Адзіная ў нашай краіне прыватная, заснаваная на даверных адносінах, бібліятэка не першы год дзейнічае на Случчыне, а менавіта ў вёсцы Бязверхавічы. У бібліятэцы больш за тры тысячы экзэмпляраў кніг і часопісаў, ахвяраваных рознымі людзьмі. Без перабольшання, установу можна назваць грамадска-публічнай, хоць яна займае па плошчы звычайны гандлёвы шапік.
Чым яшчэ адрозніваецца бязверхавіцкая бібліятэка ад іншых устаноў гэтага профілю? Тым, што тут... няма бібліятэкара, а таксама адсутнічаюць іншыя абанеменцкія фармальнасці. Усё дэмакратычна: чытач сам выбірае чытво і бярэ з сабою кніжак столькі, колькі захоча. Але ўсе трымаюцца негалоснага правіла: прачытаў кнігу — вярні назад. А яшчэ ва ўстановы ёсць персанальная назва «Бібліятэка ў Сафіі».
— Сафія — мая старэйшая ўнучка, у гонар яе і назваў бібліятэчны праект. Дзяўчынцы цяпер чатырнаццаць гадоў, яна жыве ў сталіцы, а летам гасцюе ў Бязверхавічах і глядзіць бібліятэку, — распавёў мне аўтар праекта падпалкоўнік у адстаўцы Леанід Гапановіч. — Я даўно выношваў ідэю стварэння невялікай бібліятэкі, бо і дагэтуль люблю чытаць і хачу, каб землякі таксама праводзілі час за чытвом.
Высакародная ідэя вылілася ў змястоўны адукацыйны праект, а бібліятэка стала неад'емнай часткай жыцця сучаснай вёскі.
На здымку — жыхаркі вёскі Іванаўскія Агароднікі Бажэна Сакалоўская і Ганна Пячкоўская, якія спецыяльна прыехалі наведаць бязверхавіцкі «кніжны рай».
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/byazverhavichy
[4] https://zviazda.by/be/tags/pryvatnaya-bibliyateka
[5] https://zviazda.by/be/tags/sluchchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/bibliyateka-u-safii