Паводле статыстыкі, адзін сучасны чалавек «вырабляе» ў год 250—300 кілаграмаў смецця. А цяпер уявім, колькі непатрэбнага пакідаюць за год сто чалавек, тысяча, мільён. Зрэшты, многае з гэтага непатрэбнага — на самай справе вельмі патрэбнае, бо прыдатнае для перапрацоўкі. Перапрацоўка адходаў эканоміць у сярэднім каля 80—90 % рэсурсаў і энергіі, якія былі б выдаткаваныя на вытворчасць новага вырабу з нуля.
Зрэшты, «непатрэбнае смецце» часам становіцца прадметам спрэчкі паміж суседзямі, а нярэдка нават фігуруе ў міліцэйскіх зводках. Напрыклад, у адным з раённых цэнтраў адбылася такая гісторія: суседка скрала ў суседа 500 кг металалому. Той атрымаў у спадчыну бацькоўскі дом і рэдка ў ім бываў. Прадпрымальная суседка вывезла з яго ўчастка металічныя рэчы і здала ў пункт прыёму другаснай сыравіны. Выявіўшы прапажу, пацярпелы звярнуўся ў міліцыю.
З падобнымі гісторыямі час ад часу даводзіцца сутыкацца, кажуць нарыхтоўшчыкі.
— Хтосьці ў кагосьці крадзе, здае нам... Справу перадаюць у следчы камітэт. Праваахоўнікі прыязджаюць і канфіскуюць крадзенае, а шкоду мы кампенсуем праз суд. Гэта значыць, судзімся з тым, хто скраў.
Праўда, кампенсаваць шкоду атрымліваецца не заўсёды.
— Калі гэта алкаголік, які нідзе не працуе, то ў яго няма маёмасці і няма чаго апісваць. Гэта нашы прафесійныя рызыкі: прымаючы другасную сыравіну, нарыхтоўшчык нічога не ведае пра яе паходжанне.
Прынята лічыць, што другасная сыравіна — гэта «хлеб» алкаголікаў, перманентна беспрацоўных, бяздомных і іншых людзей, што згубіліся ў гэтым жыцці. На самай справе, аматары выпіць «пладова-выгаднага» і асобы без пэўнага месца жыхарства — гэта працэнтаў 20 сталых пастаўшчыкоў другаснай сыравіны ў прыёмныя пункты, распавядае суразмоўца. У процівагу распаўсюджанаму меркаванню такія людзі часцей за ўсё сумленныя і не падманваюць нарыхтоўшчыка. Здача другаснай сыравіны — іх пастаянны артыкул даходу, і калі яны падмануць адзін раз, у другі з імі ніхто не стане мець справу.
— Сярод тых, хто здае сельгаспрадукцыю і дары лесу, няма ні бяздомных, ні ахвяр зялёнага змея. Бо для таго, каб здаць агародніну, садавіну, грыбы ці ягады, трэба папрацаваць. Сметнік растрыбушыць прасцей, — кажа суразмоўца.
Асобы без пэўнага месца жыхарства займаюцца другаснай сыравінай — часцей за ўсё гэта макулатура і шклабой, распавялі ў прыёмным пункце горада Баранавічы.
Гена, «пастаянны кліент» пункта прыёму другаснай сыравіны на ўскраіне Мінска, спецыялізуецца ў асноўным на шклабоі. Сваю гісторыю ён ахвотна распавядае кожнаму, хто гатовы слухаць. Што праўда, а што выдумка ў ёй, сказаць цяжка: супрацоўнікі прыёмнага пункта кажуць, што кожны раз гісторыя трохі новая. Але нязменна ёсць у ёй цяжкае дзяцінства, фінансавы ўзлёт у 1990-я і доўгія гады без даху над галавой.
— Любая шкляная тара здаецца па 20 капеек за кг, калі гэта белае шкло. Аконнае шкло таксама прымаюць па такой цане. Каляровае шкло можна здаць па 14 капеек за кілаграм. Раней, у маёй маладосці, ад шампанскага бутэлькі не прымалі і яшчэ шмат якія. А цяпер любыя ідуць на вагу. І каньячныя таксама. Можна нямытыя нават. Праўда, некаторыя бутэлькі прымаюцца, як і раней, паштучна — з-пад віна і лікёру. Але іх трэба чыста мыць. А вось анучы ўжо не прымаюць пяць гадоў, — сумуе Гена.
Метал гэты «кантынгент» здае радзей. Дарэчы, у прыёмныя пункты другаснай сыравіны ўвогуле можна здаць паперу і кардон, шклабой, метал, поліэтылен, акумулятары. Металалом сёння здаваць выгадна — ён каштуе 61 капейку за кілаграм. Звычайна, распавялі мне ў прыёмна-нарыхтоўчым пункце Баранавіцкага райпо, аматары выпіць і асобы без пэўнага месца жыхарства прывозяць «мікрапартыі» — на тачках, у старых дзіцячых калясках.
— Назбіралі 20—30 кілаграмаў, здалі — пайшлі пахмяліліся... Раней металалом падзялялі на чорны метал, сталь і чыгун, — расказалі ў прыёмна-нарыхтоўчым пункце Баранавіцкага райпо. — Цяпер (з 1 жніўня гэтага года) ад насельніцтва прымаюць усё разам, па адной цане. «Белдругчармет» раздзяляе ўсё сам. Металалом здаваць асабліва выгадна. За апошнія месяцы ён значна вырас у цане: з 20—30 капеек да 61 капейкі за кілаграм. І да таго ж, металалом расце ў цане кожны месяц.
«У дзень у нас часам бывае 30 чалавек і нават болей», — кажа Тамара. Яе працоўнае месца — невялікая металічная будка каля Мінскай кальцавой. У сістэме нарыхтоўкі мая суразмоўніца працуе ўжо 20 гадоў. Кажа, ёй падабаецца: з людзьмі працаваць заўсёды цікава. Публіка, вядома, тут няпростая, але галоўнае — не дапускаць канфліктаў.
— Як правіла, асноўны наплыў наведвальнікаў — у 9 раніцы, адразу пасля адкрыцця, і потым пасля чатырох гадзін дня, бліжэй да вечара. «Чорны спіс»? Ёсць такі, — смяецца суразмоўніца. — Я яго ў галаве трымаю. І пастаянных кліентаў таксама ў твар і па імёнах памятаю. Мая праца — гэта зносіны з людзьмі. У кожнага свая жыццёвая гісторыя, многія прыходзяць не толькі здаць другасную сыравіну, але і пагаварыць. І трэба да кожнага паставіцца добразычліва і ўважліва, а то ж сыдуць у іншыя прыём-
ныя пункты. Таму клапачуся аб тым, каб заўсёды ў наяўнасці было дастаткова дробязі — аддаць кліенту ўсё да капейкі. Бо для многіх з іх нават тры-пяць капеек — гэта грошы.
«Пастаянныя кліенты» прыёмных пунктаў — не толькі вышэйпералічаныя асобы са складаным лёсам. Дастаткова і пенсіянераў, кажа Тамара. Для заядлых дачнікаў збор другаснай сыравіны можа стаць нядрэннай крыніцай даходу, асабліва калі ў сям'і ёсць машына.
Аксана Аркадзеўна і Антон Глебавіч — пенсіянеры. Вось ужо пяць гадоў бязвылазна жывуць ва ўласным доме пад Мінскам, у горад выбіраюцца нячаста. У лес муж і жонка ходзяць не толькі ў грыбы і ягады, але і па старыя «жалязякі». Вакол іх вёскі — дачныя таварыствы, і на звалках каля дач аказваецца шмат усялякай усячыны.
Здаваць сабранае на старэнькай «Ніве» пенсіянеры ездзяць у Мінск, у прыёмны пункт каля МКАД. Ехаць ім — 40 хвілін.
— І лясы становяцца чысцейшыя, і прыбаўка да пенсіі. Іншая справа, што апошнім часам лясы ачысціліся і без нас. Металалом цяпер у цане, і «безгаспадарнага» металу практычна не засталося. Людзі ўсё падабралі і вывезлі.
Дарэчы, часам людзі прыязджаюць у прыёмны пункт не толькі здаць другасную сыравіну. Тут здараюцца сапраўдныя гістарычныя знаходкі.
— Мы не гандлёвая арганізацыя, і прадаваць тое, што нам прынеслі, не маем права, — тлумачыць Сяргей, супрацоўнік аднаго з мінскіх пунктаў прыёму другаснай сыравіны. — Але зрэдку можам пайсці насустрач кліенту і памяняць, напрыклад, жалеза на жалеза. Гэта законна. Вам спадабаўся нейкі кавалак металу, вы прынеслі іншы такі ж, той жа вагі — і мы памянялі.
Так што часам замест грошай у абмен на здадзеную другасную сыравіну людзі просяць узяць «рарытэты».
— Часам трапляюцца дзіўныя рэчы, — кажа Антон Глебавіч. — Напрыклад, чыгунныя патэльні. Зараз такіх, напэўна, ужо не робяць. А, між тым, ніякія сучасныя антыпрыгарныя пакрыцці не параўнаюцца з сапраўднай, цяжкай, савецкага ўзору чыгуннай патэльняй. На ёй ніколі нічога не прыгарае, усё прасмажваецца раўнамерна. Сучасную патэльню праз пару гадоў выкідваеш, а чыгунная — яна ж вечная! Мы самі гатуем толькі на ёй, і дачцэ падарылі, каб яна змагла ацаніць, як на ёй цудоўна гатаваць. Яшчэ нядаўна знайшлі прас — старадаўні, у які вуглі трэба насыпаць. У маёй бабулі такі быў, я яго памятаю з дзяцінства. Мы ім не карыстаемся, вядома, ён проста ў нас стаіць — рэч цікавая.
— Чыгунныя патэльні вельмі рэдка здаюць, — тлумачыць Сяргей. — Самавары, старажытныя прасы — вельмі рэдка. За чатыры гады ўсяго шэсць штук самавараў прынеслі. Памятаю, былі дзве старадаўнія сячкарні для травы. А ўчора вось здалі савецкую каску СШ-40, узору 1940 года.
Тое ж самае кажа і калега Сяргея з іншага раёна сталіцы, Тамара:
— Ці трапляюцца старадаўнія рэчы? Наогул, вельмі рэдка. Бывае, нясуць самавары, але не надта старыя, гадоў 1970-х. Неяк здалі старыя гіры. Часам да нас трапляюць кнігі з аўтографамі пісьменнікаў, нават знакамітых.
Маладых людзей Крысціну і Стаса ў прыёмны пункт прывялі зусім не меркантыльныя меркаванні.
— Летам вырашылі пажыць у Стаса на лецішчы, і захацелася дапамагчы прыродзе, зрабіць навакольнае асяроддзе чысцейшым. Бо калі кожны ўнясе свой пасільны ўклад у нейкую добрую справу, аб'ектыўна жыццё стане лепшым. Там на дачным сметніку столькі барахла сабралася! Мы на сваёй машыне возім — не спецыяльна ездзім, а толькі калі ў Мінск трэба па справах. Пакрысе, але ўжо дачны сметнік амаль разгрузілі. Там жа і старыя халадзільнікі, і поліэтылен, і шыны, і нават старыя аўтамабільныя акумулятары. А атрыманыя грошы або пералічваем прытулку для жывёл, або на рахункі дзяцей, якім патрэбныя ахвяраванні. Ну і сёе-тое ідзе на рамонт у нашай «аднапакаёўцы», — распавядае Крысціна.
Мае суразмоўнікі — студэнты, плануюць ажаніцца пасля заканчэння вучобы.
— Я нядаўна прачытаў, што тона макулатуры, напрыклад, эканоміць каля чатырох квадратных метраў драўніны, — дадае Стас. — І што з другаснай сыравіны вырабляюць больш за тысячу найменняў патрэбных рэчаў.
Дарэчы, пра макулатуру. Памятаецца, у нашым дзяцінстве яе актыўна збіралі школьнікі. Цяпер, распавялі нарыхтоўшчыкі, дзеці таксама збіраюць макулатуру — у сярэднім два-тры разы за вучэбны год. Прымаюць паперу і кардон сёння па 20—25 капеек за кілаграм.
— Кардонная ўпакоўка цяпер паўсюдна ўваходзіць у цану тавару, — адзначае Сяргей. — І гэтую кардонную тару здаюць як другасную сыравіну і людзі, і прадпрыемствы. «Еўраопт», напрыклад, прэсуе адразу па пяць тон і потым вывозіць кардон цэлымі кантэйнерамі.
Людзі ж, у асноўным, прыносяць кнігі — цяпер у інтэрнэце можна знайсці практычна любы тэкст, і многія вырашаюць пазбавіцца ад папяровых кніг, якія збіраюць пыл і займаюць шмат месца.
Дзіяна РОНІНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/dyyana-ronina
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/metalalom
[5] https://zviazda.by/be/tags/smecce
[6] https://zviazda.by/be/tags/perapracouka
[7] https://zviazda.by/be/tags/naryhtovachny-punkt