Да Дня беларускага пісьменства засталося ўсяго некалькі дзён. Ужо 4 верасня Капыль прыме шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў з розных куточкаў Беларусі. Спіс запланаваных мерапрыемстваў вялікі, таму даволі складана абраць найбольш цікавыя. Падчас фінальнай прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да свята, спікеры ўсё расклалі па паліцах і распавялі аб асноўных кірунках фестывалю. Акрамя гэтага, удзельнікі прыадчынілі заслону таямніцы: наступны, XXІX Дзень пісьменства пройдзе ў Добрушы.
— У ходзе падрыхтоўкі да свята Капыль значна абнавіўся, — адзначыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў. — Горад стаў больш камфортным, зручным і прыгожым. Аб’екты раённага цэнтра прыведзены ў сучасны, цывілізаваны стан.
Удзельнікі мерапрыемства распавялі, што спецыяльна да фестывалю горад упрыгожылі тэматычнымі 3D-мураламі, прысвечанымі таленавітым ураджэнцам Капыля. Малюнкі адмыслова размясцілі на будынку пошты, каб сыгралі ўсе візуальныя эфекты.
Па словах Уладзіміра Пярцова, у Дня беларускага пісьменства ёсць некалькі канцэпцый, якія і сфарміравалі агульнае аблічча фестывалю.
— Асноўны, стрыжневы кірунак свята — гэта, вядома ж, Год народнага адзінства. Таксама будуць гучаць і такія тэмы, як гісторыка-культурная спадчына Капыля, 80-годдзе з пачатку Вялікай Айчыннай вайны і юбілеі класікаў беларускай літаратуры — Івана Шамякіна, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы.
Сёлета Дзень беларускага пісьменства атрымаецца сапраўды інтэрактыўным. Удзельнікі прэс-канферэнцыі распавялі адразу аб некалькіх лічбавых функцыях, якія будуць задзейнічаны падчас мерапрыемстваў. Па-першае, гэта QR-коды, размешчаныя на афішах фестывалю:
— Праз выкарыстанне лічбавых пляцовак мы імкнёмся прыцягнуць увагу моладзі да беларускай літаратуры. QR-коды будуць адсылаць карыстальнікаў да інфармацыі аб пісьменніках. Акрамя гэтага, упершыню пройдзе інтэрактыўны пешаходны QR-квэст «Капыльскі рог», падчас якога ўдзельнікі павінны будуць вырашыць лагічныя задачкі, — заінтрыгаваў міністр інфармацыі.
Другая, не менш цікавая інтэрактыўная опцыя, — мабільны дадатак для праслухоўвання аудыякніг «Чытанка». На дадзены момант «Чытанка» ўжо працуе, даступная для спампоўвання і налічвае больш за 60 кніг беларускіх аўтараў. Лічбавыя магчымасці будуць выкарыстоўвацца і падчас мерапрыемстваў. Так, адкрыццё фестывалю пройдзе пад канцэпцыяй «Спевы дубраў»: на ўсталяваныя ЖК-экраны спраецыруюць прыродныя помнікі беларускай культуры. Экраны ўсталююць па перыметру залы, каб як мага найлепш паглыбіць удзельнікаў у «лясную» атмасферу.
— Закрыццё фестывалю таксама пройдзе ў фармаце, які выходзіць за межы простага канцэрта, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — Упершыню нас чакае арыгінальная падача: сімбіёз саўндтрэкаў з фільмаў, якія былі зняты па творах беларускіх аўтараў. Запланавана, што тэлеэфір свята выйдзе ў той жа дзень.
Спікеры праанансавалі асноўныя і мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства.
Міжнародны круглы стол «Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора» ўпершыню пройдзе за межамі цэнтра свята. Сустрэча з экспертамі і аналітыкамі адбудзецца 3 верасня ў Мінску, такое рашэнне было прынята арганізатарамі з-за шэрагу прычын. Першая і асноўная — вялікі ажыятаж. У гэтым годзе шмат краін выказалі жаданне прыняць удзел у круглым стале.
Плануецца, што акрамя беларускіх удзельнікаў, мы ўбачым прадстаўнікоў Расіі, Германіі, Украіны, Казахстана, Балгарыі, Малдовы, Літвы. І гэта далёка не канчатковы спіс. Каб забяспечыць стабільнае анлайн-падключэнне, сустрэча пройдзе ў канферэнц-зале Палаца Рэспублікі. Кожны ахвотны зможа паглядзець трансляцыю праз YouTube.
Навукова-практычная канферэнцыя «Капыльскія чытанні» адбудзецца 4 верасня. Як адзначыў Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, гэта традыцыйнае мерапрыемства, якое ладзіцца з першых дзён правядзення свята:
— Сёлета ўся тэматыка канферэнцыі будзе звязана з Годам народнага адзінства. Удзел возьмуць вядучыя вучоныя нашай краіны, у першую чаргу прадстаўнікі акадэмічных інстытутаў. Адметна, што ў нашай канферэнцыі вынікамі сваіх навуковых даследаванняў падзеляцца пісьменнікі і творчая інтэлігенцыя раёна. Канферэнцыя будзе мець некалькі блокаў: гістарчны, мовазнаўчы, літаратуразнаўчы. Акрамя гэтага, падчас «Капыльскіх чытанняў» адбудзецца прэзентацыя 23-томнага выдання твораў Івана Шамякіна.
Ячшэ адно знакавае мерапрыемства — Нацыянальная літаратурная прэмія. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца падчас урачыстага адкрыцця фестывалю. Уручаць прэмію будуць адразу ў шасці намінацыях: «Проза», «Паэзія», «Публіцыстыка», «Крытыка», «Дэбют» і «Лепшы твор» для дзяцей і юнацтва.
Нельга забывацца і аб сустрэчах з пісьменнікамі. Падчас свята адбудзецца творчы вечар старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца. Таксама будуць ладзіцца прэзентацыі і аўтограф-сесіі з Сяргеем Трахімёнкам, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Вячаславам Бандарэнкам.
Ігар Бузоўскі адзначыў, што на Дні беларускага пісьменства з вялікімі зніжкамі будуць прадавацца кнігі дзяржаўных выдавецтваў. Гэта было зроблена для папулярызацыі друкаваных версій.
Капыль сардэчна запрашае гасцей і гатовы іх сустракаць!
Арына КАРПОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aryna-karpovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-belaruskaga-pismenstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/kapyl-0