Сумеснае стратэгічнае вучэнне, якое пройдзе з 10 да 16 верасня, стане выпрабаваннем на прафесіяналізм для ўсіх ваеннаслужачых — пачынаючы ад генерала, заканчваючы радавым. Падрыхтоўка да беларуска-расійскіх манеўраў ідзе поўным ходам. Ужо прыбылі вайскоўцы з Расіі. Нашы армейцы, у сваю чаргу, абсталёўваюцца на расійскіх палігонах — некаторыя этапы вучэння будуць ажыццёўлены на тэрыторыі суседзяў.
Каб даведацца, наколькі беларускія вайскоўцы гатовы да галоўнага іспыту двухгоддзя, мы наведалі 230-ы агульнавайсковы палігон, дзе неўзабаве разгорнуцца набліжаныя да рэальных баявыя дзеянні. На шчасце, праціўнік у нашых, а таксама ў расійскіх ваеннаслужачых будзе ўмоўны.
Трапіць на Абуз-Лясноўскі палігон, як яшчэ яго называюць, без спецыяльнага дазволу немагчыма. І гэта не толькі звязана з тым, што неўзабаве тут адбудуцца вучэнні. Па-першае, гэта небяспечна. Але некаторыя мясцовыя жыхары, якія ведаюць тут усе сцежкі, усё ж умудраюцца сюды пранікнуць. Грыбны ж сезон, а на палігоне, як вядома, грыбоў хоць вазамі вазі!
Вядома, такіх гасцей прадстаўнікі ваеннай камендатуры выяўляюць хутка. У асноўным людзі адэкватна ўспрымаюць просьбы вайскоўцаў пакінуць тэрыторыю палігона. Некаторыя ж з году ў год не могуць зразумець, чым для іх можа скончыцца збор грыбоў.
— Знаходжанне на палігоне старонніх людзей небяспечна як падчас стрэльбішчаў, так і пасля: ніхто не выключае, што тут могуць застацца неразарваныя снарады, — тлумачыць начальнік штаба 1-га зводнага атрада забеспячэння правапарадку старшы лейтэнант Юрый ЯРМАЛІНСКІ. — Каб на тэрыторыі палігона не было выпадковых людзей, мы рэгулярна прачэсваем мясцовасць. Увогуле, напярэдадні і падчас манеўраў мы адказваем за правапарадак і воінскую дысцыпліну. Акрамя таго, у нашай кампетэнцыі — не дапусціць правакацыйных дзеянняў на тэрыторыі палігона, а ў выпадку іх выяўлення — спыніць. Нясём службу сумесна з ваеннай паліцыяй Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, з якой ажыццяўляем і кантроль за эксплуатацыяй транспартных сродкаў, і суправаджэнне воінскіх калон. Сумесна з ваеннай аўтамабільнай інспекцыяй вядзём патрулі на дарогах агульнага карыстання на тэрыторыі палігона.
А вось калі хтосьці з грыбнікоў усё ж такі заблукаў, на дапамогу разам са сваімі чатырохногімі гадаванцамі прыйдуць кінолагі. Працуюць яны і на кантрольна-прапускных пастах: сабакі хутчэй, чым людзі, могуць папярэдзіць незаконны ўвоз і вываз выбуховых рэчываў.
Выкладчык курса па патрульнай і вартавой службе кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл Беларусі Віталь Скурат у вучэннях будзе ўдзельнічаць разам са сваім верным сябрам па мянушцы Райд. І калі для старшага лейтэнанта гэта другія маштабныя вучэнні, то на ліку вопытнай нямецкай аўчаркі іх значна больш. Жывёла выдатна спраўляецца з аховай аб'ектаў, хутка знаходзіць чалавека па следзе, а калі патрэбна, затрымае і правапарушальніка. Са сваім гадаванцам на палігон ваеннаслужачы прыбыў загадзя: Райду патрэбен час на адаптацыю. Дарэчы, дарогу, хоць ехалі яны нядоўга, сабака вытрымаў паспяхова: на цягніках едзе не ўпершыню. Былі ў нямецкай аўчаркі падарожжы і на больш працяглыя адлегласці.
Вайскоўцы 105-га асобнага механізаванага батальёна 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады на палігон прыбылі ў канцы ліпеня. Палявы лагер абсталявалі за адзін дзень. Цяпер тут усё прыдатна для жыцця. Палаткі, у якіх жывуць вайскоўцы, унутры поўнасцю падобныя да казармаў. І цёпла ў іх як дома. Абсталяваны месцы для ўмывання, прыёму ежы, адпачынку. Безумоўна, ёсць тут і кухня: як кажуць, галодны салдат — дрэнны салдат.
У палявых умовах ежа для вайскоўцаў гатуецца ў аўтамабілі ПАК-200. Адначасова ў ім можна гатаваць тры стравы. Звычайна ў вялікіх катлах вараць суп, кашу з мясам, кампот або чай. За адзін раз такая машына можа накарміць 200 чалавек. Калі ж неабходнасць у колькасці порцый павялічваецца, то гатуецца ежа і ў кухні прычапной-130, якая, адпаведна, разлі-
чана на 130 чалавек. Дарэчы, гарачым харчаваннем вайскоўцы забяспечваюцца нават тады, калі ПАК-200 на хаду.
Калі мы прыбылі ў палявы лагер, тут ва ўсю гатаваўся абед. Каб і не ведаў, дзе размешчана кухня, то пах выдае адно з любімых месцаў вайскоўцаў. Сёння яны будуць абедаць гарохавым супам, рысавай кашай з мясам, не абыдзецца і без кампоту. Як падзяліўся камандзір гаспадарчага аддзялення ўзвода матэрыяльнага забеспячэння старшына Дзмітрый ЛАГОША, вада ў палявой кухні закіпае за гадзіну. «Час прыгатавання стравы залежыць ад таго, што мы гатуем, — гаворыць галоўны па кухні. — Рыс, напрыклад, у палявых умовах варыцца 20 хвілін, грэчка — 25. Суп, калі мы робім яго з канцэнтрату, увогуле будзе гатовы праз 10 хвілін пасля закіпання вады. Адным словам, не нашмат даўжэй, чым на звычайнай пліце».
Харчуюцца вайскоўцы на палігоне, як і ў вайсковай часці, тройчы на дзень. Стравы тут заўсёды свежыя, гарачыя. «Падсалоджваецца» салдацкае жыццё цукеркамі і пячэннем. Толькі традыцыйнай раздачы няма. У кожнага вайскоўца — свой кацялок, які напаўняецца ежай, ужыць якую ён можа тады, калі захочацца.
Як прызнаецца Міхаіл Сінкавец, кормяць вельмі добра. «Можа, проста есці на свежым паветры смачней, — мяркуе салдат тэрміновай службы. — Харчаванне разнастайнае, усяго хапае. Увогуле, менавіта на палігоне можна адчуць сапраўднае армейскае жыццё».
Вайскоўцы 105-га асобнага механізаванага батальёна рыхтуюць да вучэння вучэбна-матэрыяльную базу палігона. Амаль кожны з іх ужо ўдзельнічаў у падобных манеўрах. Таму задачы тут двойчы не паўтараюцца.
Начальнік штаба — першы намеснік камандзіра вайсковай часці 11525 маёр Аляксандр АНТОНЧЫК у вучэннях, у тым ліку «Захад», прымае ўдзел з 2009 года. Таму навічкам яму ёсць што расказаць, а каму патрэбна якая-небудзь парада — ніколі не адмовіць. «Для кожнага салдата ўдзел у вучэнні — нагода для гонару, — перакананы афіцэр. — І не толькі таму, што вайскоўцы ўдасканальваюць сваю баявую падрыхтоўку, вучацца прымаць рашэнні ва ўмовах бою. Менавіта тут, на палігоне, адбываецца абмен вопытам: як у складзе сваіх падраздзяленняў, так і з суседзямі».
Трэба адзначыць, што ўзаемадзеянне з нашым стратэгічным партнёрам наладжваецца яшчэ да пачатку манеўраў. У вольны час вайскоўцы з Беларусі і Расіі разам наведваюць канцэрты, якія ладзяць для іх беларускія артысты, спаборнічаюць у спартыўных мерапрыемствах. Днямі, напрыклад, разыгрываліся чатыры кубкі.
Зводныя каманды з беларускіх і расійскіх вайскоўцаў змагаліся паміж сабой у перацягванні каната, падыманні гіры, падцягваліся, гулялі ў футбол. Прадстаўнікам 105-га асобнага механізаванага батальёна, напрыклад, не было роўных у падыманні гіры.
Наўрад ці хто складзе ім канкурэнцыю і ў інфармаванні. Як толькі ў вайскоўцаў батальёна вольная часіна, многія з іх ідуць у пакой вольнага часу і інфармавання, які таксама абсталяваны ў лагеры. Дзякуючы друкаваным выданням (адметна, што чытаюць тут і «Звязду» — падшыўка нашай газеты ляжыць на самым бачным месцы) маладыя людзі нават у палявых умовах у курсе апошніх навін.
Акрамя імправізаванай бібліятэкі, ёсць на тэрыторыі палявога лагера і свой «амфітэатр». Тут праводзяцца не толькі сходы асабовага складу. Дзякуючы мабільнаму і шматфункцыянальнаму партатыўна-інфармацыйнаму комплексу ў вячэрні час у імправізаваным «амфітэатры» вайскоўцы слухаюць радыё, глядзяць кінафільмы і тэлеперадачы. І гэта нягледзячы на тое, што ў кожнай палатцы ёсць тэлевізар.
Вучэнне — гэта не толькі праверка магчымасцяў вайсковых падраздзяленняў, прафесійнага майстэрства кожнага салдата і афіцэра. Падчас падобных манеўраў ацэньваецца і ўзаемадзеянне — як унутры арміі, так і паміж Узброенымі Сіламі дзяржаў. Калі зладжана дзейнічаюць усе воінскія падраздзяленні, гэта абавязкова гарантуе поспех як у баявой сітуацыі, так і падчас мірнага жыцця. Невыпадкова ў такіх маштабных манеўрах задзейнічаны прадстаўнікі амаль усіх воінскіх прафесій. Для большасці з іх гэта ўжо не першы іспыт на прафпрыдатнасць.
Начальніку сувязі — начальніку аддзела сувязі штаба Заходняга аператыўнага камандавання Станіславу ЗАХАРЭЎСКАМУ сёння складана падлічыць, якім па ліку будзе для яго вучэнне «Захад-2021». За 19 гадоў службы ў войску ў падпалкоўніка іх было нямала, але, нягледзячы на вопыт, падрыхтоўка да кожнага вучэння ў афіцэра і яго падначаленых вельмі сур'ёзная.
— Задача асабовага складу падчас маючых адбыцца манеўраў — падрыхтаваць і забяспечыць функцыянаванне вузлоў сувязі пунктаў кіравання ў інтарэсах Заходняга аператыўнага камандавання, — адзначыў Станіслаў Захарэўскі. — Мы павінны зрабіць усё дзеля таго, каб сістэма сувязі функцыянавала ўстойліва і бесперапынна. Сувязь — нерв арміі, без яе няма Перамогі. Падчас вучэння «Захад-2021» мы прадэманструем тыя навыкі і ўменні, якія спецыялісты сувязі, а таксама кожны ваеннаслужачы Узброеных Сіл за гэты навучальны год дасягнулі падчас праходжання або тэрміновай службы, або службы па кантракце.
Між іншым, што падчас беларуска-расійскіх вучэнняў вайскоўцы будуць есці хлеб уласнай вытворчасці. Яшчэ цёплымі духмяныя боханы будуць дастаўляцца ў кожнае вайсковае падраздзяленне.
Механізаваны палявы хлебазавод на палігоне ўжо разгорнуты. Больш за тое — ужо цяпер там пякуць хлеб, водар якога напаўняе ўсю прастору. Як расказаў намеснік начальніка харчовай базы 3540 — начальнік улікова-аперацыйнага аддзела падпалкоўнік Аляксандр ГЛАДКІХ, за суткі ў хлебапечцы перасоўнага хлебазавода выпякаецца да 6 тон хлеба, якім можна накарміць каля 14,5 тысячы чалавек. Дарэчы, хлеб вельмі смачны (журналістаў, вядома, пачаставалі). Хоць рэцэпт звычайны, прыдуманы яшчэ ў савецкі час: мука пшанічная першага гатунку, соль, дрожджы, цытрынавая кіслата і вада.
— Каб атрымаўся такі бохан хлеба (а гэта ні многа, ні мала 1,2 кілаграма. — Аўт.), ад моманту замешвання цеста да вымання яго з печкі неабходна ў сярэднім шэсць гадзін, — удакладняе начальнік хлебазавода 120-й асобнай механізаванай брыгады старшы лейтэнант Дзмітрый РАБЦЭВІЧ. — Згодна з нормамі, яшчэ столькі ж ён павінен астываць. Гэта камандная работа. Аднаму спячы хлеб у такіх маштабах немагчыма. Увогуле, гэта як і ў любой справе: каб атрымаўся смачны хлеб, патрэбна ўкласці ў працэс прыгатавання душу.
Спадзяёмся, гэты хлеб будзе даваць сілы нашым вайскоўцам, якія абавязкова прадэманструюць падчас вучэння ўсю магутнасць і баяздольнасць беларускай арміі.
Вераніка КАНЮТА
Фота Аліны МАЗАВЕЦ
Баранавіцкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/author/alina-mazavec
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/zahad-2021-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/vuchenni
[6] https://zviazda.by/be/tags/uzbroenyya-sily