Апошнім часам да «Беларусьфільма» было шмат пытанняў. То не працаваў сайт галоўнай і адзінай кінастудыі ў краіне, то шэраг скандалаў з размеркаваннем фінансавых сродкаў. З-за гэтага настрой супрацоўнікаў ды ўвогуле ўсіх неабыякавых да кіно быў, мякка кажучы, не вельмі. Але цяпер быццам бы ў «Беларусьфільма» адкрылася другое дыханне: ідзе работа над агучваннем фільмаў, арганізоўваецца «Лістапад» і, што самае галоўнае для кожнай кінастудыі, ствараюцца стужкі. Вось і зараз тут працуюць над новым праектам, які здымае айчынны рэжысёр-пастаноўшчык Іван Паўлаў. Мы завіталі на адну са здымачных пляцовак, каб паглядзець, што там адбываецца.
Працоўная назва будучага 8-серыйнага фільма — «Полымя пад попелам». Галоўныя героі стужкі — размінёры (менавіта такая прафесія). Падзеі разгортваюцца адразу ў дзвюх часавых прасторах: у наш час і ў 1945 годзе. Зразумела, што і здымкі праходзяць у розных лакацыях. Такім чынам, здымачная група працуе на прыродзе, каля Смалявіч. Але творчы працэс праходзіць і ў адной з мінскіх кватэр. Раскрыем невялікі сакрэт: тая самая кватэра знаходзіцца ў вельмі незвычайным па форме, але знаёмым для многіх мінчан доме. Часцей за ўсё яго называюць «долар».
У кватэры ўстаноўлены камеры, мікрафоны і лямпы. Яны выглядаюць іншаземцамі ў невялікіх, светлых пакоях. Быццам абсталяванне для кіно неспадзявана выгнала жыхароў кватэры, а тыя нават не паспелі сабраць свае рэчы. Плюшавае кацяня, чорна-белы фотаздымак сямейнай пары і паштоўка з ружамі, на якой напісана «Матулі». Ці гэта кватэра кагосьці са здымачнай групы, ці яе арандавалі не ведаем. Але хай застанецца лёгкае пачуццё недагаворанасці.
Здымаюць сцэну, дзе Святлана, жонка галоўнага героя, размаўляе з яго дзядулем Мікалаем Пятровічам. Дарэчы, ролю дзядулі іграе народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак. Мікалай Пятровіч хоча, каб яго ўнук спыніў кар'еру размінёра, знайшоў менш рызыкоўную працу. Пасля кожнага дубля рэжысёр падыходзіць да акцёраў і размаўляе з імі. Карэкціруе дэталі, хваліць за ўдалыя моманты, успамінае прыклады з жыцця, каб акцёрам было прасцей трапіць у вобраз:
— Мне патрэбен мост у 1945 год, — звяртаецца да Аляксандра Ткачонка Паўлаў. — А гэты мост я магу атрымаць толькі праз ваш погляд «у нікуды».
Падчас здымак гэтай сцэны Алеся Самаховец (актрыса выконвае ролю Святланы), павінна есці тварог. Эпізод здымаюць ужо пяты раз запар, і Паўлаў жартаўліва кажа, што Алеся наесца гэтага тварагу на некалькі гадоў наперад.
— Нічога страшнага. У мяне ёсць звычка: я ўжо сямнаццаць гадоў з'ядаю на сняданак пачку тварагу. Вельмі яго люблю, — адказвае Алеся.
Для мяне як для чалавека «з вуліцы» здымачны працэс падаўся зусім незразумелым. Здавалася б, ну што там складанага: рэжысёр працуе з акцёрамі, аператар адказвае за карцінку, яшчэ патрэбен чалавек, які кантралюе гук. І ў прынцыпе гэтага дастаткова. Усё астатняе дадасца па ходзе справы. Але насамрэч здымкі — гэта шмат адначасовых падзей, дзе ўсё распісана. Нават калі рэжысёр пытаецца, колькі хвілін патрэбна камандзе на перастаноўку рэквізіту, тыя павінны даць дакладны адказ. Зразумела і тое, што падчас працы акцёраў у кадры ўсе астатнія заціхаюць і амаль не падаюць пабочных гукаў. У кожнага са здымачнай каманды ёсць рацыя — дзеля таго, каб забяспечыць імгненную сувязь.
— Гэты праект запусцілі ў вытворчасць даўно, — распавядае Іван Паўлаў. — Мы доўга працавалі над сцэнарыем. Тэма маладых людзей, якія ў 1945 годзе размініравалі Мінск пасля вайны, мякка кажучы, не вельмі шырока вядома грамадству. Мы знайшлі звесткі, што пад сцягам «Осоавиахим» (Заўв. — Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву СССР), які ў 1947-м стаў ДТСААФ, моладзі прапаноўвалі стаць размінёрамі. Менавіта такое слова: «размінёры». Яны не былі сапёрамі, якія і мініруюць, і размініруюць. У разбураным Мінску засталося шмат боепрыпасаў, якія не разарваліся, іх належала тэрмінова абясшкодзіць. І аб тых 16-гадовых хлопцах і дзяўчатах, якія гэта рабілі, мы захацелі распавесці. У эпізодах сучаснасці мы расказваем аб рабоце супрацьміннага цэнтра, які знаходзіцца ў нас пад Мінскам. За адзін тыдзень дастаюць па 200-300 неабясшкоджаных боепрыпасаў. Я нават даведаўся, што сама зямля за год выштурхоўвае прадметы на адзін сантыметр. Мы проста гэтага не бачым: кожны дзень ездзім на работу, ходзім у крамы, а людзі рызыкуюць пастаянна — што 80 гадоў таму, што сёлета. А вы паглядзіце: знасілі стары ВДНГ — знайшлі неабясшкоджаную бомбу. У раёне Аэрадромнай, калі будавалі новы раён, знайшлі дзве авіябомбы. Гэта рэха вайны, якое цягнецца праз час.
Рэжысёр адзначыў, што ў будучым фільме знойдзецца месца і каханню:
— Вядома ж, на фоне ваеннай тэматыкі ў нас будуць разгортвацца і чалавечыя ўзаемаадносіны. Увогуле, у сусветнай драматургіі існуе 36 сюжэтаў, больш выдумаць ніхто не зможа. Таму ў нас ёсць і пра каханне, і пра здраду, і пра ўчынкі.
Рабіць высновы пакуль рана — праект зроблены толькі напалову. Але з таго, что мы паспелі ўбачыць і пачуць, падаецца, што нас чакае стужка сацыяльнага накірунку. Прыемна, што ў фільме ёсць сувязь менавіта з беларускай рэчаіснасцю. Асабліва такой, якая не ляжыць на паверхні. Спадзяёмся, што Іван Паўлаў пакажа ваенную тэму з новага ракурсу.
Арына КАРПОВІЧ
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aryna-karpovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarusfilm-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/polymya-pad-popelam
[6] https://zviazda.by/be/tags/seryyal