Рамонт аб'ектаў да Дня беларускага пісьменства ў Капылі павінны завяршыць своечасова, да свята. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час рабочай паездкі ў Капыль, перадае [3] БелТА.
На сустрэчы Ігар Петрышэнка сумесна з мясцовымі ўладамі агледзеў аб'екты, якія будуць задзейнічаны падчас Дня беларускага пісьменства ў Капылі. Імі сталі мясцовы райвыканкам, будынак загса, раённы краязнаўчы музей, гасцініца «Беларусачка», рэстаран «Колас», плошча Леніна, дзе будуць размешчаны розныя забаўляльныя і інтэрактыўныя пляцоўкі, месца адкрыцця памятнага знака «Майстар-гарбар» у гонар беларускага пісьменніка Цішкі Гартнага і закладзеная нядаўна Алея пісьменнікаў.
«Правядзенне Дня беларускага пісьменства стала добрай традыцыяй для нашай краіны. Прымаць такое свята — велізарны гонар для Капыля, асабліва ў значны для краіны Год народнага адзінства. Горад абраны не проста так, тут нарадзілася шмат знакамітых беларускіх пісьменнікаў, якім прысвечана некалькі аб'ектаў. Упэўнены, што ўсе падрыхтоўчыя работы па стварэнні інфраструктуры і святочных лакацый будуць завершаны ў тэрмін», — сказаў Ігар Петрышэнка.
Ён таксама адзначыў, што правядзенне падобных буйных свят — нагода для мясцовых уладаў палепшыць знешні выгляд горада, абнавіць інфраструктуру, павысіць якасць жыцця насельніцтва. «Дзень беларускага пісьменства дазваляе рабіць гарады больш утульнымі, папулярызаваць беларускіх пісьменнікаў, іх творы і ў цэлым культуру. Усё, што фарміруе светапогляд і дае глыбінныя веды», — падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.
Падчас маніторынгу правядзення рамонтных работ да свята Ігар Петрышэнка адзначыў шэраг недахопаў, сярод якіх — выбоіны на некаторых участках сцяжынак па вуліцы Леніна, неахайны выгляд агароджы з каменю, хібы пры рамонце будынкаў і іншае. Ліквідацыя дэфектаў узята на кантроль.
Пры падрыхтоўцы да свята ў Капылі была запланавана рэалізацыя некаторых праектаў, якія прысвечаны беларускім пісьменнікам. Напрыклад, на фасадах жылых аб'ектаў у горадзе з'явіліся муралы ў гонар Адама Русака, Алеся Адамовіча і Кузьмы Чорнага.
Побач з раённым краязнаўчым музеем у горадзе ўстанавілі помнік Цішку Гартнаму, а ў гарадскім скверы ўладкавалі Алею пісьменнікаў. Там з'явілася 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў Капыльскім рэгіёне. Для кожнага аб'екта зрабілі ўнікальны QR-код. Адсканіраваўшы яго, можна будзе атрымаць доступ да біяграфіі літаратара і пазнаёміцца з творамі, якія ён напісаў.
Акрамя таго, у горадзе да свята адрамантуюць аб'екты раённага Цэнтра культуры і краязнаўчага музея, адкрыюць новы будынак дзіцячай бібліятэкі, дзе абсталююць сучасную кінавідэазалу на 30 месцаў з 3D-гукам.
Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Капылі 5 верасня. Тут жа адбудзецца і рэгіянальнае свята «Дажынкі-2021» — 18 верасня.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://www.belta.by/regions/view/petrishenko-remont-objektov-ko-dnju-belorusskoj-pismennosti-v-kopyle-zavershat-v-srok-456855-2021/
[4] https://zviazda.by/be/tags/igar-petryshenka
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-belaruskaga-pismenstva-u-kapyli
[6] https://zviazda.by/be/tags/ramont