Палац Рдултоўскіх у Снове гэтым разам мы паглядзелі праз агароджу: дыхтоўны, пад аховай... Белы порцік з велічнымі антычнымі калонамі, выцягнуты на два бакі будынак... Сто сорак метраў даўжынёй, сто пакояў... Яшчэ нядаўна быў тут ваенны шпіталь. Побач цячэ рака Сноўка, мясціны маляўнічыя, захаванасць добрая... Даволі вядомы турыстычны аб'ект.
А вось у другім пункце мы правялі доўгія гадзіны — і таму, што трапілі сюды ўпершыню, і таму, што прыемна пахадзіць у таямнічым месцы, куды мала хто завітвае. Савейкі каля Ляхавіч... Вядомыя як сядзіба Навіцкіх, але быў час, калі і палац у Снове, і палац у Савейках мелі іншых гаспадароў, і сярод іх — Канстанцін Рдултоўскі.
Розным лёсам кінутыя
на света паводкі,
Сустракаемся мы з табой,
як дзве розныя лодкі!
Твая новая, фарбай і бранёй
зіхацее,
Бісерам вятры хапае,
цячэнне грудзямі разрывае...
Гэты верш пану Канстанціну прысвяціў ягоны сябар Адам Міцкевіч.
Назваў Канстанціна Рдултоўскага, дарэчы, хвацкім паэтам — той пераклаў санеты Міцкевіча на англійскую мову.
Самы час дэкламаваць старасвецкія велягурыстыя вершы, калі шпацыруеш доўгімі-доўгімі прысадамі: клёны, елкі, дубы, некаторыя відавочна бачылі пазамінулае стагоддзе... Дарогу перапаўзаюць смаўжы, іх выцвілыя закручаныя ракавінкі такія хрусткія... Пераступаем уважліва. Наймалодшы чалец нашае вандроўніцкае суполкі, чатырохгадовы Кастусёк, падбягае да кожнага смоўжыка павітацца... Але іх надта шмат — нібыта менавіта па той бок прысады адбываецца смаўжыны баль, варты рызыкі быць раздушанымі...
Чатырыста з паловай метраў прысады выводзяць да сядзібы... Вось яна, бялее ўдалечыні, за травой і кустоўем.... І пераносіць спачатку зусім не ў дзевятнаццатае стагоддзе, а значна пазней. Кіно з падобнымі сюррэалістычнымі пейзажамі здымалі ў 1990-х, адлюстроўваючы канец савецкай эпохі. Калісьці тут былі санаторый, піянерлагер, амбулаторыя... Пра што сведчаць жалезныя шкілеты рэкламных шчытоў і лавак летняга кінатэатра... А таксама скульптура ў модным сёння стылі сац-арт і ў вельмі атмасферным стане: аблупленая, парослая зялёным імхом. Вось барукаюцца медзведзяняты за бочачку з мёдам... Уздымае рогі вельмі натуралістычны алень, горбіць спіну зубр... Станістая маці трымае кучаравага дзіцёнка — гіпсавая птушачка з яе далоні даўно зляцела...
Апошняя скульптура адметна выглядае на фоне старога дома ў стылі неаготыкі, з плюшчом, што караскаецца на камяні фасада.
Ёсць і скульптура Леніна — рыхтых пасярэдзіне газона, дакладней, «параднага партэра», перад сядзібным домам... Толькі газон дужа зарос, у тым ліку крапівою, а сцежкі да правадыра пралетарыяту ніхто не пратаптаў.
А вось і сам сядзібны дом. Элементы барока, тэраса з балюстрадай, якая абапіраецца на каржакаватыя калоны...
Дарэчы, на гэтым фоне можна паўспамінаць і радкі з паэмы Шата Руставелі «Віцязь у тыгровай скуры». Чаму? Ды таму, што Канстанцін Рдултоўскі перакладаў гэты велічны грузінскі эпас. Ці не ў тутэйшых мясцінах?
Хоць наўрад... Бо фрагмент ягонага перакладу Руставелі быў надрукаваны ў Вільні ў 1831-м, а маёнтак Савейкі пан атрымаў як пасаг сваёй жонкі, Валерыі Незабытоўскай, у 1835 годзе. Незабытоўскія былі суседзямі, Сноў жа непадалёк...
Мусіць, успамінаў савейкаўскі ўладальнік і тую гісторыю, з-за якой не дужа хацелася вяртацца ў бацькоўскі шыкоўны палац у Снове...
Пачалася яна яшчэ ў юнацтве... Кола сяброў Канстанціна Рдултоўскага выдатна — усе паэты, Юліюш Славацкі, Эдвард Адынец, Адам Міцкевіч... І Людвіг Шпіцнагель, сын прафесара Віленскага ўніверсітэта. Людвік вылучаўся надзвычайнымі здольнасцямі, ведаў шаснаццаць моў... У тым ліку ўсходнія, што не дзіўна, бо бацька быў па іх спецыялістам. Людвік з Рдултоўскім і пасябравалі, калі пан Канстанцін раіўся з ім, зусім юным, але ўжо знаўцам, наконт перакладу «Віцязя ў тыгровай скуры». Шпіцнагель нават прысвячаў сябру вершы...
Бацька забраў Людвіка з Віленскага ўніверсітэта, каб не трапіў у непрыемнасці разам з іншымі членамі таварыства філаматаў. Хлапца чакала бліскучая дыпламатычная кар'ера — пасада ў расійскім пасольстве ў Александрыі...
Каб не гасцяванне ў сябра, Канстанціна Рдултоўскага, у Снове... Дзе Шпіцнагель сустрэў сястру Канстанціна, Анелю.
Калі першы раз прыехаў туды, у ліпені 1824 года, яму было сямнаццаць.
Каханне, як належала паэту, было палкае, вечнае... Але неўзаемнае.
Там, у Сноўскім палацы Рдултоўскіх, праз тры гады, Людвік Шпіцнагель і застрэліўся — падобна да ўлюбёнага героя моладзі, гётэўскага Вертэра. Паслаў кулю ў сэрца.
Дарэчы, тая аповесць Гётэ, з'явіўшыся ў 1774 годзе, спарадзіла на дзесяцігоддзі цэлую эпідэмію самагубстваў сярод рамантычна настроеных юнакоў.
Трагедыя ў Снове здарылася ў 1827 годзе. Якраз гэтым годам датуюць узвядзенне там новага палаца. Людвік прыехаў у лютым, неспадзявана... Было яму дваццаць гадоў.
Дарэчы, Людвік вельмі мне нагадвае нашага Cяргея Палуяна, крытыка, які засіліўся ў тым жа ўзросце. Такі ж максімаліст-ідэаліст, паэт з «апантаным сэрцам»...
«Гэта была выдатная кветка, якая не дала плода» — занатаваў у дзённіку паэт Юліюш Славацкі. Самагубства таленавітага паэта і перакладчыка ў пачатку кар'еры стала падзеяй... У мінулым стагоддзі пра гэта стварыў п'есу «Крык рабіны» польскі драматург Вацлаў Кубацкі. Вядома, штось дафантазіраваўшы, і нават зблытаўшы імя гераіні. Канстанцін Рдултоўскі там адзін з галоўных персанажаў.
Наўрад ці сам Канстанцін мог забыць трагічнае здарэнне. Мусіць, і знаходзячыся ў Савейках, распавядаў кранальныя падрабязнасці маладой жонцы.
Падыходзім бліжэй да сядзібнага дома... Цяпер зразумела, наколькі высокія і магутныя калоны порціка, што падтрымліваюць тэрасу з балюстрадай. Там зручна было, пэўна ж, піць ранішнюю каву... Сёння на тэрасе растуць маладыя дрэўцы. Ускараскаліся яны і на дах, падкінутыя ветрам... На франтоне, над скругленым уверсе акном, — лічбы «1959». Гэта не год пабудовы, а год рэканструкцыі, калі тут зладзілі санаторый лясной гаспадаркі СССР. Зладзілі, кажуць, пасля таго як нашчадак Навіцкіх, польскі амбасадар у Францыі, даслаў грошы на аднаўленне радавога гнязда... Грошы не прынялі, але вырашылі давесці, што ўпарадкуюць сваімі сіламі.
Дарога вядзе да сажалкі — яе берагі зараслі старымі вербамі, на супрацьлеглым беразе рамантычна глядзіцца будынак бровара — у тым жа неагатычным стылі... На бровары лічбы — «1901». Да Канстанціна Рдултоўскага ўжо не мае дачынення... Пан быў натуры, так бы мовіць, творчай, да гаспадаркі не надта здатны. Вось па свецкіх салонах хадзіць... Ягонай траюраднай сястрой, дарэчы, была знакамітая Караліна Сабаньская, у чыім салоне часта бываў і закаханы ў яе Пушкін, і іншыя знакамітасці часу... Бываў і Канстансцін Рдултоўскі. Цягаўся і па іншых свецкіх мерапрыемствах... Дзе любіў сесці за ігральны стол. Ды так завіхаўся, што прайграўся ўшчэнт. Так што мусіў прадаць Савейкі, дакладней, падарыць у кошт пазыкі — уласнаму аканаку — Гектару Навіцкаму.
Так і пачалося тут валадаранне Навіцкіх. Дасталіся ім 6 тыс. гектараў зямлі, бровар, шкіпінарны і смаляны заводы, два вадзяныя млыны.
Мы ідзём па дарозе да вёскі, злева — сажалка і луг, справа — бровар ды іншыя гаспадарчыя будынкі пазамінулага стагоддзя. На лузе, сярод травы, белыя нарцысы... Гэткая стыхійная клумба. Мо тут раней стаяў дом, быў агарод? Ці тут нечая забытая магіла?
Шмат што ўяўляецца, калі наведваеш падобныя мясціны...
Цікавы нюанс: жонка Канстанціна, Валерыя Незабытоўская, была пратэстантка, кальвіністка. І двое дзяцей, якія ў іх нарадзіліся, былі ахрышчаныя ў кальвінісцкай веры. Падобна, што і Канстанцін Рдултоўскі прыняў веру жонкі — бо быў абраны папячыцелем Слуцкай кальвінісцкай гімназіі.
Іншая цікавінка: Канстанцін Рдултоўскі нарадзіўся ад шлюбу сваякоў — яго маці была зводная сястра бацькі, Казіміра Рдултоўскага. Жаніх адваліў у Рым вялізныя грошы, каб атрымаць дазвол на вянчанне... І сын Канстанціна, Яўген, ажэніцца са стрыечнай сястрой, Людвікай Рдултоўскай. Ці такія шлюбы былі абумоўленыя жаданнем захаваць маёнткі ў руках роду, ці проста лёс так складваўся?
Выйшла замуж і Анеля, сястра Канстанціна — за Адама Солтана. Дзяцей не мела.
Прачытала, што малодшы брат Канстанціна Рдултоўскага Яўстафій таксама меў любоў да азартных гульняў...
І тут нечакана намаляваўся трэці эпізод адной сюжэтнай лініі... Мы адправіліся ў яшчэ адзін пункт нашага падарожжа — так званую сядзібу Гартынгаў у Горным Снове. І аказалася, што гэты дом таксама належаў Рдултоўскім — ён перайшоў да Гартынгаў, калі Яўстафій Рдултоўскі, паводле сямейнай легенды, успадчынніўшы ўрэшце ўсю латыфундыю, прайграў у карты барону Густаву Гартынгу свае сноўскія ўладанні — і палац, і сядзібны дом.
Да сядзібнага дома Гартынгі прыбудавалі новы корпус. А стары ўзводзіў Казімір Рдултоўскі, бацька Канстанціна. Так што тут Канстанцін таксама мусіў бываць... І хто ведае, ці не гасцяваў у гэтых сценах і няшчасны Людвік, пакуль будаваўся шыкоўны палац, які стаў месцам ягонай гібелі?
Сёння ў сядзібным доме вядзецца рэстаўрацыя, прынамсі, відаць яе сляды, але да вынікаў яшчэ далёка. Тут быў шпіталь, інтэр'еры пераробленыя адпаведным чынам. Ды яшчэ сляды нядаўняга пажару... Столь абвісае лахманамі. Захаваўся хіба камін, аблямаваны кафляй.
У Савейках сёння ціха... Шмат зеляніны, экзатычных дрэваў... Часам проста зараснік. Чытала, што тут збіраліся адкрываць атэль, ладзіць зоны адпачынку. Што ж, будзем спадзявацца, што і гэтая мясціна ажыве...
А пакуль старую дарогу між прысад перапаўзаюць смаўжы, і кожная кволая, бледная ракавінка ахоўвае цэлы жывы сусвет.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vandrouka
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/snou
[7] https://zviazda.by/be/tags/saveyki