвіна. Невыпадкова згаданы Салжаніцын, Аксёнаў, Букоўскі, Гінзбург, Шаламаў, Даўлатаў, што былі ў няміласці… І сам жа, як бы між іншым, характарызуе сябе, успамінаючы словы Іосіфа Бродскага: «Чалавек — гэта тое, што ён чытае…» Менавіта духоўна ўспрынятая начытанасць дазваляе Чурылаву і ў новай кнізе пачувацца натуральна ва ўсіх падзеях не толькі сваёй жыццёвай хронікі. Яго філасофскія ці лірычныя адступленні толькі дадаюць ёй асацыятыўную паўнату і дакладную пэўнасць. Так адбываецца, калі ён разважае пра Біблію, вельмі натуральна пераходзячы ад яе да «Майстра і Маргарыты» Міхаіла Булгакава ці да роздумаў Фёдара Дастаеўскага пра Бога. Менавіта гэта дазваляе яму таксама пераканаўча разважаць пра ХХ стагоддзе, якое стала найцяжэйшым выпрабаваннем для ўсяго чалавецтва. Аляксандр Васільевіч — аўтар дзвюх кніг мастацкай прозы: «І гэта ўсё пра нас», «Здагадкі пра жыццё». Але і ў шматлікіх журналісцкіх публікацыях ён вольна ці нявольна прарываецца ў пісьменніцкую сутнасць слоў. Зрэшты, і журналісцкаму майстэрству ў яго можна павучыцца. Вось толькі адна з разваг: «Я заўсёды быў і застаюся перакананым прыхільнікам разнастайнасці матэрыялаў, што публікуюцца ў газеце, хай яна і была вытворчым выданнем. Я таксама быў упэўнены ў тым, што кожная тэма павінна з нумара ў нумар знаходзіць сваё вызначанае месца на старонках газеты...»
Аляксандр Чурылаў выдатна разумее, што сутнасць журналісцкай прафесіі ў тым, каб не даць памерці падзеі. Гэта значыць, яе трэба ўвасобіць у газетныя, часопісныя ці ў кніжныя радкі. А сутнасць пісьменніцкая? У чым яна? На гэтае пытанне ён адказвае ўжо самім эпіграфам да кнігі «Мы ўлюбляемся ў свой час». Вось ён у словах Дзмітрыя Быкава: «Пішы, сябра, толькі пра сябе: усё астатняе да цябе сказалі...»
Дадам, што ўсё добра сказанае пра сябе — заўсёды і пра іншых. Хіба не так чытаюцца чурылаўскія радкі: «З узростам усё часцей задумваешся, а што ў цябе за стрыжань у жыцці? Бліжэй усяго сэрцу майму цар без царства і бядняк, які не ўмее прасіць міласціну. Чаму мы старэем не пад вечным небам і ў спрадвечнай працы, а ў аўтамабілях, за камп’ютарам, багатым сталом? І спяшаемся, не заўважаючы, што кожная секунда жыцця незваротная! Куды спяшаемся? Да той жа старасці? Дзень праходзіць, а ўспомніць няма чаго. Дзень пачынаецца не з разважанняў, а з чарговага разбегу. Вызірнуў за акно: выпаў снег — зблізку светла-шэры, удалечыні — блакітны. Праклюнулася першая траўка — мяккенькая, смарагдавая… Пясок на прасёлачнай дарозе прагрэўся на сонцы… А вось першая ўжо блакітная павуціна злятае з галінкі — ці не на ёй трымаецца ўсё жывое на зямлі?» Пагадзіцеся, што гэта сказана звыш за любую, а не толькі журналісцкую хроніку. Да такога чытання нельга не далучыцца душой.
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kniga
[2] https://zviazda.by/be/tags/autar
[3] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-churylau
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhurnalisckiya-hroniki