Што ўяўляе сабой вядучы навучальны і навуковы цэнтр у сферы медыя ў Беларусі? Мы сустрэліся з дэканам факультэта журналістыкі БДУ Вольгай САМУСЕВІЧ і даведаліся пра асаблівасці сённяшняга пакалення студэнтаў, а таксама пра актуальныя спецыяльнасці і арыенціры.
— Вольга Міхайлаўна, сучасны журфак — які ён?
— Факультэт уяўляе фундаментальную школу журналістыкі, захоўваючы традыцыі, закладзеныя з дня свайго існавання, а менавіта з 1944 года. Сёння ў нас навучаецца больш за тысячу чалавек: каля
900 — на дзённым аддзяленні, 130 — на завочным. Павялічваецца колькасць замежнікаў, фактычна гэта кожны другі студэнт факультэта, пераважная большасць — з Кітая. Гэта вынік доўгатэрміновых плённых сувязяў з навучальнымі арганізацыямі КНР. Ёсць у нас і сумесныя адукацыйныя праграмы (2+2), калі пасля навучання студэнты атрымліваюць двайны дыплом: беларускі і кітайскі. Таксама адукацыю на факультэце атрымліваюць грамадзяне і з іншых краін — Расіі, Украіны, Арменіі, Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана, Эквадора. Факультэт рыхтуе кадры для навуковай і выкладчыцкай дзейнасці — у нас вучацца каля 70 магістрантаў і 50 аспірантаў і дактарантаў. Навучальны працэс забяспечвае сем кафедраў, на якіх працуе больш за 100 прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу, з іх 76 маюць вучоныя ступені і званні.
Новы год мы пачынаем з новымі вучэбнымі праграмамі, якія распрацаваны сумесна з заказчыкамі кадраў. Першыя два гады ўсе студэнты набываюць універсальныя кампетэнцыі, а на трэцім-чацвёртым курсах вызначаюцца з прафілізацыяй. Усім нашым студэнтам даём магчымасць выбару: захапляешся спортам — ідзі ў спартыўную журналістыку. Падабаецца дзіцячая прэса — калі ласка! Напрыклад, у вучэбныя планы па спецыяльнасці «Журналістыка міжнародная» мы заклалі англамоўныя модулі, студэнты таксама будуць мець магчымасць вывучаць дадатковую мову. Таму тым, хто паступіў да нас у гэтым годзе, вельмі пашчасціла. Многія семінары і майстар-класы праходзяць не на факультэце, а на базах філіялаў кафедраў, у медыйных кластарах, рэдакцыях, дзе выкладчыкамі выступаюць журналісты-практыкі.
Наш факультэт адным з першых у БДУ пачаў распрацоўваць навучанне з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. На адукацыйнай анлайн-платформе факультэта больш за 950 курсаў. Выкладчыкі публікуюць відэалекцыі, літаратуру, заданні, тэсты, абмяркоўваюць вучэбныя тэмы на форумах, у чатах. Гэта дазваляе студэнтам і выкладчыкам быць больш мабільнымі, пастаянна заставацца на сувязі і асабліва дапамагло захаваць якасны навучальны працэс у няпросты эпідэміялагічны час.
— А якія студэнты прыходзяць на журфак?
— Вельмі матываваныя хлопцы і дзяўчаты. Тут няма выпадковых. Студэнты такія ж таленавітыя, як і раней, аднак сталі больш патрабавальныя і прагматычныя. У нас на факультэце — як у сям'і: дзесьці пасварышся, дзесьці пашкадуеш і абдымеш, — свая непаўторная атмасфера. Мы імкнёмся не адставаць ад часу, бо да нас прыходзяць новыя пакаленні і ім павінна быць у нас цікава. Ад цікавасці навучання сёння залежыць эфектыўнасць.
У нас якаснае навучанне. І мне вельмі хочацца, каб студэнты ўзялі ўсё, што факультэт можа даць. Трэба разумець: чатыры гады праляцяць вельмі хутка, таму трэба зберагчы каштоўнасць кожнага імгнення, якія яны праводзяць у нас, наведваць сустрэчы, удзельнічаць у мерапрыемствах, актыўна вучыцца. У нас той факультэт, дзе не трэба запісвацца да дэкана, каб нешта даведацца ці параіцца, — дзверы заўсёды адчынены. Але разам з тым хочацца, каб студэнты самі не ўзводзілі сцены паміж намі.
— Што можаце сказаць аб прыёмнай кампаніі 2021 года?
— Набор на дзённую форму навучання па факультэце склаў 1,28 чалавека на месца. Значна павялічылася колькасць мэтавых месцаў. У мінулым годзе іх было тры, а сёлета ўжо сем. Кожнае дзясятае бюджэтнае месца на спецыяльнасцях журналісцкага профілю будзе занята студэнтам-мэтавіком. Ёсць і сумная тэндэнцыя: з кожным годам усё больш абітурыентаў пішуць творчае эсэ на рускай мове, а не на беларускай. Гэта асабістая справа кожнага, але ўпэўнена, што журналісты павінны ў аднолькавай меры добра валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Бо сёння ты працуеш у «Звяздзе», а заўтра, напрыклад, у «СБ».
— Ці ёсць праблемы з размеркаваннем выпускнікоў факультэта?
— Наадварот, нават няма такой колькасці выпускнікоў, каб задаволіць усе заяўкі. Увогуле, у тых, хто едзе ў рэгіёны, шмат пераваг. Іх там вельмі чакаюць, загадзя вырашаюць важныя пытанні — найперш з жыллём. Раней з гэтым дзе-нідзе ўзнікалі праблемы, аднак зараз пытанне на кантролі Міністэрства інфармацыі, райвыканкамаў і аблвыканкамаў . Да таго ж у рэгіёнах прапаноўваюць прыстойны заробак і нават адразу адказныя пасады. Таму лічу, што гэта добрыя магчымасці для маладога спецыяліста, бо ў сталіцы ты вымушаны вырашаць свае пытанні самастойна.
— Цяпер актыўна абмяркоўваецца пытанне, якім павінен быць журналіст. Якое ваша меркаванне на гэты конт?
— Быць вузкім спецыялістам сёння недастаткова. Журналісту трэба і якасныя фотаздымкі зрабіць, і тэкст добры напісаць, зняць сюжэт, адаптаваць інфармацыю пад розныя каналы распаўсюджвання. Адзначу, што нашы студэнты вельмі таленавітыя: яны не толькі ствараюць кантэнт для сайтаў, газет, часопісаў, здымаюць тэлесюжэты, выходзяць у радыёэфір, спрабуюць сябе ў ролі вядучых, вядуць свае сацсеткі, але і складаюць песні, вершы, пішуць мастацкія творы. Журфак БДУ дае шмат магчымасцяў, але наколькі іх змогуць выкарыстаць студэнты, залежыць толькі ад іх жадання і матываванасці.
Увогуле, мы за тое, каб журналісты былі рознымі: кожны са сваёй індывідуальнасцю, стылем, кірункам. Але найперш хочацца бачыць у маладых журналістаў разуменне сваёй адказнасці. Адказнасць за свае словы, за наступствы сваіх прафесійных дзеянняў перад людзьмі і краінай — тое, што павінна быць у сучаснага журналіста на першым месцы. Яны павінны разумець і прагназаваць, чым іх слова адгукнецца. Шукаць ва ўсім дрэннае — гэта лёгка, крытыкаваць, парушаць, разбураць — таксама. А вось ствараць — гэта складаней. Таму хочацца, каб журналістыка была стваральнай працай. Для таго, каб людзі чулі адно аднаго, разумелі. Журналістыка павінна садзейнічаць еднасці беларусаў дзеля развіцця роднай краіны. У гэтым місія журналіста.
— Што лічыце самым галоўным дасягненнем факультэта журналістыкі?
— Самае вялікае багацце — гэта нашы студэнты. Іх дасягненні — гэта нашы дасягненні. Для мяне заўсёды радасна, калі ў нас з'яўляецца кандыдат ці доктар навук па журналістыцы. Прыемна, калі нашы студэнты, выпускнікі атрымліваюць узнагароды, знаходзяць для сябе добрыя месцы працы. Радуюся, калі ўсе здаровыя. Хочацца, каб нашы выпускнікі, заходзячы да нас на факультэт, адчувалі сябе як дома.
— Журфак рыхтуе не толькі журналістаў. Гэта і работа з абітурыентамі, пошук таленавітай моладзі, падрыхтоўка маладых даследчыкаў і выкладчыкаў, вучоных, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі...
— Сапраўды, наша адукацыйная дзейнасць шматаспектная. Мы на навуковым і адукацыйным узроўні ўзаемадзейнічаем з установамі вышэйшай адукацыі іншых краін, актыўна займаемся навуковымі праектамі, у тым ліку і па заказе Міністэрства інфармацыі. Пастаянна ўдасканальваем вучэбныя планы, укараняем новыя формы навучання, мяняем прынцыпы падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў. Ствараем навуковую, вучэбную і метадычную літаратуру, штогод уводзім запатрабаваныя часам новыя курсы, дысцыпліны, факультатывы. Так, за мінулы год актуалізавалася праблема верыфікацыі інфармацыі ў медыя, — і цяпер на першым курсе будзе чытацца адпаведная дысцыпліна. Рэалізоўваем цікавыя праекты разам з нашымі філіяламі і кластарамі, у тым ліку і са «Звяздой».
На факультэце журналістыкі рэалізоўваецца шмат міжнародных праграм. А нядаўна факультэт журналістыкі стаў членам Цэнтра еўразійскіх медыядаследаванняў МДУ імя М. В. Ламаносава. Гэтае супрацоўніцтва дазволіць навукоўцам БДУ праводзіць сумесныя даследаванні і арганізоўваць навуковыя мерапрыемствы з калегамі з розных краін, публікавацца ў міжнародных рэйтынгавых выданнях, абменьвацца навукова-метадычнымі матэрыяламі.
Дарэчы, своечасовая рэарганізацыя кафедраў палепшыла навучальны працэс на факультэце. Наша структура цяпер больш лагічная ад пачатку да падрыхтоўкі кваліфікаванага спецыяліста. Пры кафедрах працуюць студэнцкія навуковыя гурткі, лабараторыі, літаратурныя аб'яднанні. Рэгулярна праходзяць студэнцкія навуковыя канферэнцыі, конкурсы творчых работ. Створаны добрыя ўмовы для таго, каб студэнты праяўлялі сваю індывідуальнасць, энтузіязм, рэалізавалі імкненне да поспеху. Увогуле, студэнтам БДУ прапаноўваецца шмат грантаў, праграм абмену. Калі зрэдку кажуць, што факультэт ім нічога не даў, — гэта дзіўна чуць, бо хутчэй за ўсё нехта сам нічога не ўзяў. У любым выпадку, веды за плячыма не насіць. Так, напрыклад, у нас ва ўніверсітэце даецца ўнікальная магчымасць: кожны ахвотны можа выбраць любую дысцыпліну любога факультэта, яе прайсці. Такім чынам атрымаць новыя веды і кампетэнцыі.
Сёлета наш універсітэт адзначае свой юбілей — стагоддзе, — напрыканцы падкрэсліла Вольга Міхайлаўна. — Мы да гэтага вельмі актыўна рыхтуемся. Рэалізоўваюцца цікавыя праекты, праходзяць юбілейныя мерапрыемствы. Кожны з нас шчаслівы, што мае дачыненне да БДУ. Таму што гэта наша альма-матар, вядучая ВНУ краіны, адна з самых лепшых. І гэта не проста словы тых, хто яе любіць, гэта пацвярджаецца міжнароднымі рэйтынгамі. Хочацца, каб наш універсітэт і надалей працягваў развівацца, і, безумоўна, пажадаць яму шмат новых дасягненняў на карысць нашай роднай Беларусі.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Фота прадастаўлена гераіняй
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/volga-samusevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/fakultet-zhurnalistyki
[6] https://zviazda.by/be/tags/bdu