«Здабыча нафты і іншых карысных выкапняў» — такой тэме была прысвечана прэс-канферэнцыя, арганізаваная мультымедыйным цэнтрам Sputnіk. Спецыялісты адказалі на пытанні пра навуковыя даследаванні, павелічэнне здабычы нафты ў 1,5 раза, неразведаныя рэсурсы Беларусі і экспартныя перспектывы.
Нядаўна ў Беларусі было прынята рашэнне аб павелічэнні ўласнай здабычы нафты ў 1,5 раза. Ці магчыма гэта? Алена БІБІКАВА, начальнік аддзела РУП «Навукова-вытворчы цэнтр геалогіі», паведаміла, што цяпер прадпрыемства вядзе маштабны праект, разлічаны на 2021-2025 гады, з мэтай пошуку новых перспектыўных радовішчаў. Яна лічыць, што «Прыпяцкі прагін» — тэрыторыя перспектыўная. Там радовішчы ўжо былі адкрыты і перададзены прадпрыемству «Беларуснафта» для распрацоўкі.
«Запасы нафты складаюць каля 44 мільёнаў тон. Павелічэнне запасаў можа адбыцца за кошт увядзення ў эксплуатацыю новых плошчаў; распрацоўкі новых і ўдасканалення старых тэхналогій на ўжо знойдзеных радовішчах», — распавёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мінпрыроды Алег МОХ.
Між тым, загадчык лабараторыі геатэктонікі і геафізікі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, кандыдат геолага-мінералагічных навук Яраслаў ГРЫБІК лічыць, што павелічэнне ўласнай здабычы нафты ў 1,5 раза — задача невыканальная. «Тут ёсць некаторая блытаніна ў аб'ёмах здабычы і прыросце запасаў. У 1975 годзе было 8 млн тон здабычы нафты. У далейшым пайшло падзенне. 1,7 млн тон — гэта тое, што мы сёння здабываем». На думку прадстаўніка НАН Беларусі, у найбліжэйшы час павелічэнне здабычы нафты можа скласці 20-30 тысяч тон.
Апаненты Яраслава Грыбіка мяркуюць, што новыя сучасныя методыкі пошуку дазволяць больш дэталёва вывучыць нетры, выведаць радовішча і павялічыць здабычу. У прыватнасці, яны спасылаліся на вопыт В'етнама і Украіны — там выявілі вялікія залежы нафты ў месцах, дзе яе быць не павінна. Таму і беларускія спецыялісты звязваюць свае надзеі з выяўленнем прыкмет глыбіннай нафты, нават акрэслены часавы адрэзак — канец 2025 года.
Намеснік дырэктара РУП «Беларускі дзяржаўны геалагічны цэнтр» Аляксей ВАЎРЫШ нагадаў, што ў Дзяржаўным кадастры нетраў улічана 98 аб'ектаў, уключаючы 88 радовішчаў, плюс яшчэ 10 нафтаперспектыўчых структур, якія ў будучыні могуць даць прыток нафты і будуць пераведзены ў ранг радовішчаў.
За апошнія пяць гадоў НПЦ па геалогіі былі адкрытыя чатыры радовішчы прыроднага газу. «Напрыклад, на Мазырскім радовішчы выманыя запасы склалі 23,7 млн кубаметраў, на Паўднёва-Шацілаўскім радовішчы — 1,3 млн кубаметраў. Гэта значыць яны невялікія. Газ у нас ёсць, але не ў вялікай колькасці», — паведаміла Алена Бібікава.
«У нас стратэгічная сыравіна пасля нафты — гэта калійныя солі, іх запасы велізарныя, і асноўны аб'ём мы вывозім», — адзначыў Алег Мох.
На сёняшні дзень запасамі калійных соляў наша краіна забяспечана на больш як 50 гадоў. Гэтыя запасы рэнтабельныя, даюць добры прыбытак.
«Акрамя стратэгічных карысных выкапняў, у нас ёсць каля 20-25 відаў іншых: гэта будаўнічыя матэрыялы, кварцавыя пяскі, даламіты, сапрапелы, торф. Значная колькасць і падземных водаў: ёсць разнастайнасць падземных як прэсных водаў, так і мінеральных, і іх запасы значныя», — запэўніў прадстаўнік Мінпрыроды.
Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/angelina-varatynskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/nafta
[5] https://zviazda.by/be/tags/pres-kanferencyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/alena-bibikava
[7] https://zviazda.by/be/tags/aleg-moh