На гэтым тыдні ў топе навінавых стужак сусветных інфармагенцтваў былі паведамленні з Афганістана. Падзеі тут развіваліся вельмі імкліва і насуперак усім прагнозам замежных ваенных аналітыкаў. Баевікі руху «Талібан» 15 жніўня без бою ўвайшлі ў Кабул і на працягу некалькіх гадзін усталявалі поўны кантроль над афганскай сталіцай. Прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані склаў паўнамоцтвы і імкліва пакінуў краіну. Заходнія дзяржавы эвакуіруюць сваіх грамадзян і супрацоўнікаў пасольстваў. Увесь свет абляцелі шакавальныя відэа з афганскай сталіцы — у прыватнасці, з кабульскага аэрапорта, дзе месцічы ў дарэмных спробах пакінуць краіну літаральна кідаліся пад колы амерыканскіх самалётаў. Куды ж рушыць шматпакутны Афганістан?
Слова «таліб» на пушту, адной з афіцыйных моў Афганістана, азначае «вучань, студэнт медрэсэ». Гэта радыкальны рух, заснаваны ў 1994 годзе. Савет бяспекі ААН і многія краіны лічаць «Талібан» тэрарыстычнай арганізацыяй. Паводле ацэнак НАТА, цяпер яна налічвае каля 85 тысяч байцоў — больш, чым калі-небудзь раней, паведаміла еuronews.com.
Цяперашнія падзеі — другое з'яўленне «Талібана» ва ўладзе. У 1994-м талібы ўзялі пад ваенны кантроль Кандагар на паўднёвым усходзе краіны. Пасля яны акупавалі яшчэ 12 гарадоў і ў 1996-м захапілі Кабул. «Талібан» абвясціў аб фарміраванні ўласнага ўрада, утварыўшы Ісламскі Эмірат Афганістан. Лідарам стаў мула Махамад Амар. Урад талібаў быў прызнаны Пакістанам, Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Падчас іх праўлення ў сілу ўступіла канстытуцыйная сістэма, заснаваная на шарыяце.
Да 1998-га талібы кантралявалі амаль 90 працэнтаў тэрыторыі Афганістана. Астатняя тэрыторыя кіравалася Паўночным альянсам на чале з прэзідэнтам Бурханудзінам Рабані, адным з заснавальнікаў афганскіх маджахедаў. Менавіта Рабані міжнародная супольнасць лічыла легітымным прэзідэнтам. Паўночны альянс вёў барацьбу супраць «Талібана», каб не страціць пакінутыя тэрыторыі, але ў выніку пад кіраваннем апазіцыі засталася толькі Панджшэрская цясніна.
Гэтая тэрыторыя кантралявалася палявым камандзірам Ахмадам Шахам Масудам, якога таксама звалі «леў Панджшэра». Напрыканцы 1990-х стаў самым важным імем супрацьстаяння талібам.
Увесну 2001-га Шах Масуд выступіў у Еўрапейскім парламенце ў Бруселі з просьбай дапамагчы Афганістану. Ён раскрытыкаваў талібаў і «Аль-Каіду», у тым ліку за іх «вельмі няправільную інтэрпрэтацыю ісламу», і папярэдзіў аб тэрактах, якія рыхтуюцца на амерыканскай зямлі. 9 верасня 2001-га Масуд быў забіты выбухам бомбы ў правінцыі Тахар у Афганістане двума людзьмі, пераапранутымі ў журналістаў.
Праз два дні адбылося нападзенне на Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку і Пентагон пад Вашынгтонам. Амаль 3 тысячы чалавек былі забітыя.
З'явілася інфармацыя, што «Аль-Каіда» на чале з Усамай бен Ладэнам, на якога ўлады ЗША ўсклалі адказнасць за тэракты, дзейнічала ў раёнах, якія кантралююцца талібамі. Мула Амар адмовіўся яго выдаць.
З 7 кастрычніка 2001 гады альянс НАТА на чале з ЗША атакаваў пазіцыі талібаў у Афганістане. Страціўшы за кароткі час усе гарады, уключаючы сталіцу Кабул, талібы адышлі ў сваю цытадэль, Кандагар. Пасля яго страты ім давялося адступіць у горы. Заходнія войскі ўсталявалі ў Афганістане пераходны ўрад Хаміда Карзая ў снежні 2001 года. У гэты ж час у краіну былі накіраваны Міжнародныя сілы садзейнічання бяспецы (ІSAF).
У снежні 2001 года, праз два месяцы пасля ўводу амерыканскіх вайскоўцаў у Аўганістан, Джордж Буш-малодшы падняўся на трыбуну Нацыянальнага музея жаночага мастацтва ў Вашынгтоне і ўрачыста абвясціў прысутным, што ЗША вось-вось атрымаюць рашучую перамогу. «Дзякуючы нашым узброеным сілам, нашым саюзнікам і адважным афганскім ваенным рэжыму «Талібан» прыходзіць канец», — заявіў ён. Планавалася, што на гэтым місія ЗША не скончыцца: амерыканская прысутнасць павінна была завяршыцца «новай эрай правоў чалавека і чалавечай годнасці» ў Афганістане.
Аднак праз амаль 20 гадоў «канец» талібам так і не наступіў. Больш за тое, апошнім часам Вашынгтон вёў перамовы з групоўкай, якую яшчэ ў 2001-м абвінавачваў у парушэннях правоў чалавека, а ў лютым 2020-га заключыў здзелку аб вывадзе амерыканскіх войскаў. Пагадненне стала для «Талібана» каласальнай дыпламатычнай перамогай і важным крокам на шляху легітымізацыі на міжнародным узроўні.
Чакалася, што Злучаныя Штаты завершаць вывад войскаў сёлета да 31 жніўня. Але яшчэ да таго, як Афганістан пакінулі апошнія амерыканскія салдаты, «Талібан» пачаў імклівы наступ. Адміністрацыйныя цэнтры адзін за адным здаваліся баевікам без бою, а чорна-чырвона-зялёны трыкалор над пагранпунктамі, мэрыямі і паліцэйскімі ўчасткамі змяніў талібскі белы сцяг. Афганскія вайскоўцы, якіх амерыканцы гадамі трэніравалі і навучалі, беглі ў суседнія краіны, пакідаўшы ваенную тэхніку. За лічаныя дні «Талібану» ўдалося ўсталяваць кантроль над усёй тэрыторыяй краіны. Таго, што афганскія ваенныя здадуць пазіцыі практычна без бою, а краіна імгненна апынецца пад кантролем талібаў, не чакаў ніхто.
Прафесар даследаванняў міру і канфліктаў Упсальскага ўніверсітэта Ашок Суэйн адзначыў lenta.ru, што афганская армія валодала тактычнай перавагай над «Талібанам». У іх былі сучасная зброя і боепрыпасы, падтрымка з паветра ЗША і ў чатыры разы больш войскаў, чым у баевікоў. Тым не менш талібы без асаблівага супраціву захапілі найбуйнейшыя гарады краіны. «Гэта дакладна сведчыць аб тым, што ва ўрада Афганістана і сіл бяспекі не было плана або жадання спыніць прасоўванне талібаў. Яны, падобна, змірыліся з паражэннем і ўступілі ў змову з талібамі альбо для дзяльбы ўлады, альбо для бяспечных уцёкаў з краіны», — заўважыў эксперт.
«Талібан» паабяцаў амністыю для афганскіх чыноўнікаў і заклікаў іх вярнуцца на працоўныя месцы. Насуперак сваёй ранейшай жорсткай пазіцыі талібы нават паабяцалі дазволіць жанчынам працаваць — праўда, абавязкова ў хіджабе — і запрасілі іх увайсці ў склад урада. Але, нягледзячы на ўсе запэўніванні, цяпер жанчын на вуліцах Афганістана амаль не сустрэць, а іх хуткае вяртанне да звыклай работы выглядае малаверагодным, адзначыла lenta.ru.
І хоць пакуль насаджэння жорсткіх парадкаў у Афганістане не назіраецца, гэта можа ў хуткім часе змяніцца, папярэдзіў прафесар ВШЭ і галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута міжнародных даследаванняў МДІМА Андрэй Казанцаў. «Не могуць талібы так фундаментальна змяніцца проста ад таго факта, што яны чарговы раз прыйшлі да ўлады», — сказаў эксперт у гутарцы з lenta.ru. Паводле яго слоў, за дзеяннямі талібаў можа стаяць тактычны разлік: ім трэба замацаваць дасягнутыя поспехі і паказаць міжнародным гульцам, што тыя маюць справу з «прыстойнымі людзьмі». «Але калі іх пазіцыі будуць кансалідавацца, талібы пачнуць закручваць гайкі», — перакананы эксперт.
Тым часам першыя «трывожныя званочкі» ўжо пачалі паступаць: днямі талібы з прымяненнем сілы разагналі пратэсны мітынг у горадзе Джалалабадзе, узарвалі мемарыял, збудаваны ў гонар іх даўняга ворага, палявога камандзіра Абдулы Алі Мазары, а таксама паспелі пакараць смерцю мінімум дзвюх жанчын, якія асмеліліся з'явіцца на вуліцы без хіджаба. Па гэтай прычыне прыходу талібаў да ўлады рады далёка не ўсе, аднак верагоднасць таго, што незадаволенасць перарасце ў сур'ёзны супраціў ці нават грамадзянскую вайну, пакуль дастаткова малая. Сілы былога віцэ-прэзідэнта Амрулы Салеха пачалі баі супраць талібаў у Панджшэры, на поўнач ад Кабула, але ў астатніх раёнах краіны ўсё адносна мірна.
Без збройнага супраціву ў незадаволеных новай уладай, па вялікім рахунку, застаецца толькі два шляхі: змірыцца ці збегчы з краіны. Пакінуць краіну легальным спосабам практычна немагчыма. Большасць краін зачынілі свае пасольствы і спынілі выдачу віз, але нават з замежным пашпартам і візай выбрацца з краіны банальна няма на чым: рэйсы прыпыненыя. Усё гэта ў канчатковым выніку можа прывесці да росту нелегальнай міграцыі і справакаваць сапраўдны гуманітарны крызіс. У расійскім прадстаўніцтве Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў lenta.ru распавялі, што крызіс у Афганістане прывёў да істотнага павелічэння ўнутрана перамешчаных асоб: толькі з пачатку года свае дамы былі вымушаныя пакінуць 550 тысяч чалавек.
Міграцыя з Афганістана ў Іран перавысіла сярэднія паказчыкі. Некаторыя афганцы пачалі пакідаць краіну яшчэ да захопу ўлады талібамі. Частка з іх накіравалася ў Турцыю, адкуль яны спадзяюцца трапіць у Еўропу. Лідар Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдароглу папярэдзіў, што ў краіну можа бегчы ад 500 тысяч да мільёна афганцаў». Зараз мы сутыкнуліся з «афганскай паводкай», — заявіў палітык.
Міграцыйны крызіс можа закрануць і шэраг дзяржаў СНД. Прычым гэтыя краіны наўрад ці стануць канчатковым пунктам для бежанцаў, якія хутчэй будуць выкарыстоўваць іх як перавалачны пункт на шляху ў Еўропу, лічыць генеральны дырэктар Расійскага савета па міжнародных справах Андрэй Казанцаў. Аднак калі афганскі крызіс сур'ёзна пагоршыць абстаноўку ў суседніх цэнтральнаазіяцкіх рэспубліках, то гэта можа справакаваць хвалю бежанцаў ужо адтуль. «Гэта можа быць катастрафічная хваля», — падкрэсліў эксперт.
Прыход да ўлады «Талібана» можа прывесці да росту тэрарызму. І нават калі талібы, як яны самі запэўніваюць, не будуць падтрымліваць тэрарыстаў наўпрост, то сама абстаноўка ў краіне можа стварыць спрыяльную глебу для росквіту іншых груповак, у тым ліку «Аль-Каіды» і «Ісламскай дзяржавы». «Яны могуць разглядаць Афганістан у якасці плацдарма для правядзення аперацый, у тым ліку і на постсавецкай прасторы», — адзначыў Андрэй Картуноў.
Тым часам стала вядома, што «Талібан» не будзе ўсталёўваць дэмакратыю ў Афганістане. Аб гэтым Reuters заявіў адзін з вышэйшых членаў групоўкі Вахідула Хашымі. Паводле яго слоў, у краіне няма базы для дэмакратыі, і адзіным тыпам палітычнай сістэмы, што прымяняюцца ў ёй, будуць законы шарыяту. Ён растлумачыў, што Афганістанам можа кіраваць савет «Талібана», а вярхоўным лідарам застанецца Хайбатула Ахундзада. Як паведаміла Assocіated Press, мяркуецца абвясціць аб стварэнні Ісламскага эмірата Афганістан.
Захар БУРАК
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/tags/afganistan
[4] https://zviazda.by/be/tags/emirat
[5] https://zviazda.by/be/tags/taliban-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/kabul-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/sharyyat
[8] https://zviazda.by/be/tags/aan
[9] https://zviazda.by/be/tags/shah-masud