Сёння, а 16-й гадзіне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыецца выстаўка «5+5+5», прымеркаваная да 15-годдзя з часу адкрыцця Музея кнігі.
У межах юбілейнай выстаўкі будуць прадстаўлены: 5 рукапісаў, 5 старадрукаваных і 5 рэдкіх выданняў — 15 сапраўдных рарытэтаў з фондаў бібліятэкі, якія выключна рэдка пакідаюць фондасховішча. Працаваць выстаўка будзе да 24 кастрычніка 2021 года.
— Адкрыццю выстаўкі будзе папярэднічаць «круглы стол» «Музей кнігі. 15 гадоў», — расказвае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вядомы даследчык беларускай кніжнай культуры Алесь СУША. — Падчас мерапрыемства плануецца абмеркаванне ролі Музея кнігі ў папулярызацыі беларускай кніжнай культуры, вывучэнне праблем і інавацыйных падыходаў, дыскусія аб перпсектывах і кірунках далейшай дзейнасці. Да ўдзелу запрошаны супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, навуковых і адукацыйных устаноў, даследчыкі. Сёння падчас урачыстасцяў мы абвесцім і конкурс «Музей кнігі — мой музей!», да ўдзелу ў якім запрашаем дзяцей і падлеткаў ад 6 да 16 гадоў. Конкурсныя працы будзем чакаць да 17 кастрычніка. Умовы конкурсу будуць выкладзены і на партале бібліятэкі.
З юбілейных урачыстасцяў — і выстаўка па выніках конкурса «Малады беларускі экслібрыс».
Мікола БЕРЛЕЖ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/anons
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzey-knigi
[5] https://zviazda.by/be/tags/ales-susha
[6] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka-belarusi
[7] https://zviazda.by/be/tags/ekslibrys
[8] https://zviazda.by/be/tags/vystauka-555