Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў Мінску прайшоў міжнародны круглы стол «Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора». У дыскусіі, якая часткова праходзіла ў рэжыме онлайн, прынялі ўдзел пісьменнікі, публіцысты, крытыкі, журналісты і навукоўцы з 15 краін як з постсавецкай прасторы, так і з еўрапейскіх краін (Францыі, Германіі, Сербіі, Польшчы).
Вучоны-культуролаг, акадэмік РАН, рэктар Санкт-Пецярбургскага гуманітарнага ўніверсітэта прафсаюзаў Аляксандр ЗАПЯСОЦКІ канстатаваў наяўнасць значных праблем ва ўзаемаадносінах культур Захаду і славянскіх народаў.
«На вялікі жаль, наша супрацоўніцтва з Захадам будзе згортвацца. Захад пачынае ўваходзіць у гуманітарную катастрофу па прычыне крызісу мадэлі цывілізацыі. Навукоўцы добра разумеюць, што заходняя мадэль цывілізацыі перастала быць узорам. Увесь астатні свет пачынае адварочвацца ад гэтай мадэлі і шукаць нейкія новыя альтэрнатыўныя варыянты развіцця», — адзначыў навуковец.
Па словах Запясоцкага, культура Захаду губляе рысы гуманізму. Гуманітарыі Расіі і Беларусі будуць працягваць імкнуцца наладзіць адносіны з калегамі, але ажыццявіць гэта будзе цяжка ў сувязі з палітычнай кан'юнктурай на Захадзе.
«На нашых вачах адзіная гуманітарная прастора спыняе сваё існаванне. Дакладней, яе скасоўваюць. Адбываецца гэта ў сувязі з палітычнымі рашэннямі элітаў практычна ўсіх краін калектыўнага Захаду. Яны ўсведамляюць, што шляхам распаўсюджвання культуры, літаратуры мы можам наладжваць рэальныя чалавечыя зносіны, і стане немагчыма палохаць той жа Расіяй, ды і Беларуссю тых палякаў, якія знаёмыя з класічнай і сучаснай расейскай літаратурай», — заявіў польскі палітолаг і пісьменнік Матэуш ПІСКОРСКІ.
Польскі ўдзельнік круглага стала ў гэтай сувязі выказаў надзею на поспехі грамадскай дыпламатыі.
«Сёння стала зразумела, што тая мадэль, у якой мы жылі трыццаць гадоў, а Захад — значна даўжэй, скончылася. Пад яе была выбудованая сістэма адукацыі, сацыяльных паводзінаў. Пакаленні (а на Захадзе — цэлых тры), якія не ведаюць нічога, акрамя ліберальнага свету, сутыкнуцца з тым, што ён памірае», — адзначыў расійскі грамадскі дзеяч і публіцыст Міхаіл ХАЗІН.
Паводле яго слоў, настаў час вяртацца да літаратуры XIX стагоддзя, якая тлумачыла чалавеку, як жыць і ставіцца да свету.
Расійскі журналіст Уладзімір МАМАНТАЎ, у сваю чаргу, адзначыў, што адзіная гуманітарная прастора братэрскіх народаў існуе і здольна змясціць многія з'явы.
«Калі англічанам ці еўрапейцам не патрэбныя еўрапейскія каштоўнасці, трэба іх у іх арандаваць і захаваць у сябе. Калі яны не бачаць сэнсу ў філасофскіх і гуманітарных дасягненнях — давайце мы іх забярэм! Але не ўсе, а некаторыя», — прапанаваў Мамантаў.
Анатоль СЛАНЕЎСКІ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/anatol-slaneuski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/krugly-stol
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-belaruskaga-pismenstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-zapyasocki
[6] https://zviazda.by/be/tags/mateush-piskorski
[7] https://zviazda.by/be/tags/mihail-hazin
[8] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-mamantau