Мяне заўсёды цікавілі моцныя асобы. А такімі здаваліся людзі, якія насуперак абставінам ішлі да мэты, заставаліся вернымі тым ідэям, якія абралі сэнсам жыцця. У гэту кагорту без перабольшвання можна аднесці і выхадца з Заходняй Беларусі Сяргея Прытыцкага. Яго жыццё было цесна звязана з Гродзенскім рэгіёнам. У Гродне і цяпер захаваўся дом, у якім Сяргей Восіпавіч жыў пасля вайны, калі працаваў тут першым сакратаром абласнога камітэта КПБ. Знаходзіцца будынак на вуліцы 17 Верасня. Можна без перабольшвання сказаць, што ён сам набліжаў гэту дату, якая вызначыла лёс будучых пакаленняў.
Для сучаснікаў Сяргей Прытыцкі — постаць-легенда. Але для родных ён у першую чаргу блізкі і дарагі чалавек, клапатлівы і добразычлівы. Менавіта такім памятае яго і Наталля Улейчык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі ГрДУ імя Я. Купалы. Яе бабуля — родная сястра Сяргея Восіпавіча. Менавіта з ёй тады яшчэ падлетак Наталля прыехала ў Мінск летам 1971 года, каб разам са сваім знакамітым сваяком адправіцца на экскурсію ў Хатынь. Яны збіраліся туды зранку і чакалі машыну ад Сяргея Восіпавіча.
— Мы ўвесь дзень правялі на яго службовай дачы з унукам і яго сям'ёй. А на другі дзень павінны былі ехаць у Хатынь. Але з раніцы нам патэлефанавалі, што Сяргей Восіпавіч трапіў у бальніцу. Мы паехалі туды, я доўга сядзела ў машыне, нарэшце выйшлі бабуля і яе сястра Іраіда. Са слязамі на вачах яны паведамілі, што Сяргей Восіпавіч памёр, — вяртаецца ў мінулае Наталля Леанідаўна.
Сёлета споўнілася роўна 50 гадоў з дня яго смерці. Самому Прытыцкаму было на той момант толькі 58. А віной усяму была куля, якая сядзела ў целе 35 гадоў. Яна і выклікала анеўрызму аорты. Куля стала трагічным напамінам аб перастрэлцы, што адбылася ў віленскім судзе падчас працэсу.
Гэта была вельмі гучная справа, якая атрымала шырокі міжнародны рэзананс. 1936 год. У Заходняй Беларусі адна за другой правальваюцца яўкі, ідзе хваля арыштаў членаў КПЗБ і камсамольцаў. Супраць іх на судзе дае паказанні правакатар Якаў Стральчук. Мясцовая ячэйка прымае рашэнне яго ліквідаваць у зале суда. Гэта місія даручаецца 23-гадоваму Сяргею Прытыцкаму.
— Вядома, ён рызыкаваў сваім жыццём, — расказвае Наталля Улейчык. — Бо не разлічваў страляць у іншых — яго мэтай быў толькі правакатар. Ён выстраліў у яго з двух пісталетаў, але сам атрымаў чатыры кулі ад жандармаў і не дабег да дзвярэй пару крокаў. Доўгі час знаходзіўся літаральна на краю жыцця. Польскія ўлады двойчы прыгаварылі яго да смяротнага пакарання. Але міжнародная грамадскасць выступіла супраць, пачаліся пратэсты, і смяротнае пакаранне адмянілі.
Дзіўна, як коратка можна перадаць такі напружаны і эмацыянальна складаны перыяд жыцця маладога члена КПЗБ. А, між тым, для яго гэты ўчынак быў даволі складаны. Пра яго напіша ў біяграфічным выданні яго сястра — прафесар, доктар гістарычных навук Іраіда Царук. Аказалася, што Сяргей спазніўся тады на суд, а наступнае слуханне павінна было адбыцца праз два дні. «Значыць, лёс падарыў мне яшчэ два дні жыцця. Два дні — усяго два дні. Але гэта нямала. Цэлых два дні!» — так казаў ён потым сваёй сястры. Увесь дзень хадзіў па горадзе з пісталетам у кішэні і адчуваў асалоду ад усяго: ад паветра, вады, неба і людзей вакол яго. Але Сяргей ведаў, што заданне будзе нялёгкім, і на ўдачу пакідаў толькі 1 %. І той не спраўдзіўся. Усе яго сябры на волі лічылі, што ён загінуў. А калі разляцелася вестка, што выжыў, было ясна, што яму пагражае смяротнае пакаранне. У кнізе Іраіды Царук падрабязна апісаны судовы працэс над Сяргеем Прытыцкім.
Яго бацька прадаў карову, каб прыехаць у Вільню. Ён не верыў, што ў яго сына такое кароткае жыццё — усяго 23 гады. Сяргей правёў у камеры смертнікаў 185 дзён і начэй, кожны світанак успрымаў як апошні. А ў гэты час адвакаты падалі дакументы на апеляцыю ў Вярхоўны суд. Яму замянілі смяротнае пакаранне на пажыццёвае заключэнне і перавезлі ў гродзенскую турму. Тут яго наведалі родныя, у тым ліку маці. Не ведаючы, як дапамагчы сыну, яна гатова была аддаць яму сваю кроў: вельмі худым і слабым выглядаў яе сын. Гэта была іх апошняя сустрэча, праз некалькі тыдняў яе не стала. Дарэчы, польскія ўлады неаднаразова прапаноўвалі ёй адмовіцца ад сына, каб яна яго публічна асудзіла. Вядома, нічога з гэтага не атрымалася.
Пра гэтага чалавека напісана нямала дакументальных успамінаў, ёсць і аўтабіяграфічныя. Некалькі кніг выпушчана яго сястрой Іраідай Царук. Мне давялося пазнаёміцца з выданнем пад яе аўтарствам «Ад роднага парога», якое выйшла невялікім тыражом, усяго ў 100 экзэмпляраў, у Выдавецкім цэнтры БДУ. Гэта біяграфія не толькі самога Сяргея Прытыцкага, але і ўсёй яго сям'і, члены якой былі цесна звязаны з вызваленчым рухам Заходняй Беларусі.
Першая сусветная вайна вымусіла сям'ю пакінуць родныя мясціны пад Беластокам (Цяпер горад у Польшчы) і адправіцца ў далёкую расійскую глыбінку. З дванаццаці дзяцей Прытыцкіх выжылі толькі шасцёра. Але і вяртанне дамоў не прынесла палёгкі — былы дом сям'і згарэў, прыйшлося зноў пачынаць жыццё з нуля.
У Заходняй Беларусі на фоне забастовак і пратэстаў у 1930-я гады шырокай хваляй ідуць рэпрэсіі. Уся тэрыторыя пакрытая густой сеткай пастарункаў — паліцэйскіх участкаў. Кожны, хто выклікае падазрэнне, затрымліваецца. Да вызваленчага руху далучаецца напачатку старэйшы брат Аляксандр, а потым і Сяргей. Сястра Люба ў 1934 годзе была сакратаром мясцовай ячэйкі камсамола, пазней — сакратаром Крынкавіцкага райкама. У гэты ж час Аляксандр узначальвае Гродзенскі, а потым Слонімскі акружны камітэт партыі. Пазней гэтыя пасады займае Сяргей.
Вядома, барацьба вялася падпольна. Нават бацькі не ведалі, чым займаецца іх сын. А самі актывісты называлі адзін аднаго па мянушках. Сяргей зваўся Юркам, потым — Аркашам. А падчас вучобы ў школе КПЗБ у Мінску, куды быў накіраваны малады Прытыцкі ў 1934 годзе, яго ведалі як Янку. Вось як аб ім тады пісаў выкладчык школы, будучы вядомы пісьменнік Міхась Лынькоў: «Янка быў высокі, з мяккімі рысамі твару, задумлівым позіркам шэрых вачэй. Таварышы адносіліся да яго з пэўнай павагай, як да чалавека, які меў вопыт рэвалюцыйнай барацьбы, чалавека, чые якасці хоць і не кідаюцца ў вочы, але прыцягваюць увагу людзей, збліжаюць іх, мабілізуюць у адным кірунку іх думкі і пачуцці». Дарэчы, у самога Міхася Лынькова, аўтара «Міколкі-паравоза», таксама было іншае прозвішча, у партшколе яго ведалі пад псеўданімам Владэк Бельскі.
Дарэчы, менавіта пасля вяртання з Мінска ў 1935 годзе Прытыцкі даведваецца аб правале і арыштах у Варшаве, Гродна, Слоніме, Вільні. А крыху больш чым праз паўгода прагучалі тыя да дзёрзкасці смелыя стрэлы ў Віленскім судзе. Праўда, здраднік выжыў, бо быў у бронекамізэльцы, а вось Прытыцкаму давялося вытрымаць нямала катаванняў і здзекаў. За агароджу Равіцкай турмы ён выйшаў толькі праз некалькі гадоў. Гэта адбылося каля польска-нямецкай граніцы якраз на пачатку верасня 1939 года, калі немцы напалі на Польшчу. Некалькі тыдняў дабіраўся да Беластока.
Пасля выхаду з турмы ён даслаў вестку сваім родным, што вядзе актыўную работу па падрыхтоўцы Народнага сходу — прысутнічае на мітынгах, сустрэчах з рабочымі, былымі палітвязнямі, прадстаўнікамі з БССР.
...Наталля Леанідаўна раскладвае сямейныя фотаздымкі, фота афіцыйных сустрэч і падзей. На адным з іх — Сяргей Прытыцкі ў прэзідыуме Народнага сходу ў Беластоку 28 кастрычніка 1939 года. Праз некалькі дзён ён адправіўся ў Маскву, каб перадаць у Вярхоўны Савет СССР рашэнні сходу, у прыватнасці «Аб уваходзе Заходняй Беларусі ў склад СССР». На сесіі ў Маскве ён выступіў са зваротам аб важнасці і неабходнасці аб'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. Гэта адбылося 2 лістапада 1939 года.
— Для мяне, нават як для гісторыка, вельмі складана займаць староннюю пазіцыю. Для нашай сям'і гэта не проста гісторыя ў звыклым сэнсе слова, а падзеі, якія праходзілі непасрэдна ў жыцці маіх родных і блізкіх, падзеі, пра якія можна выказацца і ў якасці сведкі, і саўдзельніка. На старонках газеты «Вольная праца» Беластоцкага абкама партыі ў 1940 годзе быў змешчаны артыкул пра маю бабулю, якая была вылучана ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Але былі і складанасці, звязаныя з роспускам Камуністычнай партыі Польшчы і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Многім былым удзельнікам вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі прыходзілася даказваць, што яны не агенты розных разведак і не правакатары, — заўважае суразмоўца.
Сталінскія рэпрэсіі не абышлі бокам і Прытыцкіх. Брата Аляксандра, аднаго з актыўных дзеячаў і кіраўнікоў КПЗБ, падчас пераходу граніцы ў савецкую Беларусь у 1934 годзе арыштавалі як польскага шпіёна і адправілі ў ГУЛАГ. Пазней Сяргей Прытыцкі дабіўся, каб яго вызвалілі. Аляксандр вярнуўся ў 1940 годзе ў родную вёску, але загінуў падчас нямецкай акупацыі. У гады вайны Сяргей знаходзіцца ў распараджэнні Цэнтральнага штаба партызанскага руху Беларусі, узначальвае Польскі штаб партызанскага руху. Гэта — яшчэ адна забытая і малавядомая старонка ваеннай гісторыі. У 1948 годзе пачынаецца гродзенскі перыяд жыцця. Яго накіроўваюць у рэгіён на самую адказную пасаду — другім, а пасля і першым сакратаром абкама партыі. У сваёй кнізе сястра Іраіда ўспамінае, што гэта быў няпросты час у жыцці брата. Прытыцкага абвінавацілі ў нізкіх тэмпах калектывізацыі і імкнуліся аб'явіць польскім шпіёнам. Хаця менавіта польскія ўлады прыгаварылі яго да смяротнага пакарання. Каб засцерагчы яго ад арышту, было вырашана перавесці на работу ў апарат ЦК КПБ. Кажуць, што за яго заступіўся сам Сталін.
На пачатку 1960-х гадоў Сяргей Прытыцкі абраны першым сакратаром Мінскага абкама партыі, затым — намеснікам старшыні Савета Міністраў, старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
— Нават падлеткавым узросце я ведала, што Сяргей Восіпавіч займае высокую пасаду. Але ён не адмаўляўся ад сваякоў. Заўсёды заходзіў у госці, калі бываў у Гродне па службовых справах. Аднойчы зрабіў мне памятны падарунак — прывёз набор дзіцячай мэблі, стол, крэселкі. За гэтым сталом доўгі час я гуляла, — згадвае сваё дзяцінства Наталля Улейчык.
Нашчадкі Сяргея Прытыцкага, і ў першую чаргу малодшая дачка Тамара, якая жыве ў Мінску, беражліва захоўваюць яго памяць. Яны збіраюць матэрыял пра яго дзейнасць, успаміны, дакументы. Некалькі альбомаў з фотаздымкамі Наталля Леанідаўна прынесла падчас нашай сустрэчы. Гартаючы іх, я натрапіла на газетную выразку 1970-х гадоў, дзе апублікавана распараджэнне ўрада аб устанаўленні помніка Сяргею Прытыцкаму ў Гродне. Але помнік так і не з'явіўся. Няма нават мемарыяльнай дошкі на доме, у якім жыў Сяргей Восіпавіч у Гродне. А, між тым, гэты чалавек узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна і двума ордэнамі Чырвонага Сцяга.
У Мінску ёсць вуліца імя Сяргея Прытыцкага, на ёй і на доме, дзе жыў вядомы дзяржаўны дзеяч, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Пра яго зняты мастацкі фільм «Чырвонае лісце». Наталля Леанідаўна, з якой мы гутарым у адной з аўдыторый Гродзенскага ўніверсітэта, напрыканцы сустрэчы паведаміла, што яе запрасілі выступіць у школе—гімназіі ў Вялікай Бераставіцы, якая носіць імя Сяргея Прытыцкага. У такія моманты яна, вядома, расказвае аб гістарычных падзеях Заходняй Беларусі 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя, поўных драматызму, горкіх страт і вялікіх надзей. І, вядома, аб уласным стаўленні да роднага для яе чалавека, сапраўднага беларуса, які з юнацкіх гадоў змагаўся за аб'яднанне сваёй краіны. І ніколі гэтаму не здрадзіў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-prytycki
[5] https://zviazda.by/be/tags/natallya-uleychyk
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzen-narodnaga-adzinstva