У школьныя гады ён захапляўся танцамі і выступаў у магілёўскім харэаграфічным ансамблі «Радасць». У старшых класах пераключыўся на тайландскі бокс і пажарна-выратавальны спорт. Паступіў у Камандна-інжынерны інстытут МНС, дзе захапіўся навукай. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, выкладаў, займаў пасаду начальніка аддзела даследаванняў у галіне ліквідацыі надзвычайных сітуацый Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС. Пры гэтым спорт не закінуў. А на апошнім з'ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі быў абраны першым сакратаром Цэнтральнага камітэта. Знаёмцеся: у гасцях у «Чырвонкі. Чырвонай змены» новы лідар самага буйнога маладзёжнага аб'яднання краіны — Аляксандр ЛУК'ЯНАЎ.
— Аляксандр, для многіх стаў нечаканасцю такі паварот у вашым жыцці і службовай карьеры. Кадравы афіцэр МНС пагадзіўся зняць пагоны і ўзначаліць грамадскую арганізацыю, прычым у вельмі няпросты перыяд як для нашай краіны, так і для арганізацыі...
— Прызнаюся, што ў школьныя гады грамадская работа мяне не вельмі цікавіла, а вось калі я стаў курсанатам, у маім жыцці з'явіўся рэспубліканскі праект «100 ідэй для Беларусі», якому абавязаны вельмі многім.
Спачатку я быў, так бы мовіць, побач з гэтым праектам: наша «пярвічка» БРСМ дапамагала ў яго арганізацыі. І новае асяроддзе, дзе сустракаюцца прадстаўнікі самых розных сфер са сваімі ідэямі і знаходкамі, мяне моцна зачапіла. Я падумаў: а чаму мы толькі дапамагаем? Прапанаваў сябрам заявіць свой праект — інавацыйны вогнеахоўны састаў для тканін, які не дазваляе агню распаўсюджвацца і можа зменшыць колькасць пажараў. Для курсантаў, што знаходзяцца ў даволі абмежаваным коле кантактаў, гэты быў выдатны спосаб прарэкламаваць сваю навуку. Прычым на ўзроўні, які нам і не сніўся. У фінале з нашым праектам знаёміліся першыя асобы ў кіраўніцтве дзяржавы і Нацыянальнай акадэміі навук. Мае настаўнікі, старыя сябры і знаёмыя сталі казаць пры сустрэчы: «А мы бачылі цябе па тэлебачанні» ці «Мы пра цябе чыталі»...
Дарэчы, у фінале наш праект стаў пераможцам у намінацыі «Хімія і нафтахімія». Калі дактары навук, акадэмікі, якія ўзначальваюць навуковыя школы, даюць такую высокую ацэнку тваёй рабоце, гэта акрыляе. А далей жыццё завіравала (усміхаецца. — Аўт.) — сталі паступаць запрашэнні на іншыя конкурсы і мерапрыемствы. Мы ўзялі ўдзел у ІV Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў Маскве, прэзентавалі сваю распрацоўку ў Шанхаі, Пекіне, Алматы, а таксама на Сусветным фестывалі моладзі ў Сочы, дзе з ёй азнаёміўся наш зямляк, расійскі касманаўт, Герой Расіі Алег Навіцкі. Ён, дарэчы, адзначыў яе актуальнасць для касмічных палётаў. І пасля конкурсу я ўжо не адыходзіў ад Саюза моладзі ні на крок. А калі ў 2018 годзе абараняў сваю кандыдацкую па тэме «Вогнетрываласць поліэфірных матэрыялаў», асобнай пазіцыяй была адзначана перамога ў рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі».
У тым жа 2018 годзе мне прапанавалі прадстаўляць БРСМ у Маладзёжнай палаце пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі. Атрымаў дабро ад кіраўніцтва інстытута, бо гэта была дадатковая грамадская нагрузка на мяне. Стаў першым намеснікам старшыні палаты, а праз год яе ўзначаліў. Парламенцкі рух — вельмі цікавы і карысны досвед. Мы ініцыіравалі міжнародны праект «Лічбавая зорка», які актыўна падтрымалі грамадскія аб'яднанні і мясцовыя ўлады дзвюх краін. Яго ідэя заключалася ў стварэнні карты памятных мясцін, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, і алічбаваннем звестак пра помнікі і воінскія мемарыялы на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Сумесна з маладымі гісторыкамі, валанцёрамі, клубамі рэканструктараў вядзецца пошук інфармацыі пра падзеі, жыццё і подзвігі герояў, памяць пра якіх увасоблена ў камені.
А выбранне на з'ездзе мяне, афіцэра МНС, на ролю першага сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ лічу вялікім авансам даверу. Прызнаюся, што маё жыццё падзялілася на «да» і «пасля». Такая падтрымка, выказаная на з'ездзе, да многага абавязвае... Хачу запэўніць, што, з'яўляючыся афіцэрам, я служыў Беларусі і цяпер буду служыць, хоць і без пагонаў. У гэтым сэнсе для мяне нічога не змянілася.
— На з'ездзе вы сказалі, што мінулы год быў няпросты, ён узрушыў літаральна кожнага, прымусіў паглядзець навокал і ўбачыць, хто ідзе побач — сябар і паплечнік ці здраднік. Мяркую, што стаць сёння маладзёжным лідарам — вялікая адказнасць. Вы не баіцеся цяжкасцяў і расчаравання ў людзях?
— Мы жывём у пераломны час, калі прэваліруюць двайныя стандарты, калі ідзе беспрэцэдэнтны ціск на нас і на нашы каштоўнасці. Рыхтуюцца змяненні ў Асноўны Закон — Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Я ніколі не скрываў, што падтрымліваю і кіраўніка дзяржавы, і дзяржаўны курс. А мінулы год стаў лакмусавай паперкай для майго акружэння. Хтосьці паддаўся эмацыянальнай хвалі, не разабраўся, не праверыў факты... Мне і маёй сям'і пачалі паступаць пагрозы, а ў мяне расце маленькая дачка. Асабліва негатыў адчуваўся ў сацыяльных сетках, таму я быў вымушаны абмежаваць кантакты з некаторымі людзьмі. Затое цяпер у маім акружэнні з'явілася нашмат больш тых, з кім цікава і карысна. У іх ёсць крытычная ацэнка таго, што адбываецца ў Беларусі, і яны разумеюць, што сваю пазіцыю трэба даносіць у канструктыўным ключы: на дыялогавых пляцоўках, падчас прыёму грамадзян. А калі чалавек пад чужым уплывам выходзіць на вуліцу і не разумее, які сцяг нясе над галавой, калі ён не змог аб'ектыўна разабрацца ў сітуацыі і атрымлівае інфармацыю толькі са свайго тэлефона, то, напэўна, лепш з ім разысціся.
— Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка ў сваім выступленні на з'ездзе канстатаваў, што застаюцца праблемы з пошукам лідараў і стварэннем надзейнага кадравага рэзерву як для маладзёжнага аб'яднання, так і з перспектывай для органаў дзяржаўнай улады і кіравання. А якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен вызначацца маладзёжны лідар?
— Адна з ключавых якасцяў — гэта справядлівасць у адносінах да сваіх аднакласнікаў, аднакурснікаў, калег, уменне знайсці агульную мову з усімі, у тым ліку і з тымі, хто, можа быць, не падзяляе тваю пазіцыю, шчырасць у фарміраванні пасылаў, пастаноўцы мэт, захаванне жыццёвых прынцыпаў і каштоўнасцяў. Бо калі чалавек дэкларуе адно, але ўчынкі словам не адпавядаюць, то пра які давер да яго можа весціся гаворка? Вядома, лідар павінен быць прыкладам ва ўсім: мець добрую фізічную форму, быць добрым сем'янінам. Варта згадаць і пра дзелавыя якасці, бо прыслухоўваюцца толькі да прафесіяналаў. А калі казаць пра лідара маладзёжнай арганізацыі, то ён павінен быць голасам тых, каго прадстаўляе, і прасоўваць інтарэсы моладзі на ўсіх узроўнях.
— 44 з'езд БРСМ прайшоў пад дэвізам «Адзінства моладзі — сіла Беларусі». Як вы мяркуеце, ці зможа арганізацыя, якую вы ўзначалілі, зацікавіць сваімі праектамі і акцыямі ўсю беларускую моладзь? Як увогуле зразумець, што для яе актуальнае ў дадзены момант?
— Прызнаюся, што першыя тыдні пасля майго выбрання былі надзвычай насычаныя. І свой першы рабочы дзень на новай пасадзе я правёў у палях. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі не першы год ладзіць праект «Моладзь — за ўраджай!» Лічу, што нашым хлебаробам, якія пры любых умовах надвор'я працуюць дзеля ўмацавання харчовай бяспекі, важна бачыць, што яны не адны ў полі — іх падтрымлівае ўся краіна. Упэўнены, што такая ўвага ўмацоўвае і матывуе на далейшую добрасумленную працу. Да таго ж гэта і спосаб пачуць, а што ж адбываецца па-за нашымі гарадскімі кабінетамі. Што хвалюе людзей, якія працуюць на зямлі?
На абласным маладзёжным турзлёце ў Дзятлаўскім раёне, дзе сабралася каля 400 актывістаў БРСМ (працоўная і навучэнская моладзь), проста на паляне адбылася вельмі цікавая «сустрэча без гальштукаў», у якой узялі ўдзел і губернатар, і памочнік Прэзідэнта па Гродзенскай вобласці. Менавіта ў такой нязмушанай атмасферы ёсць магчымасць закрануць вострыя тэмы і пачуць адзін аднаго.
Любое рашэнне павінна прымацца, абапіраючыся на сацыялогію. Але я кажу пра сацыялогію не ў класічным уяўленні. Рэгулярныя сустрэчы з калектывамі (працоўнымі, навучэнскімі) — таксама сацыялогія. Дарэчы, на з'ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі дэлегаты прынялі стратэгію развіцця арганізацыі да 2025 года. У яе аснову ляглі прапановы і ідэі маладых людзей, выказаныя менавіта на дыскусійных пляцоўках.
Саюз моладзі заўсёды дэманструе адкрытасць, ініцыятыўнасць і крэатыўнасць, а патэнцыял у нас вялізны. Кажуць, што некаторых маладых людзей адштурхоўваюць пэўныя назвы: «сакратар райкама ці абкама», «бюро», «цэнтральны камітэт», што трэба шукаць нейкія больш сучасныя фармулёўкі. Дадзенае пытанне цяпер абмяркоўваецца. Але, з іншага боку, мы зусім нядаўна адзначылі стагоддзе камсамола, а адна з задач Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі — захаванне пераемнасці з арганізацыяй, адкуль ідуць нашы карані. Дык ці маем мы права адмаўляцца ад мінулага? Сутнасць дзейнасці БРСМ павінна заставацца ранейшай, а вось форма і напаўненне — быць іншымі, больш сучаснымі, калі мы імкнёмся пашырыць уплыў нашай арганізацыі. Але я лічу, што працаваць трэба найперш не на колькасць, а на якасць.
— У БРСМ хапае брэндавых праектаў: «100 ідэй для Беларусі», «Уладар вёскі» , «Студэнт года», «Каралева Вясна». Але з цягам часу інтарэс нават да самых папулярных праектаў можа згасаць. Вы ўлічваеце такую пагрозу? Можа, трэба прапаноўваць штосьці новае, каб заставацца ў трэндзе?
— Новыя выклікі часу патрабуюць ад нас быць больш сучаснымі і мабільнымі. Асабліва калі мы хочам выбудаваць работу не толькі з членамі Саюза моладзі, але і з несаюзнай моладдзю. Шостага верасня мы адзначылі 19-годдзе нашай арганізацыі: па ўсёй краіне прайшлі адкрытыя дыялогі, спартыўныя турніры, акцыі, флэшмобы, фотачэленджы, анлайн-квіз. Для прыкладу, у Гродзенскім медуніверсітэце адбыўся адкрыты дыялог на тэму «Адзінства моладзі — сіла Беларусі», у Бабруйску — дыялогавая пляцоўка «Ад 100 ідэй да 1000 традыцый».
І ў гэты дзень стартаваў новы рэспубліканскі праект «БРСМ: сіла ў камандзе». Мы імкнёмся актывізаваць і зрабіць больш бачнай работу нашых «пярвічак». Сёння важна не толькі распавядаць пра дзейнасць Саюза моладзі, але і запрашаць маладых людзей паспрабаваць свае сілы ў валанцёрскім, маладзёжным праваахоўным, студатрадаўскім рухах, у інавацыйнай дзейнасці, у творчасці. Нам важна выяўляць маладзёжных лідараў яшчэ ў школе, фарміраваць так званы кадравы рэзерв з наступнай прафесійнай падрыхтоўкай.
Прапануем нашым пярвічным арганізацыям гучна заявіць пра сябе! Сярод конкурсных выпрабаванняў, напрыклад, — «Візітоўка «пярвічкі» БРСМ афлайн», дзе ад нашых актывістаў патрабуецца расказаць аб дзейнасці, дасягненнях, цікавых формах і метадах работы з моладдзю ў творчай форме. А ў конкурсе «БРСМ: новае пакаленне» ўдзельнікі маладзёжнай каманды прэзентуюць праект для моладзі, накіраваны на развіццё і падтрымку маладзёжных ініцыятыў (пажадана апрабаваны і рэалізаваны на практыцы). Пройдуць раённыя, абласныя і рэспубліканскі этапы.
— У Беларусі вельмі шмат робіцца для захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну, але ж патрыятычнае выхаванне не зусім правільна зводзіць толькі да ваенна-патрыятычнага. Патрыятызм уключае ў сябе яшчэ і вывучэнне нацыянальнай культуры, літаратуры, гісторыі, павагу да роднай мовы... Размаўляць на беларускай мове сёння вельмі модна сярод моладзі. Ці ўлічваеце вы гэты трэнд і ці плануе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі папулярызаваць родную мову сярод членаў арганізацыі?
— Цалкам з вамі згодны. Летась мы адзначалі 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёлета не маглі абысці ўвагай такую важную і сумную дату, як 80-годдзе з яе пачатку. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну, нашы каласальныя людскія страты — гэта падмурак дзяржаўнай ідэалогіі, але было б няправільна канцэнтравацца толькі на адным кірунку. Патрыятызм уключае і вывучэнне гісторыі ідэнтычнасці беларускага народа. Я лічу, што патрыятызм увогуле пачынаецца з сям'і. Ці ведаеш ты гісторыю свайго роду і таго месца, дзе нарадзіўся? Многія цяпер пераязджаюць з горада ў горад, з краіны ў краіну. Мы маем справу з сусветнай глабалізацыяй, але ж нельга забывацца і пра сваю малую радзіму. Калі валанцёры нашай арганізацыі займаюцца добраўпарадкаваннем пахаванняў, аднаўленнем святынь Беларусі, дапамагаюць у рэканструкцыі праваслаўных храмаў і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі, ці ж гэта не праява патрыятызму?
Дадам, што ў дзень нараджэння БРСМ мы запусцілі яшчэ адзін маштабны рэспубліканскі патрыятычны праект «Ведай Беларусь», прысвечаны Году народнага адзінства. Ён накіраваны на павышэнне ўзроўню ведаў у галіне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання, геаграфіі і гісторыі Беларусі. У верасні-кастрычніку пройдзе серыя анлайн-квізаў «Ведай Беларусь», турнір па зборы пазлаў «Ведай Беларусь», адкрыты чэмпіянат сярод байцоў студэнцкіх атрадаў і рэспубліканскі чэмпіянат па хуткаснай зборцы спілс-карт Рэспублікі Беларусь. Заўважу, што для перамогі адных ведаў будзе недастаткова — патрабуецца яшчэ і ўменне працаваць у камандзе, бо, напрыклад, для збору спілс-карты даецца ўсяго 25 хвілін.
Што датычыцца пашырэння выкарыстання беларускай мовы, то ў нас рэалізоўваюцца такія праекты на роднай мове, як «Уладар вёскі», «Крыніца натхнення». Традыцыйным стаў Дзень вышыванкі. Але мы бачым, што нашы апаненты перахапілі парадак дня і выкарыстоўваюць сёння беларускую мову ў палітычных мэтах, а гэта няправільна. Павага да беларускай мовы і свабоднае валоданне ёй — таксама важны элемент патрыятызму і нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму будзем думаць, што мы можам зрабіць.
— Адзін з новых кірункаў стратэгіі развіцця БРСМ — прававое выхаванне моладзі. Як плануеце яго рэалізоўваць?
— Уключэнне гэтага кірунку ў дакумент было абумоўлена часам і становішчам, у якім мы жывём. Той жа інтэрнэт стаў не толькі пляцоўкай для камунікацыі і абмену кантэнтам, а яшчэ і зонай адказнасці. Многія маладыя людзі, пакідаючы каментарый або размяшчаючы публікацыю ў сацыяльных сетках, не задумваюцца аб прававых наступствах сваіх дзеянняў. Але няведанне не вызваляе ад адказнасці і пакарання. Таму наш абавязак — перасцерагчы падрастаючае пакаленне ад неабдуманых учынкаў, расказаць, што, паддаўшыся маніпуляцыям, можна перакрэсліць сваю будучыню, спрыяць фарміраванню адказнага грамадзяніна.
Для дасягнення пастаўленых мэт Саюз моладзі плануе праводзіць навучальныя і інфармацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ўзроўню прававой адукаванасці і прававой культуры моладзі. Прадумваем рэалізацыю такога праекта, як мадэльная заканатворчасць, каб даць студэнтам і школьнікам магчымасць паспрабаваць свае сілы ў стварэнні заканадаўчых актаў, далучаць іх да публічных абмеркаванняў, даць магчымасць выказаць сваё меркаванне па той ці іншай тэматыцы. Напрыклад, агучыць маладзёжнае бачанне Закона аб экалогіі. Самых ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат запросім у Палату прадстаўнікоў. Няхай яны там пакамунікуюць з маладзёжным дэпутацкім крылом: не варта забываць, што ў парламенце ў нас шэсць прадстаўнікоў БРСМ і адзін — у Савеце Рэспублікі. І іх досвед будзе вельмі карысны.
— Я — умоўны малады чалавек, у якога нарадзілася выдатная ідэя. Але я не з'яўляюся членам БРСМ. Вы гатовыя мяне выслухаць і падтрымаць?
— Мае дзверы для ўсіх адчыненыя. Больш за тое, нам востра неабходная зваротная сувязь ад моладзі. Не мы ў цэнтральным апараце павінны генерыраваць ідэі. Наша задача — іх дапрацоўваць і маштабіраваць.
— Дзякуй, Аляксандр, за гутарку і поспехаў вам у рабоце.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота БРСМ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[5] https://zviazda.by/be/tags/sayuz-moladzi
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-lukyanau
[7] https://zviazda.by/be/tags/praekt-100-idey-dlya-belarusi
[8] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-patryyatychny-praekt-veday-belarus
[9] https://zviazda.by/be/tags/praekt-brsm-sila-u-kamandze
[10] https://zviazda.by/be/tags/praekt-moladz-za-uradzhay
[11] https://zviazda.by/be/tags/pravavoe-vyhavanne-moladzi
[12] https://zviazda.by/be/tags/strategiya-razviccya-brsm