Амерыканскія навукоўцы вырашылі высветліць, як пэт-тэрапія ўплывае на выканаўчыя функцыі студэнтаў пры стрэсе. Аказалася, што стасункі з сабакамі паляпшаюць іх. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі, прааналізаваўшы, як на студэнтаў уплываюць розныя спосабы ліквідацыі стрэсу. Вынікі даследавання апублікаваныя ў AERA Open.
Даказана, што стрэс пагаршае паказчыкі выканаўчых функцый у студэнта, напрыклад, здольнасць планаваць дзеянні ў адпаведнасці з мэтай альбо змяняць рэакцыю ў залежнасці ад кантэксту. Гэта ў сваю чаргу можа значна зніжаць паспяховасць, таму ўніверсітэты распрацоўваюць праграмы барацьбы са стрэсам.
У даследаванні пад кіраўніцтвам Нэнсі Гі з Універсітэта Садружнасці Вірджыніі ўдзельнічалі 309 студэнтаў. Траціна з іх, згодна з анкетаваннем, мела высокую рызыку стрэсу.
Рэспандэнтаў выпадковым чынам падзялілі на тры групы. У першай студэнты ў якасці тэрапіі стрэсу камунікавалі з сабакамі. У другой праводзіліся заняткі з прафесійным псіхолагам, а ў трэцяй удзельнікі надавалі роўную колькасць часу як заняткам з псіхолагам, так і стасункам з жывёламі.
У выніку паляпшэнне выканаўчых функцый было прыкметным толькі ў студэнтаў са стрэсам у першай групе, дзе праводзілася пэт-тэрапія. Пры гэтым атрыманыя вынікі захоўваліся і праз шэсць тыдняў пасля заняткаў.
Такім чынам навукоўцы высветлілі, што пэт-тэрапія больш эфектыўная, чым заняткі з псіхолагам па адобраных медыцынай праграмах. Аднак аўтары даследавання лічаць, што для ўдзелу ў эксперыменце маглі прыйсці ў асноўным тыя добраахвотнікі, якія любяць жывёл, што магло сказіць выпадковы характар выбаркі.
Сяргей СТАРЫНАЎ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-starynau
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/psihalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[5] https://zviazda.by/be/tags/stres
[6] https://zviazda.by/be/tags/sabaki