Нават у XXІ стагоддзі, у эпоху тэхналагічных прарываў, чалавецтва яшчэ пакутуе ад такога захворвання скуры, як лішай, або па-навуковаму — мікраспарыя. Гэта грыбковае захворванне часцей паражае дзяцей. Вінаватымі ў лушчэнні скуры і пачырваненнях на целе з’яўляюцца браты нашы меншыя — бяздомныя і нават хатнія жывёлы. Пра тое, як пазбегнуць гэтай непрыемнай і вельмі заразнай хваробы, расказала ўрач-інфекцыяніст 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Юлія Мілько.
— Мікраспарыя, ці стрыгучы лішай — гэта грыбковае заразнае скурнае захворванне чалавека і жывёл (катоў, радзей сабак і іншых). У чалавека пры захворванні гэтай інфекцыяй паражаюцца пераважна скура і валасы, — расказвае Юлія Васільеўна.
Чаму захворванне такое заразнае?
Яго ўзбуджальнікам з’яўяўляюцца патагенныя грыбы роду Мікраспорум. Яны характарызуюцца высокай устойлівасцю ў навакольным асяроддзі і могуць захоўваць сваю жыццяздольнасць у лускавінках скуры, у абломках валасоў і поўсці жывёл на працягу многіх месяцаў і нават гадоў — аж да 10.
Як заражаюцца стрыгучым лішаём?
Пры непасрэдным кантакце з хворымі жывёламі, а часам і з людзьмі ці праз аб’екты знешняга асяроддзя, на якіх знаходзяцца споры грыба: адзенне, ручнік, галаўныя ўборы, пасцельныя рэчы, цацкі, лежакі і прадметы догляду жывёл.
Як зразумець, што адбылося заражэнне?
З моманту заражэння да з’яўлення клінічных сімптомаў захворвання звычайна праходзіць ад 5–7 дзён да 4–6 тыдняў. На скуры з’яўляюцца круглаватыя або авальныя, выразна акрэсленыя плямы. Па краі плямы фармуецца валік у выглядзе дробных вузельчыкаў, бурбалак і скурачак. Цэнтральная частка плямы мае больш бледную афарбоўку, з лушчэннем на паверхні. Такім чынам, ачаг мае выгляд кольца.
Пры гэтым на валасістай частцы галавы ўзнікае ачаг, у якім валасы абламаныя на вышыні 4–6 мм і выглядаюць як бы падстрыжанымі (адсюль назва — стрыгучы лішай), пянькі валасоў пакрытыя чахлом шаравата-белага колеру са спораў грыба.
У чым складанасці лячэння?
Гэта вельмі доўгі працэс, які патрабуе неадкладнага выканання ўсіх рэкамендацый. За прызначэннем лячэння неабходна звяртацца да ўрача-дэрматолага.
Як засцерагчыся?
Найперш не кантактаваць з бяздомнымі жывёламі, не гладзіць і не дазваляць дзецям гуляць з бяздомнымі кошкамі і сабакамі. Не браць у ложак чатырохногіх сяброў. Для жывёлы ў доме павінна быць выдзелена сваё пастаяннае месца, якое трэба ўтрымліваць у чысціні, як, зрэшты, і саму жывёлу. Нельга выпускаць жывёл без нагляду з кватэр і выгульваць іх у неўстаноўленых месцах.
Калі хатняя жывёла захварэла, яе неабходна даставіць у ветэрынарную клініку для агляду. Купляць хатніх гадаванцаў лепш у спецыялізаваных крамах. Калі жывёла набыта не ў спецыялізаванай краме, то яе варта агледзець у ветэрынарнай лячэбніцы.
Таксама важна выконваць правілы асабістай гігіены — выкарыстоўваць індывідуальныя бытавыя і гігіенічныя рэчы і іншае. Пры з’яўленні прыкмет скурнага захворвання неабходна звярнуцца да ўрача-дэрматолага і не займацца самалячэннем.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/medycyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[6] https://zviazda.by/be/tags/stryguchy-lishay