Да 75-годдзя Перамогі ў Расіі быў распачаты праект, прысвечаны збору матэрыялаў пра злачынствы на акупаваных тэрыторыях. У серыі «Без тэрміну даўнасці» ўжо выйшла 23 тамы — кожны па асобнай Расійскай вобласці. Менавіта расійскія калегі з Фонду гістарычнай памяці і асацыяцыі гісторыкаў Саюзнай дзяржавы звярнуліся да Нацыянальнага архіва Беларусі з прапановай зрабіць такую навукова-даследчую працу па кожнай з беларускіх абласцей.
Была праведзена каласальная работа, да збору дакументаў далучыліся Нацыянальны, абласныя і рэгіянальныя архівы. Цяжка пераацаніць значнасць гэтага шматтомнага праекта. Найперш гэта напамін сучаснікам, асабліва моладзі, пра беды і пакуты, якія прыносіць вайна, пра важнасць захавання і падтрымання ў грамадстве міру і згоды. Вялікая навуковая і практычная каштоўнасць гэтай работы. Унікальныя архіўныя дакументы, большасць з якіх прадстаўлены ўпершыню, — выдатны дапаможнік для вучоных, гісторыкаў, архівістаў, краязнаўцаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Зборнікі могуць і павінны выкарыстоўвацца ў навучальна-адукацыйным працэсе на ўсіх узроўнях. У нашай краіне ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду грамадзянскага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і гэтыя дакументальныя выданні ўжо выкарыстоўваюцца для збору доказнай базы ў ходзе расследавання.
Серыя «Без тэрміну даўнасці» распавядае пра злачынствы нацыстаў і іх пасобнікаў супраць мірнага насельніцтва на акупаваных землях і размяшчае архіўныя дакументы адпаведна сучаснаму тэрытарыяльнаму дзяленню.
Выданні ўключаюць чатыры дадаткі, сярод якіх «Спіс месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва», «Спіс месцаў масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва». У папярэднія гады беларускія архівісты ўжо выдалі некалькі кніг, прысвечаных асобным карным аперацыям, якія нацысты праводзілі на тэрыторыі Беларусі. Серыя «Без тэрміну даўнасці» з'яўляецца абагульняльнай работай, якая дазваляе ўбачыць не проста фрагменты той жахлівай карціны забойстваў і катаванняў, а ўсё цалкам. Сярод дадаткаў новых кніг таксама пададзены «Спіс найбольш буйных карных аперацый».
Беларускія архівісты правялі неверагодную па аб'ёме працу, каб сабраць звесткі пра спаленне нашых вёсак. У адрозненне ад савецкіх «сляпых» даных з простым пералічэннем назваў населеных пунктаў сабраны дакументы, звязаныя з лёсам пэўных вёсак. Прычым назвы некаторых сцёртых з зямлі нацыстамі населеных пунктаў доўгі час заставаліся забытымі, і памяць пра іх вернута ў апошнія гады.
Дарэчы, у Расійскай Федэрацыі падобная работа пакуль толькі вядзецца. А ў нас на сайце Нацыянальнага архіва створана база даных аб спаленых вёсках. Гэты праект атрымаў працяг у серыі «Без тэрміну даўнасці» — асобным дадаткам там змешчаны спіс сельскіх населеных пунктаў (у тым ліку хутары і пасёлкі), знішчаных акупантамі цалкам ці часткова. «Падчас работы мы правялі ўдакладненне спісаў, пошукавых даных, інфармацыі аб вёсках, якія знішчаны, — падзяліўся кіраўнік аўтарскага калектыву, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Селяменеў. — Сёння па Віцебскай вобласці ўключаны 3542 населеныя пункты. І гэта лічба не канчатковая. Справа ў тым, што па некаторых вёсках у даследчыкаў няма нічога, акрамя дакумента, што вёска была знішчана. Няма інфармацыі пра колькасць спаленых дамоў, жыхароў. У базу мы ўключалі вёскі, дзе знішчана 25 і больш працэнтаў жылля. І гэту работу яшчэ трэба правесці. Па статыстыцы мы можам гаварыць толькі аб колькасці спаленых вёсак, а колькі знішчаных населеных пунктаў пасля вайны аднавілася, мы пакуль сказаць не можам. Да гэтага часу няма ніводнага навуковага даследавання, прысвечанага пацярпелым вёскам. Не выпрацавана нават методыка разліку статыстыкі па спаленых вёсках. Седзячы ў архівах, прасачыць лёс спаленых вёсак практычна немагчыма, гэта праца павінна рабіцца на месцах, мы спадзяёмся на моладзь. На аснове спісаў, якія мы падрыхтавалі, магчыма правядзенне краязнаўчай работы».
Акадэмік — сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя заўважыў, што ў нашай краіне робіцца вельмі шмат па ўвекавечанні памяці. Створана звыш 12 тысяч навуковых прац, і работа не спыняецца. А выхад новай серыі «Без тэрміну даўнасці» сведчыць, што для нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны заўсёды застаюцца актуальнымі. «Такія дакументальныя зборнікі важныя не толькі для навуковага асэнсавання, але і для фарміравання гістарычнага светапогляду падрастаючага пакалення. Сёння мы, спадчыннікі Вялікай Перамогі, павінны адстойваць і ваяваць за свае заслугі ў спыненні страшэннай вайны. Фальсіфікацыя гісторыі набыла міждзяржаўны ўзровень. Прымаюцца рэзалюцыі, якія фактычна прыраўноўваюць нацысцкую Германію і Савецкі Саюз. Гэта недапушчальна! Мы не павінны гэта ігнараваць! Новае выданне накіравана на тое, каб мы адстойвалі гістарычную праўду. Дакументальныя крыніцы паказваюць сутнасць фашысцкай ідэалогіі, якая была накіравана на знішчэнне беларускага насельніцтва, наогул славян».
Злачынствы на акупаванай тэрыторыі не падлягаюць забыццю. Праграма масавага знішчэння была распрацавана загадзя. Разбуралі савецкія гарады і вёскі, бальніцы, школы, музеі, тэатры, бібліятэкі, жылыя дамы. У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь панесла вялікія людскія страты. Пра злачынствы расказваюць зборнікі, падрыхтаваныя на высокім навуковым узроўні. Дакументы, прадстаўленыя ў серыі «Без тэрміну даўнасці», з'яўляюцца найважнейшым элементам барацьбы з фальсіфікацыяй падзей акупацыі. Усе яны з'явіліся асновай для прыцягнення ваенных злачынцаў да крымінальнай адказнасці. Падобная работа была пачата яшчэ ў гады вайны, і сёння яна працягваецца, на тэрыторыі Беларусі і Расіі вядуцца даследаванні, звязаныя з масавымі забойствамі людзей. Адкрытае друкаванне дакументаў аб злачынствах з'яўляецца важным этапам супрацьдзеяння рэабілітацыі нацызму ў абедзвюх краінах.
«Зборнік будзе дапамагаць развіццю і захаванню памяці, але мы сёння павінны звярнуць увагу не толькі на трагедыю вайны, але і на гераізм і мужнасць, самаахвярнасць людзей, якія ўзняліся абараняць Радзіму. Добраахвотнікамі на фронт ішлі вучні выпускных класаў, якія толькі ў чэрвені скончылі школу, запісваліся цэлымі групамі, камсамольскімі брыгадамі, студэнцкімі атрадамі. Які патрыятычны ўздым! Вайну выйграў настаўнік, які выхаваў такое пакаленне», — заўважыў Аляксандр Каваленя.
Увогуле, дзяржархівамі праводзіцца значная работа па публікацыі дакументаў, прысвечаных маладаследаваным старонкам гісторыі нашай краіны. Толькі за апошнія пяць гадоў выдадзена каля дзясятка такіх зборнікаў, у тым ліку сумесных з расійскімі калегамі. Зараз актыўна вядзецца кансультацыйная і метадычная работа па дапамозе пракуратуры ў расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Вучоны сакратар Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Валерый Надтачаеў упэўнены: «Чалавек, які чытае такія зборнікі, у праве сказаць: «Я ведаю праўду». Там няма папулізму, ёсць скрупулёзная навуковая работа. Сабраныя матэрыялы дазваляюць сфарміраваць аб'ектыўную карціну».
«Важна было паказаць тое, што адбывалася, не толькі праз прызму савецкіх дакументаў, але і дакументы ваенных злачынцаў, арганізацый, якія здзяйснялі палітыку генацыду на акупаванай тэрыторыі. Шырока прадстаўлены дакументы нямецкіх карных падраздзяленняў, падраздзяленняў Вермахта, — паведаміў Вячаслаў Селяменеў. — Вельмі многія злачынствы на тэрыторыі нашай і іншых рэспублік, краін Еўропы здзейснілі ваеннаслужачыя Вермахта. У нашым распараджэнні аказалася новая каштоўная крыніца. У 2001 годзе з Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі нам перадалі 2897 крымінальных спраў на замежных ваеннапалонных, якіх судзілі ў тым ліку і за ваенныя злачынствы ў пасляваенны перыяд. З гэтых спраў шмат матэрыялаў прадстаўлена ў нашых зборніках. Самі ваенныя злачынцы распавядаюць пра тое, што чынілі на нашых землях. Калі мы прыводзім уласныя дакументы, часта заходнія гісторыкі не асабліва звяртаюць на іх увагу. Калі ж гавораць самі тыя, хто здзяйсняў злачынствы, ужо не адкруцішся».
Безумоўна, зборнікі будуць дапамагаць вяртаць імёны ахвяр і злачынцаў. У кнігі ўключаны савецкія дакументы, акты, якія складаліся па выніках даследаванняў месцаў забойстваў. Напрыклад, партызаны складалі акты, дзе пазначалі тых, хто быў забіты. Што датычыцца імёнаў злачынцаў, то іх падкажуць, у тым ліку і пратаколы допытаў карнікаў, якія маюцца ў беларускіх архівах. Натуральна, немагчыма было ўставіць у зборнік усе імёны ахвяр і катаў — туды ўключаны толькі самыя значныя дакументы.
У выніку атрымалася важнае абагульняльнае выданне, якое паказвае ў цэлым нацысцкі генацыд на тэрыторыі Беларусі. Падобнага, бадай, ні ў савецкі, ні ў постсавецкі час яшчэ не выходзіла.
Зборнікі змяшчаюць фатаграфіі, якія дадзены Беларускім архівам кінафотафонадакументаў. Для ўсіх беларускіх выданняў было адабрана каля 200 ілюстрацый.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/bez-terminu-daunasci
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-arhiu-belarusi