У канцы жніўня пайшоў з жыцця Алесь Разанаў. Творчасць аднаго з галоўных майстроў філасофскай лірыкі застаецца актуальная заўсёды. Спадчына яго яшчэ не асэнсавана, і асэнсоўваць яе мы будзем доўга. Імпульсіўная паэзія, неардынарная думка Алеся Разанава рвала, ламала ланцугі і рамкі традыцыі, звыклага, прадказальнага. Кожная з кніг выклікала дыскусіі. Яшчэ нядаўна яго можна было сустрэць на сталічных вулках, перакінуцца словам, пачуць шэдэўральны экспромт з той ці іншай нагоды, трапіць на аўтограф-сесію… Да ўвагі чытачоў — адно з апошніх інтэрв’ю з творцам, ідэя якога нарадзілася пад уплывам сустрэчы ў кніжнай краме.
— Алесь Сцяпанавіч, што для вас паэзія?
— На сённяшні час ніхто з паэтаў яшчэ да канца не прачытаны. Заўсёды ёсць нейкі глыбейшы сэнс. На тое і паэзія. Яна не ўкладаецца проста ў нейкую такую схему, у нейкі адзіны ракурс. Паэзія заўсёды выходзіць за пэўныя межы — разумення, логікі. Зараз я падрыхтаваў кніжку, якая будзе ў хуткім часе выдавацца. Гэта мой такі рэдкі, рарытэтны, пакінуты жанр, які называецца квантэмы. Квантэмы — немагчымыя вершы. Іх граматыка — алхімія, логіка — здагадка. Яны дастаюць з патаемных пластоў быцця зместы, якія не выяўляюцца, але ёсць заўсёды. У гэтых квантэмах такое і выяўлена. У астатніх жанрах — не так відавочна, але ўласцівасць паэзіі — яна сапраўды цягне некуды туды, у глыбіню.
— Якую мэту вы ставілі перад сабой, калі адкрывалі новыя жанры?
— Мэты не ставіў. Вершы праступалі знутры. Яны хацелі выявіцца. А калі яны хацелі выявіцца, я ім спрыяў. Гэта творчасць. Творчасць, таму што нешта стукаецца. Ну што стукаецца?.. Нехта ў дзверы стукаецца… А вы адчыняеце іх ці не? Прынамсі падыходзіце да дзвярэй і цікавіцеся: а хто там стукае? А потым захочаце і ўбачыць, хто там стукае. Або як птушаня, якое, калі прабіваецца са шкарлупіны, таксама стукае. Вось гэты стук знутры я адчуў. Я адгукаўся і дапамагаў гэтым самым птушанятам-вершам выйсці ў свет.
— Так, але незвычайныя жанры вершаў для беларускай літаратуры…
— Так, бо наша літаратура апрабаваная. У нас паэзія — гэта ямб, харэй... Але паэзія — штосьці невыказнае. Паэзія невымоўная, невядомая. Вось апошняя мая кніжка «Невядомая велічыня» так і называецца. Менавіта адтуль яна ўзнікае.
— Алесь Сцяпанавіч, скажыце, якія краявіды малой радзімы паўстаюць перад вамі сёння?
— Краявіды… Усё паўстае. Усё ў розных ракурсах. Калі мы з нейкай мясцінай зродненыя, здружаныя, бачым яе ва ўсіх ракурсах. І з захаду, і з усходу, і з поўначы, і зімою, і ўлетку — усё ў розных праявах. Гэтыя праявы спалучаны з людзьмі, з іх лёсамі, з сустрэчамі. Калі паўстаюць, то паўстаюць, а калі не паўстаюць, то прысутнічаюць. Часам, калі быў у доўгіх ад’ездах: Германія, Аўстрыя, Швейцарыя — там якраз успамінамі наплывалі, як настальгія, вось гэтыя малюнкі Айчыны. Айчына — змест, перажытае.
— Як прасочваецца ў вашай творчасці генетыка?
— Бацька быў не дужа пісьменны, але да паэзіі ў яго быў слых, здольнасць. Ён паказваў мне свае вершы. Верш Ясеніна я ў яго прачытаў упершыню. Яшчэ ён сам складаў вершы. Ён перажыў два канцлагеры: Заксенхаўзен і Маўтхаўзен. Зведаў… Таму і пісаў свае ўспаміны-вершы. А матуля — медык. Калі расказвала нешта, калі апавядала пра сваё жыццё, заўсёды ўцягвала. У яе прысутнічала нейкая рытміка. І вось атмасфера паўплывала, як бы адгукалася. Але ўнутраная работа, засяроджанне, увага, канцэнтрацыя, жаданне павінны адбывацца. Дапамагае генетыка ў тым выпадку, калі невыпадкова. Калі нейкая папярэдняя ўнутраная работа адбылася, адбываецца, калі ўкладаешся, калі працуеш…
— Ваш вялікі здабытак — творы на філасофскую тэматыку...
— Філасофія растворана ва ўсёй рэчаіснасці. Гэта не толькі тое, што пісалі папярэднія філосафы. У штодзённай рэчаіснасці, калі мы пільна, уважліва засяроджваемся, аддаём гэтаму ўвагу, пачынаюць паўставаць зместы. Асаблівыя зместы, мудрыя зместы. Жыццё поўнае мудрасці. Гэтая мудрасць пражываецца людзьмі, хто б яны ні былі. У звычайных людзей, я лічу, мудрасці не менш, чым у найвыдатнейшых філосафаў. Толькі адны не выклалі на паперу, а філосафы выклалі. Унутры, у чалавечым сэрцы, уся мудрасць заключана.
— Аналізуючы вашы зборнікі, мала знайшла вершаў, прысвечаных каханню. Што значыць для вас гэтае пачуццё?
— Вы малайцы, вы шукалі. Ёсць у мяне пункцір:
На заінелым трамвайным акне
Хтось напісаў «кахаю»,
Усе пазіраюць на свет
Праз гэтыя словы.
Каханне для мяне… Яно растворанае. Яно прысутнічае ва ўсім. Каханне тады набывае нейкі ўзор і вартасць, калі яно сумяшчаецца, супадае з такой з’явай, якая называецца любоў. Каханне — гэта калі блізка. Любоў — гэта калі прысутнічае ўся рэчаіснасць. У мяне гэтыя паняцці спалучаныя. Любоў, ведаеце, яна ўсё ўбірае ў сябе. Мы яшчэ, безумоўна, недастаткова любім, недастаткова здзяйсняемся самі. Калі будзем любіць дастаткова, тады і будзем здзяйсняцца самі.
— Дзякуй за цікавую размову.
Запісала Аляксандра КУЖЭЛЬНАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/ales-razanau
[4] https://zviazda.by/be/tags/paeziya
[5] https://zviazda.by/be/tags/razmova