Менавіта так успрымаюць рэалізацыю найбуйнейшага ў рамках Саюзнай дзяржавы энергетычнага праекта — будаўніцтва БелАЭС — мясцовыя жыхары і ўлады. Генеральны падрадчык праекта Дзяржкарпарацыя «Расатам» бярэ актыўны ўдзел не толькі ва ўзвядзенні станцыі, але і ва ўсіх сферах жыцця горада, раёна і Гродзенскай вобласці.
Так, рэалізоўваюцца новыя адукацыйныя праграмы ў садках і школах, створаны «атамны» клас. Летась «Расатам» падарыў Астраўцу ПЛР-лабараторыю, дзякуючы чаму вынікі тэстаў на COVІD-19 можна атрымаць праз некалькі гадзін, а сёлета — зладзіў свята з нагоды дня нараджэння горада.
— Цяперашні Астравец — квітнеючы, утульны і камфортны горад. Спецыялісты-атамшчыкі і іх сем'і — аснова насельніцтва. Услед за імі ў Астравец пацягнуліся ўрачы, настаўнікі, будаўнікі, прадаўцы, медыкі, — падкрэсліў значнасць будаўніцтва БелАЭС для развіцця горада старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар ШАЛУДЗІН. — Пры гэтым горад не проста прырастае насельніцтвам, але і комплексна развіваецца. Будуюцца і мадэрнізуюцца жылыя кварталы, сацыяльныя і культурныя аб'екты, стадыёны і спарткомплексы. Каб паміж імі было зручна перамяшчацца, пракладзены дзясяткі кіламетраў дарог. З'явіліся новыя крамы, кафэ, актыўна развіваецца турыстычная індустрыя.
За час работы над стварэннем атамнай станцыі ў Астраўцы з'явілася каля 2,5 тысячы рабочых месцаў. Тутэйшая новая бальніца стала шматфункцыянальным міжрэгіянальным медцэнтрам, у якім ёсць аддзяленні прамянёвай дыягностыкі з камп'ютарным і магнітна-рэзанансным тамографамі, рэнтгенаэндаваскулярнай хірургіі і кардыялогіі. Пабудаваны тры новыя мікрараёны з больш як чатырма тысячамі кватэр агульнай плошчай 315 тысяч м2.
— Актыўны ўдзел у паляпшэнні якасці жыцця рэгіёнаў — адзін з галоўных прынцыпаў нашай дзейнасці, — расказаў Віктар БРЫЧ, намеснік дырэктара па агульных пытаннях прадстаўніцтва АТ «АБЭ» ў Беларусі. — Удзельнікі будаўніцтва БелАЭС лічаць Астравец сваім домам, і гэта найбольш яскравае пацвярджэнне сяброўскіх адносін з мясцовымі жыхарамі і ўладамі. Удзел атамшчыкаў у гарадскіх святах стаў традыцыяй, а нашы навукова-забаўляльныя праграмы карыстаюцца папулярнасцю ў малечы і дарослых.
За гады работы над будаўніцтвам БелАЭС з дапамогай расійскай атамнай кампаніі ў рэгіёне рэалізавана 136 праектаў сацыяльнай накіраванасці.
Ірына СІДАРОК
Фота дадзена Дзяржкарпарацыяй «Расатам»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/astravec
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaes-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/rasatam-0